- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Бялыніцкі раён у другой палове 17 стагоддзя. У 1654 г. распачалася вялікая вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, у склад якой уваходзіла ВКЛ. Пад час гэтай вайны беларускія землі паспыталі жорсткае спусташэнне. У жніўні праз Галоўчын і Бялынічы на захад адыходзіла войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам, якое пераследвалі значна пераўзыходзячыя сілы рускіх ваяводаў Трубяцкога і Чаркаскага. 12 жніўня Радзівіл спрабаваў утрымацца ў Галоўчыне, але не вытрымаў штурму і зноў пачаў адыход. Як паведамлялі рускія ў сваім рапарце, «Радзивилл со своими людьми побежал к Борисову, бояре и воеводы Головчин повоевали и посады выжгли, и народ поимали, и из Головчина пошли за Радзивиллом к Борисову». Вялікі гетман пераправіўся цераз Друць у Бялынічах, а яго праціўнікі - пад Цяцерынам. 24 жніўня пад Шапялевічамі ў сучасным Круглянскім раёне, ля мяжы Бялыніцкага, адбылася бітва, у якой войска ВКЛ было разбіта і рассеяна. Тэрыторыя сучаснага Бялыніцкага раёна апынулася ў руках рускіх. Крыху пазней тут размясціўся казацкі полк, сфармаваны авантурыстам Канстанцінам Паклонскім, які на той час ваяваў на баку расійскага цара.