- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чарняўскі Міхась (07.03.1938, в. Круці Вялейскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), адзін з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазыцыі, удзельнік клюбу вольнадумнай інтэлігэнцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973-1974. Ч. - археоляг, займаецца праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі. З 1966 працуе ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 - кандыдат гістарычных навук. У 1962 Ч. стаў адным з арганізатараў «Акадэмічнага асяродку» - клюбу пераважна супрацоўнікаў Акадэміі Навук БССР, якія бачылі сваё прызначэньне ў зборы і трансьляцыі інфармацыі аб беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай традыцыях. Сябры гуртка зьбіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспэдыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды інш.). Ч. і «Акадэмічны асяродак» у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяваньню кантактаў са студэнцтвам - распаўсюджаньню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягваньню ў сфэру сваёй дзейнасьці.
Наладжваліся кантакты таксама зь іншымі вольнадумнымі групамі ў Беларусі і за яе межамі. У Менску партнэрскія адносіны «Акадэмічнага асяродку» ўсталяваліся з аб'яднаньнем незалежных мастакоў «На Паддашку», а Ч. непасрэдна ўваходзіў у гэтае аб'яднаньне зь сярэдзіны 1960-х. Прыярытэтнымі былі адносіны з украінскімі патрыятычнымі коламі. Так, у 1964-1965 Ч. устанаўліваў кантакты з дэмакратычна настроенымі супрацоўнікамі ўкраінскай Акадэміі Навук, пераважна ў інстытуце мовазнаўства [1].
Маральным лідэрам «Акадэмічнага асяродку» быў беларускі літаратар Уладзімір Караткевіч. Ч. быў адным з арганізатараў акцыяў «Акадэмічнага асяродку», а таксама быў актыўным у падтрыманьні кантактаў з другімі аб'яднаньнямі вольнадумцаў. «Акадэмічны асяродак» займаў адметнае месца ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі таталітарнаму рэжыму, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на асьвеце і пэрсанальнай працы зь людзьмі. Ч. узгадвае: «...мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай... інтэлігенцыі, падрыхтаванай да якіх-небудзь дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі слабы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі губляць сілы на агульнадэмакратычныя задачы... Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе пасьля цяжкіх роздумаў і дыскусіяў было вырашана ўстрымацца ад публічных акцыяў пратэсту» [3]. Трэба адзначыць, што такая пазыцыя мела апанэнтаў у беларускім грамадзтве. Вядомая палеміка з удзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» Анатоля Сідарэвіча, які абвінаваціў сваіх калегаў па дэмакратычным лягеры ў «культурніцтве».
Калі ў 1972-1973 КГБ займалася разгромам патрыятычнага руху ва Ўкраіне, то пры ператрусах і на допытах былі выяўленыя сьляды сувязяў зь Беларусьсю - у рукох КГБ апынулася некалькі лістоў сябраў «Акадэмічнага асяродку» з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС, а таксама з выкладам плянаў каардынацыі супрацьдзеяньня гэтай палітыцы. КГБ непасрэдна занялося «Акадэмічным асяродкам» улетку 1973 - у Менску і ў другіх гарадах Беларусі пачаліся допыты. Разам на гэтыя допыты было выклікана каля сотні навукоўцаў, выкладчыкаў унівэрсытэтаў, студэнтаў. КГБ устанавіла, што Ч. быў прывезены з Украіны рукапіс кнігі Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя» дзеля яго пашырэньня ў Беларусі.
КГБ пачало раскручваць справу пра падпольную нацыяналістычную арганізацыю. Але тут умяшалася кіраўніцтва ЦК КПБ, якое было незацікаўленае ў пашырэньні інфармацыі пра справу - паводле партыйнай дактрыны, Беларусь была самай інтэрнацыянальнай рэспублікай СССР, дзе ўвогуле не магло існаваць якой-небудзь апазыцыі і якога-небудзь нацыяналізму. Акрамя таго, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў быў заняты павышэньнем свайго статусу ў Маскве, і яму не былі патрэбныя скандалы. Тут закручваецца своеасаблівая інтрыга паміж КГБ і ЦК КПБ. Мясцовае КГБ стала апэляваць непасрэдна да свайго кіраўніцтва ў Маскву. Каб разабрацца з гэтай справай, ЦК КПСС даслала эмісара. У выніку паміж уладамі быў дасягнуты пэўны кампраміс - судовы працэс ня будзе пачынацца, але актывісты «Акадэмічнага асяродку» павінны панесьці пакараньне, як мінімум, іх трэба звольніць з працы.
Узімку 1973-1974 пачалася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі ў сваіх лекцыях распавядалі пра раскрыцьцё нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавала адрыў Беларусі ад СССР і імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. За актывістамі «Акадэмічнага асяродку» было наладжанае пастаяннае сачэньне. Ч. узгадвае: «Назіральнікі не адыходзілі ні на крок, нават глядзелі, што жонкі падкантрольных набывалі ў крамах. Раптам зьяўляліся некаторыя даўнія і ўжо даўно забытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем прасякнуцца сутнасьцю справы і, вядома, дапамагчы. Да месца будзе заўважыць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі мінула, яны зноўку зьніклі з нашага поля зроку» [3].
