- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
"БАЦЬКАЎШЧЫНА", згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Менску прадстаўнікамі творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10 - 11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) беларускіх зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, беларускіх арганізацый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб'яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб'яднання студэнтаў, тыднёвіка "Ніва", замежныя госці юбілею Ф. Ска-рыны. Ідэя стварэння "Бацькаўшчыны" падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (верасень 1990, Кліўленд). "Бацькаўшчына" вядзе рознабаковую дзейнасць: культурна-асветніцкую, гаспадарча-эканамічную, рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш. Асноўныя задачы: адраджэнне культуры і мовы, нацыянальнай свядомасці і традыцый беларускага народа, кансалідацыя і аб'яднанне беларусаў свету незалежна ад іх палітычных поглядаў, сацыяльнага і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам, духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захаванне і паглыбленне іх беларускасці.