Фядотаў Феакціст

Нарадзiўся я 9 студзеня 1951г. недалёка ад Глыбокага ў вёсцы Новае Запалоўе былога Плiскага раёна. У памяцi захавалася драўляная дзедава хата на ўскрайку лесу, да якой уначы, па аповедам бабулi, Фядотавай Домны Кiрылаўны, прыходзiлi ваўкi, каб прыхапiць з сабой якога-небудзь не вельмi спрытнага на ногi цюцiка.

Найбольш глыбокiя ўспамiны засталiся ад хутара Петрунова, дзе сям’я жыла пазней i дзе зараз знаходзiцца вядомы на Вiцебшчыне iнтэрнат для адзiнокiх састарэлых людзей. Рознакаляровы духмяны бэз пад блакiтам бяздоннага неба, у два абхопы лiпы i асiны са шматлiкiмi птушынымi гнёздамi, купкі мяты, прытоеныя кусты парэчак i агрэсту з гронкамi салодкiх ягад, чарэшнi слiвы... А яшчэ – пачарнелыя рэшткi панскага будынка, як сiмвала iншага часу iншай культуры, напаўнялi маё сэрца любоўю да прыроды i цiкавасцю да роднага краю.

Добра памятаю пах жытнёвага хлеба, выпечанага на зялёным аеры цi на кляновых лiстах i выцягнутага з печы на драўлянай лапаце. Кiламетры праз тры на беразе Марцыбылiнскага возера жыла мая бабуля па маці Варвара Кiрылаўна i дзядуля Адоля (Чымкоўскi Адольф Сцяпанавiч). Праўда, гэта было другое бабуліна замужжа. Свайго кроўнага дзеда я нiколi не бачыў, бо яго забiлi немцы, прыняўшы за партызана, калi ён вярхом на канi вяртаўся з Беразвечча. Таго самага Беразвечча, у якiм i зараз уражваюць збудаваннi старажытнага кляштара i якое ў 1812г. наведаў сам Напалеон Банапарт.

Бацька мой працаваў на чыгунцы, да якой было сем кiламетраў.

На ўсё жыццё запомнiў першы навагоднi падарунак, якi ён прывёз з працы, – да таго невядомыя апельсiны, шакаладныя цукеркi ў залацiстай абгортцы, халва ў прыгожай бляшанцы, вафлi i грэцкiя арэхi.

У 1959г мацi адвяла мяне ў школу. Вучыўся я ў Мярэцкаўскай, цалкам беларускамоўнай, школе, да якой было тры кiламетры хады праз невялiкi барок са старымi каталiцкiмi могiлкамi. На iх да цяперашняга часу захавалiся лацiнскiя надпiсы i, па аповядах старых людзей, пахавальны панскi склеп.

У пятым класе я быў перакананы, што больш прыгожых жанчын, чым настаўнiцы беларускай i рускай лiтаратуры, няма ў свеце. У сёмым класе “захварэў” на вершы. Жаданне выразiць сябе праз слова прыйшло нечакана зiмовым калядным вечарам. У гэты час бабуля спала на печы, дзед быў у бальнiцы, а я пры святле газнічкі рабiў урокi.

З 1964 г. i да заканчэння школы я жыў у сваiх дзядоў Чымкоўскiх. Дзядуля быў каталiк, бабуля – праваслаўная. Менавiта з гэтай нагоды я двойчы на год святкаваў Раство Хрыстова i Вялікдзень. Даводзiлася адбiваць паклоны ў царкве i касцёле. Жывучы ўтрох на дванаццаць рублёў дзедавай пенсii, я навучыўся ўспрымаць жыццё такiм, якiм яно было на самой справе. Бабуля ведала розныя замовы, травы i ветлiва сустракала тых, хто прыходзiў да яе па дапамогу. Мы з дзедам займалiся рыбнай лоўляй i iншай працай, без якой немагчыма жыццё на хутары, дзе не было нават электрычнасцi.

