- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэта я. Альбо нават, можа, мы. Калегі і я. Дзяржаўны аркестр. Другая Брамса -- гэта вам не абы што. У Другой нас было шасцёра. Сярэдні склад. А ўсяго нас восем. Часам згаджаюць яшчэ сяго-таго, да дзесяці. Аднаго разу нават было дванаццаць, гэта моц, каб вы ведалі, вялікая моц. Дванаццаць басэтляў, калі яны ўрэжуць, кажу тэарэтычна, вы не заглушыце іх цэлым аркестрам. Нават чыста фізічна. Тады астатнія могуць пакавацца. Без нас сапраўды нічога не склеіцца. У каго хоч спытайцеся. Кожны музыкант скажа вам і не заікнецца, што любы аркестр, калі трэба, можа абысціся без дырыжора, але толькі не без басэтлі. Сотні гадоў аркестры ігралі без дырыжора -- і як жа ігралі! А дырыжор, калі залезці ў гісторыю музыкі, -- гэта завядзёнка новага часу. Дзевятнаццатага стагоддзя. І я нават магу вам пабажыцца, што мы, у дзяржаўным аркестры, часам іграем, зусім не гледзячы на дырыжора. Альбо гледзячы паўз яго. Бывае, іграем аж так не зважаючы, што ён ужо і сам на гэта не зважае. Хай сабе махае рукамі там наперадзе, як яму хочацца, а мы граем, як хочацца нам. Вядома, не з ГМД -- гэта мы так называем нашага галоўнага музычнага дырэктара. А з дырыжорамі-гастралёрамі -- заўсёды, як хочам так і граем. Гэта наша самая таемная і векавітая асалода, абы з кім ёю не падзелішся, а з вамі... калі ж гэта я вам так, дзеля рацыі сказаўшы... (фрагмэнт)