- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Не выключана, што хутка ў Беларусі пачнуцца суды над удзельнікамі “масавых беспарадкаў” і “змоўшчыкамі”, што планавалі правесці 19 снежня 2010 г. “дзяржаўны пераварот”. Тут маё аўтарскае двукоссе мае двайную функцыю: як цытацыя дзяржаўных медыяў і як сродак іранічнай метафары. Для маладзейшых чытачоў патлумачу сэнс загалоўка: 27 лютага 1933 г. у Берліне загарэўся рэйхстаг, будынак германскага парламента. Пажар быў кваліфікаваны як падпал. На месцы злачынства быў схоплены грамадзянін Галандыі Марынус ван дэр Любэ, чалавек не вельмі адэкватны па стану здароўя, які паводле версіі нацыянал-сацыялістаў, быў звязаны з камуністычным рухам. Гэта дало нагоду нацыянал-сацыялістам абвінаваціць камуністаў у спробе гвалтоўнага захопу ўладных паўнамоцтваў, якія былі перададзены Гітлеру рэйхспрэзідэнтам Гіндэнбургам 30 студзеня 1933 г. Падпал рэйхстагу быў кваліфікаваны як сігнал для паўстання. На другі ж дзень пасля падпалу, 28 лютага, да ўсякага судовага разбіральніцтва Гітлер прымусіў Гіндэнбурга выдаць “Указ пра абарону народа і дзяржавы”, які фактычна скасоўваў усе грамадзянскія правы, закладзеныя ў Веймарскай Канстытуцыі. Пачаліся ператрусы, татальныя арышты камуністычных актывістаў, у тым ліку і дэпутатаў рэйхстагу, зачыняліся газеты нават сацыял-дэмакратычнай арыентацыі. Ван дэр Любэ быў асуджаны да смяротнага пакарання. Пазней гісторыкі бясспрэчна даказалі, што падпал быў арганізаваны нацыстамі, каб расправіцца з камуністамі перад выбарамі ў рэйхстаг.