- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прадстаўнікі нацыянальных меншасцей на сустрэчы з парламентарыямі сеймавай Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей, якая адбылася 19 мая ў Гайнаўцы, звярталі ўвагу на свае праблемы і незаконныя дзеянні самаўрадаў і дзяржаўных структур у адносінах да нацыянальных меншасцей. Двухдзённая пабыўка камісіі на Беласточчыне была названа інспекцыяй. Паслы пабывалі ў Крушынянах і Беластоку, наведалі Супрасльскі манастыр, а ў Гайнаўцы пабывалі ў Свята-Троіцкім саборы, Музеі і асяродку беларускай культуры і Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. У гайнаўскім магістраце першым з прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей выступіў старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа, які звярнуў увагу на малую верагоднасць сёлетняга перапісу насельніцтва. Выдатная большасць людзей у час перапісу не маюць магчымасці адказаць на пытанні ў пашыраным варыянце, а толькі там знаходзіцца пытанне пра веравызнанне. З-за метадалогіі лічэння складана будзе таксама вызначыць колькасць нацыянальных меншасцей.