- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чарговая маўклівая акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" адбывалася ва ўсіх раёнах сталіцы і рэгіёнах. Колькасць затрыманых цягам трох апошніх акцый у два разы перавысіла колькасць затрыманых падчас разгону акцыі пратэсту 19 снежня. Спіс наблізіўся да лічбы паўтары тысячы. Паляванне. На каго? 6 ліпеня ў міліцэйскія пастарункі трапілі 26 журналістаў. Адных кінулі ў міліцэйскія аўтазакі, другім не давалі працаваць. Каля Палаца спорту да натоўпу карэспандэнтаў яшчэ за гадзіну да пачатку акцыі наблізіліся невядомыя асобы, якія адразу сказалі: "Здымаць мы вам усё роўна не дадзім. Увогуле, не стварайце натоўп, а сыходзьце адсюль. Мы вас пакуль па-добраму просім". Але пакуль нас "прасілі па-добраму", дзецюкі ў цывільным пабудавалі ланцуг і паціху штурхалі карэспандэнтаў далей ад месца правядзення акцыі. "Чаму нам нельга тут знаходзіцца? Патлумачце". Мужчына ў цывільным, які, відаць, быў галоўным, сказаў: "Тут будуць зараз адбывацца вучэнні". "Якія яшчэ вучэнні?!" — просім тлумачэнняў. "А вось гэта сакрэтная інфармацыя", — пачулі ў адказ.