- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На мінулым тыдні ў беларускіх СМІ і палітычных колах найбольш заўважнымі былі тры тэмы: сьвяткаваньне 91-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), сустрэчы Лукашэнкі ў Сочы зь Мядзьведзевым і Пуціным, а таксама кіраўніком Абхазіі і валютная ўгода з Кітаем у памеры 2,8 млрд даляраў. Публічнае сьвяткаваньне 25 сакавіка гадавіны абвяшчэньня БНР набыло рэгулярны характар у гады незалежнасьці Беларусі. Арганізатарамі дэманстрацыяў, іншых акцыяў, мерапрыемстваў заўжды выступалі Беларускі Народны Фронт ды іншыя апазыцыйныя партыі, арганізацыі і грамадзкія ініцыятывы. Стаўленьне кіруючага рэжыму да гэтых мерапрыемстваў апазыцыі ў Дзень Волі шмат у чым заўжды залежала ад масавасьці ўдзельнікаў і настрою кіраўніка. У гэты раз ля будынка Нацыянальнай Акадэміі навук сабралася некалькі тысяч чалавек. Асаблівасьцю сёлетняй акцыі ў цэнтры Менску было тое, што яна адбылася падчас хады дыялёгу рэжыму з Эўразьвязам і запрашэньня Беларусі ўдзельнічаць у праграме «Ўсходняе партнэрства».