- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Так, гэта Карл Маркс. Той самы. Якога ўсе ведаюць… Але, мабыць, далёка не ўсе ведаюць, што яму было і 18, што ён быў малады, закаханы, а значыцца -- пісаў вершы, на што пазней ужо не ставала часу, а, можа, і натхнення на «этих глупостев»… А пакуль што перад намі ў сонме анёлаў, дэманаў, у блакітным звоне, сярод традыцыйных вобразаў найрэальнейшае – зямное каханне дваіх людзей і словы, якімі пра гэта каханне сказана, часам наіўныя, часам рамантычна-ўзнёслыя, а то і гулліва-жартоўныя, “эфірныя”… За вершамі стаіць шырокі і неабсяжны свет нямецкай паэзіі, у якім малады паэт адчувае сябе свабодна і абазнана. Мы чуем матывы нямецкіх народных баладных песняў, сатырычных шванкаў і фрывольных эпіграм. Чуем і з’едлівую мефістофелеўскую іронію, і багаборчыя прамэтэеўскія сарказмы вялікага “бязбожніка” Гётэ, рамантычныя парыванні, шылераўскае бунтарства і прагу подзвігу, які ў Гётэ быў пачаткам усяго сутнага (“спачатку подзвіг быў!”), -- а ў юнага Маркса прабіваецца рэвалюцыянізуючым пачаткамк ужо не Божай, а чалавечкай дзейнасці – “Не згінацца баязліва /І пакорліва ў ярме, /Бо ў жаданнях і парывах /Прага подзвігу жыве.” (Васіль Сёмуха)