- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На мінулым тыдні 8 кастрычніка слонімскія грамадскія актывісты сабраліся ў 13 гадзін у гарадскім парку, каб правесці Народны сход. На яго былі запрошаны не толькі шараговыя слонімцы. Лісты з запрашэннямі для ўдзелу ў ім былі дасланы кіраўніцтву раёна, у міліцыю, пракуратуру, суд. У прызначаны час паціху пачалі падыходзіць людзі. Але да месца акцыі прыйшло больш супрацоўнікаў РАУС, пераапранутых ў цывільную вопратку, чым грамадзян. Міліцыянты стаялі ля ўваходу ў парк. Так, дзвюх пажылых жанчын, якія накіраваліся ў бок месца збору, адзін з супрацоўнікаў РАУС папярэдзіў, што фантан замініраваны, і накіраваў кабетаў у іншы бок. Тым часам актывісты сабраліся ў цэнтры парку, ля фантана, дзе змясцілі плакат са словамі беларускага паэта Я.Купалы: “На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход, ідзі, аграблены, закованы народ”. Калі крыху людзей сабралася, арганізатары акцыі хацелі пачаць мерапрыемства. У гэты час да іх падышлі міліцыянты і пачалі забараняць яго правядзенне. Яны патрабавалі разысціся, так як народны сход, па іх меркаваннях, праводзіцца незаконна. Аднак актывісты настойвалі на тым, што народныя сходы не падпадаюць пад дзеянне Закона аб масавых мерапрыемствах.