- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Летась у “агурковую Меку” — у самыя Альшаны — прыбыў на сваім “гелікоптары” сам Лукашэнка. Відаць, наспела, бо ў самай вялікай беларускай вёсцы Альшаны амаль 80% жыхароў... беспрацоўныя. Але — во дзіва! — жывуць лепш за цяперашніх “калгаснікаў” — такая, разумееш, загагуліна... Канечне, дзіва, канечне, трэба ва ўсім разабрацца: выслухаць тутэйшы народ, скіраваць энергію мас у правільным кірунку і ўсё такое. Памагчы, да прыкладу, мясцовым фермерам, розным іншым землеўласнікам. Першай асобе стала вядома, бачыце, што мясцовых таваравытворцаў крыўдзяць... расійскія аптавікі. На тую сустрэчу дужа спадзяваліся не толькі фермеры, але і зусім дробны люд, тыя, хто займаецца вырошчваннем агародніны на прысядзібных участках ды розных “цяплічных выселках”. З таго і жывуць месцічы... Агуркамі, капустай, памідорамі тут займаліся яшчэ пры камуністычных Саветах, дармо што была забарона на продаж уласнай прадукцыі. А як рэжым ляснуўся, то палягчэла — усе адразу разбегліся з таго калгаса: хто (як браты Грыбы) пайшоў у фермеры, а хто “легалізаваў” сямейны агурковы бізнес... Прыватная ініцыятыва, прадпрымальнасць учарашніх калгаснікаў так папёрлі, што сюды пачалі з’язджацца на работу з іншых месцаў — з Жыткавічаў, Пінска, Століна, нават з Украіны... А “зялёная” прадукцыя альшанцаў-малешаўцаў запаланіла Маскву, Санкт-Пецярбург, Бранск, Мурманск і іншыя гарады.