Ч., а таксама Алесь Каўрус (Інстытут мовазнаўства), Віктар Лапуць (Інстытут геалёгіі), Сьцяпан Місько (Інстытут мастацтвазнаўства), Зянон Пазьняк (асьпірант Інстытута мастацтвазнаўства), Мікола Прашковіч (Інстытут літаратуры), Валянцін Рабкевіч (выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя») былі звольненыя з Акадэміі Навук і трапілі пад дзеяньне няпісанага правіла забароны на прафэсію - яны не маглі ўладкавацца на якую-небудзь інтэлектуальную працу. Ч. быў звольнены з пасады старшага навуковага супрацоўніка з фармулёўкай - «не адпавядае займанай пасадзе» [2]. Ч. здолеў уладкавацца толькі рознарабочым на адное невялікае менскае прадпрыемства [5:60]. «Але найбольш дыскамфортнае пачуцьцё было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніг і артыкулаў удзельнікаў гуртка выкідваліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацыяў выкрэсьлівалася нават узгадка іх імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек нібы зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі ня жыў!» - узгадвае Ч. [3].
Пасьля працоўнага дня Ч. выступаў перад рабочымі зь лекцыямі па гісторыі Беларусі [4:375], займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні. Зноў уладкавацца па спэцыяльнасьці ў інстытуце гісторыі Ч. здолеў ужо пазьней, але ж непасрэдна да перабудовы яму не дазвалялі выяжджаць за мяжу. І надалей Ч. прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху: увосень 1988 - у пачатку 1989 ён сябра Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 - пачатку 1991 - у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У наш час Ч. - адзін з выбітных палітыкаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).
Памёр Міхась Чарняўскі 20 студзеня 2013 году ў Менску пасьля цяжкай і працяглай хваробы.
Кр.: 1. ANH, F-3 (Міхась Чарняўскі); 2. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 518, арк. 248.
Літ.: 3. Чарняўскі М. Акадэмічны патрыятычны асяродак (60-я гады) // Шуфляда. Т. 1, 1999; 4. Арлоў У. «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях. - Менск, 1992; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374-375.
Алег Дзярновіч
У кнізе змешчаны кароткія нарысы, якія расказваюць пра жыццё чалавека каменнага веку: авалоданне агнём, паляванне, рыбалоўства, развіццё земляробства, жывелагадоўлі. Нарысы суправаджаюцца каляровымi ілюстрацыямі.... Болей »
Кніга на аснове археалагічных раскопак апавядае пра першабытнаабшчынны лад на тэрыторыі нашай рэспублікі ў эпоху з'яўлення першых металічных прыладаў, распаўсюджвання земляробства i жывёлагадоўлі.... Болей »
У манаграфіі выкладзены вынікі новых даследаванняў помнікаў каменнага веку паўночна-заходняй Беларусі. На аснове рэчавага матэрыялу ўпершыню праведзена рэканструкцыя гістарычнага працэсу ка гэтай тэрыторыі ў эпоху неаліту, паказаны шляхі і вызначаны час распаўсюджання тут земляробства і жывёлагадоўлі.... Болей »
У кнізе ў папулярнай форме расказваецца пра жыццё першабытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі ў каменным веку, пра яго заняткі, быт, вераванні, матэрыяльную культуру, творы старажытнейшага маетацтва.... Болей »
* Andrzejewska A., Castle hill in Mielnik in the light of the latest archaeological excavations * Florek М., Szeliga М., Dziedzictwo archeologiczne a rozwój turystyki specjalistycznej i promocja małych ojczyzn. Przykład regionu sandomierskiego * Karwowska H., Andrzejewski A., Great brick house... Болей »
У пятым выпуску альманаха «Асоба і час» чытач сустрэнецца з Янам Баршчэўскім, Напалеонам Ордам, Зоськай Верас, Міхасём Стрельцовым, Кастусём Акулам ды іншымі вядомымі беларусамі. Асобны раздзел прысвечаны святарам — мітрапалітам Станіславу Богушу-Сестранцэвічу, Мелхіседэку, Мікалаю, а таксама ксяндзу... Болей »
Нумар прысьвечаны старажытнаму і сучаснаму Полацку. У выпуску: манаграфія Дарыюша Купіша "Полацак 1579", кніга Юркі Віцьбіча "Нататкі краязнаўца. Матар’ялы Віцебскае экспэдыцыі 1939 г.", артыкулы Васіля Вароніна "Палачане: забытая памяць пра мора", Андрэя Янушкевіча "Загадкі выправы Івана Грознага на... Болей »
Газэта «Наша Ніва» была ўтвораная ў 1906 годзе, і спачатку фактычна была органам Беларускае Сацыялістычнае грамады. У 1991 годзе «Наша Ніва» была адроджаная ў Вільні, галоўным рэдактарам стаў Сяргей Дубавец. Адроджаная газэта зноў стала галоўным выданьнем нацыянальнай інтэлігенцыі, побач з навінамі публікуючы... Болей »
«Магілёўская даўніна» — зборнік гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 г. штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «Магілёўскай даўніны» 1898—1903 гг. Матэрыялы ахопліваюць гістарычны перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба... Болей »
* Баршчэўскі Лявон, Сярэднявечны еўрапейскі эпас * Басава Ганна, «Наталяю смагу словам сакавітым...»: Аказіянальнае слова і яго значэнне * Басава Ганна, Прыгодзіч Мікалай, Аўтарскія неалагізмы * Бугаёў Дзмітрый, Несуцяшальны дыягназ: Новыя творы Васіля Выкава * Варонік Святлана, Новік... Болей »