be

Карпюк Аляксей

Карпюк Аляксей

Аляксей Карпюк, нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча).

Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Памёр 14.07.1992 г.

У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990-1991 гг.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».

Карпюк Аляксей. Выданьні

Вершалінскі рай
pdf epub

Вершалінскі рай

Аповесць
Карпюк Аляксей

Маленькая вёска Грыбоўшчына на беларуска-польскім памежжы, на Сакольшчыне. На памежжы вёска апынулася пасля ўсталявання мяжы, а ў часы, апісваемыя аўтарам, гэта была зямля беларуская (Заходняя Беларусь), населеная, у асноўным, праваслаўнымі з невялікай дамешкай каталікоў. Жыў у вёсцы мужык – Альяш Клімовіч... Болей »

Данута
pdf epub mobi fb2

Данута

Аповесць
Карпюк Аляксей

Каласальная розніца ў выхаванні, зусім розныя слаі грамадства, далёкія адзін ад аднаго ў зацікаўленнях, звычаях, традыцыях, і Вялікае Каханне, якое аднаму нясе ганарлівасць, пыху і пагарду, другой – адданасць і пакуту. Вясковы хлопец, якому з дзяцінства далбілі пра злых каталікоў і нядобрых паноў, для... Болей »

Мая Гродзеншчына
pdf epub

Мая Гродзеншчына

Нарыс
Карпюк Аляксей

Гродзеншчына мае багатую і цікавую гісторыю. Сівыя каменні гродзенскіх вуліц памятаюць Пятра I. Тут капаў ён першыя рэдуты, сустракаючы Карла XII перад Палтаўскай бітвай. Гэта на Гродзеншчыне нарадзіўся і ў гродзенскіх лясах змагаўся ў 1863 годзе Валерый Врублеўскі, пазней генерал Парыжскай камуны, член... Болей »

Жыццё і творчасць Анатоля Іверса
pdf epub mobi fb2

Жыццё і творчасць Анатоля Іверса

Успаміны Згадкі Рэцэнзіі Прысвячэнні Пісьмы Фотаздымкі
Чыгрын Сяргей уклад.

Выданне прысвечана памяці Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско) (1912-1999), беларускага паэта, журналіста і публіцыста, удзельніка Другой сусветнай вайны. У кнізе праз успаміны сяброў, літаратараў, землякоў раскрываецца непаўторная і таленавітая асоба, цікавая творчая біяграфія аднаго з выдатных... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org