- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У СКЛАДАНЫ для Беларусі час, калі паўсюль разгортваліся рэвалюцыйна-сацыяльныя перамены і нацыянальна-інтэрнацыянальныя планы-дзеі вырашаліся хутка і тэмпераментна, Янка Купала напісаў верш «Спадчына». Ён стаў праграмным і для самога паэта, і для яго равеснікаў, і для ўсёй беларускай літаратуры і ўспрымаецца як роздум паэта над гісторыяй і будучым лёсам роднай зямлі і як яго зварот-заклік да суайчыннікаў зберагчы самае святое ў іх жыцці — родны край. «Ад прадзедаў спакон вякоў / Нам засталася спадчына», — гаворыць паэт на пачатку верша. А на заканчэнне вытлумачвае яе сутнасць: «Завецца ж спадчына мая / Ўсяго Старонкай Роднаю». І выказвае прачула, працяжна, нараспеў, з глыбокім пачуццём (пісьмова гэтыя словы пішуцца ў разрадку і з вялікай літары). А паміж гэтымі выказваннямі падаюцца малюнкі беларускіх краявідаў.