- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Страцім-лебедзь беларускай паэзіі. Геній нацыянальнай літаратуры. Беларускі Ікар. Наш крывіцкі Ясон. Наш біблейскі Ісая. Прарок беларускага Адраджэння. Паэт з крынічнай душою. Самы малады беларускі класік. Паэт, Богам дадзены нам, як выкупленне за ўсе нашыя мінулыя і будучыя грахі. Усім гэтым для нас, беларусаў, вось ужо 120 гадоў з'яўляецца Максім Багдановіч. Значэнне яго асобы ў гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальнай гісторыі ўвогуле яшчэ як след не ацэненае, бо Багдановіч па словах Рыгора Барадуліна быў дадзены беларусам «навырост». I чым больш мінае часу, «чым болей сходзіць дзён начэй, тым імя мілае вышэй...». Тым бліжэй, тым даражэй нам сам Паэт Магчыма, у гэтым і ёсць загадка Максіма Багдановіча. На Багдановіча як на творцу нельга глядзець звычайнымі вачыма. Яго варта разглядаць у «вечным вымярэнні» як мастака агульначалавечага маштабу Менавіта ён, Максім Багдановіч, здалеў узняць беларускую паэзію да касмічных вышыняў і пашырыў яе геаграфічныя межы да сусветных абсягаў Ствараючы за крок ад крыку сваё паэтычнае Евангелле, ён авалодаў незвычайным майстэрствам абагаўляць словы, укладваць у іх першаісны біблейскі сэнс.