- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гісторыя кансьпірацыйнай вызвольнай арганізацыі “Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі” 1946-1949 гг. яшчэ не напісаная. Існуе шэраг публікацый, у якіх асьвятляецца яе дзейнасьць, але грунтоўнай працы няма. І зрабіць яе без выкарыстаньня архіўных крыніцаў немагчыма. Гэтая арганізацыя, у адрозьненьне ад моладзевага падпольля, мела сувязь з беларускім партызанскім рухам, таму яна займае асаблівае месца ў гісторыі беларускага антыбальшавіцкага Супраціву. У дадзенай публікацыі мы, аднак, зьвернемся найперш да асобы Івана (Янкі) Раманчука (“Ястраб”), партызанскага камандзіра і кіраўніка “Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі”. Пра яго дагэтуль было напісана вельмі мала. Мы ж скарысталіся ўсімі даступнымі крыніцамі, каб паспрабаваць аднавіць яго біяграфію, высьветліць, якімі матывамі ён кіраваўся, ідучы на збройную барацьбу супраць бальшавікоў. Прызнаем, што публікацыя запозьненая. Каб яна зьявілася некалькі гадоў таму, магчыма, не друкаваліся б бязглуздыя сьцьверджаньні, што Раманчук, нібыта, ня меў ніякай ідэалёгіі.