- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цяжка нагружаны воз калываўся на каляінах, i малады зямянін Мікаш кожны раз клапатліва аглядаўся — ці не ссунуліся бочкі з аўсом, якія ён вёз на продаж у мястэчка. Дзякла ў гаспадарскі двор ён ужо адвёз, мезлева ж трэба было аплаціць грашыма. У гэтым годзе гаспадарскім людзям пашанцавала: не трэба было адвозіць дзякла да Вільні; хаця i плоцяць возчыку адвозавыя пенязі, i плоцяць за кожную мілю ад кожнай бочкі па паўтрэця пенязя, але летні час — гарачы, дзень год корміць. Нават у нядзелю на кірмаш яшчэ не ўлагодзішся — трэба дарабляць сені, ладзіць гумно для збожжа. Другі толькі год гаспадарыў Мікаш на арандаванай зямлі, a зрабіў нямала: на поддай, самай горшай у гаспадарскім маёнтку зямлі густа ўзышоў авёс, на сядзібе, дзе ляпіліся тры зямлянкі (гаспадары ўцяклі невядома куды ў пазалеташні галодны год), стаў новы зруб. На подлую зямлю Мікаш пайшоў не сваёй воляй. Аддзяліўся ён ад бацькі пасля жаніцьбы, а пра тую жаніцьбу гаварылі наўкол па ўсёй акрузе, бо ўзяў ён не з гаспадарскіх ці цяглавых людзей, нават не з чэлядзі дваровай, а з местачковых сабе жонку. Паводле ж права звычаёвага рамеснікаў, а пасля i Статуту літоўскага, дзеўка, «дзе б каторая без волі бацькавай i матчынай ішла замуж, такая адпадае ад пасагу i ад імеыня айчызнага i мацярынскага». Пасаг пасагам, але рабілася Гайна i гаспадарскаю, вялікакняжацкай маёмасцю — услед за мужам. (фрагмент)