- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Чэхіі ва ўзросце 75 гадоў памёр пісьменнік і першы прэзідэнт краіны пасля выхаду з-пад савецкага кантролю, самы знаны чэх Вацлаў Гавел. Па словах прэзідэнта ЗША Барака Абамы, Гавел “дапамог адкрыць шлюзы гісторыі, і паток, што вызваліўся, прывёў да стварэння дэмакратычнай Еўропы”. Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі адрэагаваў на вестку аб смерці Гавела словамі аб тым, што “Францыя згубіла сябра, а Еўропа згубіла аднаго з сваіх мудрэйшых мужоў”. Канцлер Германіі Ангела Меркель назвала Вацлава Гавела “вялікім еўрапейцам”. Як паведаміла чэшскае тэлебачанне, Гавел памёр ад ускладненняў цяжкай і працяглай хваробы. Яго сакратар паведаміла, што Гавел памёр ува сне. У апошнія дні яго жыцця з ім была яго жонка Дагмара і некалькі манахінь. Пастаянныя хваробы дыхальных шляхоў у Гавела пачаліся яшчэ ў турме. У 1990-я гады ў ходзе аперацыі па выдаленні ракавай пухліны яму выдалілі частку лёгкага. Гавел быў прэзідэнтам Чэхаславакіі пасля “аксамітнай рэвалюцыі” 1989 года. Пры ім у 1993 годзе краіна мірна падзялілася на Чэхію і Славакію, а сам Гавел яшчэ 10 гадоў займаў пасаду прэзідэнта Чэхіі.