- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Бабуля нахіляецца над жалезным рукамыйнікам, кульбай высоўвае з-пад яго ацынкаванае вядро, бліжэй да сябе, так, каб яно апынулася ў яе каля самых мыскоў. Усім целам абапіраецца на рукамыйнік. Я адварочваюся да вакна і толькі чую знаёмы гук, падобны да бруення вады, калі напускаць яе ў нашую гарадcкую ванну з крана. Цяпер я ўжо ведаю, што робіць над вядром бабуля – як быў малы, не здагадваўся. Ёй заўжды было больш няёмка папрасіць мяне выйсці з кухні, вымавіць пэўныя словы ўголас, чым зрабіць выгляд, што яна ў кухні адна, на момант забыць пра маю кароткачасовую – у параўнанні з яе гадамі – прысутнасць. А можа, яна проста мяне з часам ужо не саромелася, між блізкімі людзьмі гэта лішняе. Я і сам пра гэта ўжо не думаю, проста пазіраю ў вакно і чакаю, калі ўжо можна будзе вынесці памыі, выкінуць смецце ды прынесці ў вядры з-пад яго торфу для печкі. (фрагмент)