Пасля заканчэння васьмiгодкi мне вельмi захацелася быць вайскоўцам, i я апынуўся ў аркестры дэсантнага палка, што знаходзiўся недалёка ад Наваполацка, у пасёлку Баравуха - 1. Там я атрымаў пачатковае паняцце аб нотнай грамаце, музычных iнсрументах, навучыўся страляць з “калашнiкава”. Калi прыходзiла чарга, дзяжурыў сiгнальшчыкам на стрэльбiшчы або ў штабе палка. Вечарамі разам з іншымі выхаванцамі наведваў мясцовую школу.

У наступныя гады, як мне падаецца, лёс быў дастаткова лагодны да мяне, хоць зусiм пазбавiцца ад яго выбрыкаў не ўдалося. У 1970г. паступiў у Рыжскае мараходнае вучылiшча, але згублены камсамольскi бiлет стаў падставай, каб на тры гады апынуцца ў марфлоце. Тым не менш, гэты час быў па-свойму цiкавы i карысны, бо разам з рамантыкай марскiх дарог пад рознакаляровым ззяннем палярнага неба набываўся жыццёвы вопыт, які дапамагаў пераадольваць цяжкасцi, а часам i сапраўдны жах.

Пасля службы, у 1978г.закончыў рыбагаспадарчы факультэт Маскоўскага iнстытута харчовой прамысловасцi пятнаццаць годоў адпрацаваў у Палярным навукова-даследчым iнстытуце Мурманска. Гэта быў мой зорны час. Пашчасцiла ўдзельнiчаць у розных экспедыцыях ад Паўночнага Ледавiтага акiяна да Паўднёвай Атлантыкi, вывучаць багатае i разнастайнае жыццё мораў i акiянаў, наведаць розныя краiны i часткi свету. Канарскiя выспы, Гiбралтар, Перу, Нарвегiя, Панама, Англiя, Шпiцберген, пра што раней нават не меў уяўлення, набылi канкрэтныя рысы. Усё гэта было па-сапраўднаму цiкава.

Пачатак перабудовы вымусіў вярнуцца на Радзiму. Я быў упэўнены, што ў такiя часы мы заўсёды павiнны быць разам, i таму далейшыя гады жыцця былi прысвечаны роднай Полаччыне. Тэмы для вершаў i апавяданняў падказвае само жыццё, але найбольш блiзкія мне пытаннi экалогii, аховы прыроды, нашай духоўнасці, бо без гэтага, па маім разуменні, няма будучынi.

 

Фядотаў Феакціст :: Выданьні

Фядотаў Феакціст, На маёй Радзіме, Беларусі...

На маёй Радзіме, Беларусі...

вершы, паэмы, апавяданні

Фядотаў Феакціст

Кніга Феакціста Фёдаравіча Фядотава знаёміць з паэзіяй і прозай, якія ён напісаў напачатку новага тысячагоддзя. Творчасць Фядотава прысвечана тэме сацыяльных перамен у жыцці грамадства. Ён закранае экалагічнае становішча ў нашай краіне і паказвае цесную сувязь чалавека з прыродай. У кнізе прадстаўлена і любоўная лірыка. Многія творы прысвечаны людзям, з якімі звязаў лёс. Болей »


Фядотаў Феакціст, Я жыву на Зямлі, дзе ўсё ёсць ад Бога...

Я жыву на Зямлі, дзе ўсё ёсць ад Бога...

вершы, паэма, апавяданні

Фядотаў Феакціст

Першая кніга літаратара Наваполацка і ўдзельніка творчага аб’яднання “Крылы” Феакціста Фёдаравіча Фядотава знаёміць з паэзіяй і прозай, якія ён напісаў у апошнія гады. Творчасць Фядотава прысвечана тэме сацыяльных перамен у жыцці грамадства. Ён закранае экалагічнае становішча ў нашай краіне і паказвае цесную сувязь чалавека з прыродай. У кнізе прадстаўлена і любоўная лірыка паэта. Многія творы прысвечаны людзям, з якімі звязаў лёс. Болей »