Краўцэвіч Аляксандр

Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту.

Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 – 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.

У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.

Пасля заканчэння універсітэту ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесыйнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 17 стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).

Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 – 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991 – 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.

У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адыйшоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 – 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”. Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.

Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Бібліяграфія асноўных прац:

  1. А.К. Майстар наш продак. Мінск: Народная асвета, 1990. 88 с.
  2. Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14-18 стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск: Навука і тэхніка, 1991. 171 с.
  3. Краўцэвіч А.К., Якшук Г.М. Стары Мір. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. 85 с.
  4. Краўцэвіч А.К. Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. 46 с.
  5. Краўцэвіч А.К. Гродзенскі замак. Мінск: Юнацтва, 1993. 47 с.
  6. Здановіч Н.І., Краўцэвіч А.К., Трусаў А.А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. Мінск: Навука і тэхніка, 1994. 152 с.
  7. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Беларуская навука, 1998 208 с.
  8. Краўцэвіч А.К. Вялікі князь Вітаўт. Мінск: Юнацтва, 1998. 48 с.
  9. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2-е выданне. Жэшаў, 2000. – 238 с.
  10. Krawcewicz Aleksander. Powstanie Wielkiego Księstwa Litewskiego. Białystok: Wydawnictwo Wyższej Szkoły Ekonomicznej w Białymstoku, 2003. – 191 s.
  11. Краўцэвіч А.К. Міндаўг-Mindauh: Пачатак гаспадарства: нарыс. Мінск: Мастацкая літаратура, 2005. – 163 с. іл.

Рэдагаванне:

Навуковы рэдактар:

  1. З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 1. Мн.: Навука і тэхніка, 1996 . 288 с., іл.
  2. З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 2. Навук. рэд. А.К.Краўцэвіч; Уклад. В.У.Шаблюк. Мн.: Беларуская навука, 1997. 240 с.: іл.
  3. Аляксееў Л.В. Гродна і помнікі Панямоння. Мн.: Беларуская навука, 1996. 191 с.: іл.

Рэдактар:

  1. Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Воспоминания детства. Гродно: КЛФ “Сталкер”, 1995. 176 с.: ил.
  2. Гістарычны Альманах: Навуковы гістарычны і краязнаўчы часопіс. 1998 – 2008. Т. 1 14.
  3. Biuletyn historii pogranicza. Białystok, 2000 2008. nr 1 8 – намеснік рэдактара.

Біяграфічныя звесткі змешчаныя:

  1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 341.
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1997. Т. 4. С. 254.
  3. Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Гродна, 1999. С. 250.
  4. Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гарадзеншчыны. Гродна, 2000. С. 163.
  5. Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., БелЭн, 2006. С. 144.

 

Краўцэвіч Аляксандр :: Выданьні

Здановіч Ніна, Краўцэвіч Алесь, Трусаў Алег, Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка

Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка

Здановіч Ніна, Краўцэвіч Алесь, Трусаў Алег

Гэтая праца--вынік шматгадовых археалагічных даследаванняу унікальнага сярэднявечнага паселішча, знакамітага праз свой замак. Горад і замак разглядаюцца як неадлучныя часткі аднаго комплексу. Разлічана на навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх аматараў гісторыі. Болей »


Краўцэвіч Аляксандр, Гродзенскі замак

Гродзенскі замак

нарыс

Краўцэвіч Аляксандр

Гістарычны нарыс прысьвечаны сэрцу Гародні – Гарадзенскаму замку. Менавіта з гэтага месца пачалася слаўная гісторыя горада над Нёманам. Гісторык Алесь Краўцэвіч распавядае пра мінулае гарадзнскага замку і спрабуе наблізіць для маленькіх чытачоў велічную і драматычную гісторыю аднаго з заходніх вайсковых фарпостаў Вялікага Княства Літоўскага. У кнізе распавядаецца гісторыя гарадзенскага замка ад моманту паўстаньня да нашых дзён, цікавая... Болей »


Краўцэвіч Алесь, Якшук Галіна, Стары Мір

Стары Мір

Краўцэвіч Алесь, Якшук Галіна

У кнізе на аснове архіўных пошукаў, натурных абследаванняў архітэктурных помнікаў і шматгадовых археалагічных раскопак ўзнаўляецца аб'ёмная карціна жыцця невялікага сярэднявечнага горада. Разлічана на гісторыкаў, архітэктараў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Болей »


Краўцэвіч Алесь, Тэўтонскі ордэн

Тэўтонскі ордэн

Ад Ерусаліма да Грунвальда

Краўцэвіч Алесь

Кніга гарадзенскага гісторыка Алеся Краўцэвіча распавядае пра заснаванне, існаванне і гістарычны шлях Тэўтонскага ордэна, які моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны Вялікага Княства Літоўскага з ордэнам пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за сто гадоў, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя ... Болей »


Краўцэвіч Алесь, Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.

Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.

Планіроўка, культурны слой

Краўцэвіч Алесь

На аснове матэрыялаў археалагічных раскопак аўтар разглядае праблемы і заканамернасці развіцця гістарычнай планіроўкі, фарміраванне культурнага сліяо гарадоў І мястэчак Беларускага Панямоння. Кніга ілюстравана. Разлічана на археолагаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Болей »


Краўцэвіч Алесь, Майстар — наш продак

Майстар — наш продак

Краўцэвіч Алесь

Кніга Алеся Краўцэвіча, гэта своеасаблівая гісторыя, расказаная звычайнымі прадметамі – археалагічнымі знаходкамі, сярод якіх старая падкова, пячная кафля, разбітая міска і вышчэрбленая талерка. Усе гэтыя рэчы былі створаныя чалавечымі рукамі 400-500 гадоў таму, і нягледзячы на свой стан здольныя распавесці вельмі шмат. Ад іх, а лепш сказаць, аналізуючы іх, даведваемся пра рамётвы, якія існавалі на нашых землях у далёкія часы, пра звыча... Болей »


Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада. XV–XX стст

Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада. XV–XX...

Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 7–8 лістапада 2014 г.)

Матэрыялы зборніка прысвечаныя сацыяльным аспектам гісторыі Гародні ды іншых гарадоў Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны. Галоўным героем зборніка з’яўляецца гараджанін як суб’ект лакальнай гісторыі, а таксама гарадскі гісторыка-культурны асяродак. Кніга адрасаваная ўсім, каго цікавіць гістарычная ўрбаністыка і сацыяльная гісторыя. Болей »


Гарадзенскі соцыум 2013. Гісторыя і памяць. XV – XX стст.

Гарадзенскі соцыум 2013. Гісторыя і памяць. XV – XX ...

Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.)

Матэрыялы зборніка Гарадзенскі соцыум прысвечаныя пераважна палітычнай і сацыяльнай гісторыі Гародні ды іншых гарадоў Беларусі. Галоўным героем зборніка з’яўляецца гараджанін як суб’ект лакальнай гісторыі, а таксама гісторыка-культурнае асяроддзе, у якім праходзіла яго жыццё. Кніга адрасаваная ўсім, каго цікавіць гісторыя Беларусі. Болей »


Гародня Х - ХХ стст.

Гародня Х - ХХ стст.

Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам

“Гародня Х – ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам” - чарговае выданне кніжнай серыі “ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА”. З усіх старажытных беларускіх гарадоў сёння найбольш актыўна даследуецца Гародня. Кніга “Гародня Х – ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам” яшчэ адзін таму прыклад. 11 гісторыкаў з Беларусі і Польшчы ажыццявілі першае ў гісторыі сумеснае беларуска-польскае даследаванне мінуўшчыны горада на сумежжы цывілізацый... Болей »


Castrum, urbis et bellum

Castrum, urbis et bellum

Зборнік навуковых прац

Зборнік складаецца з артыкулаў, прысвечаных гісторыі, археалогіі і культуры Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ў сярэднявечны перыяд і новыя часы. Пераважная большасць матэрыялаў датычыцца разнастайных праблем мінулага Беларусі. Зборнік рэкамендуецца спецыялістам - гісторыкам, археолагам, мастацтвазнаўцам, а таксама шырокаму колу чытачоў - студэнтам, настаўнікам, краязнаўцам. Болей »