- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У перадапошні дзень мая завяршыўся трыццаты, юбілейны Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі (фестываль спяваючай душы). У дзень інаўгурацыі, у яго кулуарах сусветнай славутасці дырыжор і кампазітар, а заадно мастацкі патрон Кшыштаф Пэндэрэцкі заявіў журналістам: „Гэта найбольшы фестываль царкоўнай музыкі, і не толькі ў Польшчы”. Пераможцам сёлетняга выпуску стаў Камерны хор Дзяржаўнай філармоніі з горада Астана, сталіцы Казахстана (катэгорыя прафесійных хароў). Сярод чатырох беларускіх хароў аж тры сталі лаўрэатамі ўзнагарод. — Можа ўрэшце Казахстан не будзе асацыявацца толькі з коньмі і ездакамі, але і з цудоўнай царкоўнай музыкай, — сказаў пасля абвяшчэння вынікаў дырыжор казахскага хору Ержан Даутаў. У конкурсных слуханнях у актавай зале палаца Браніцкіх выступілі хары парафіяльныя, аматарскія свецкія, прафесійныя і музычных вучэльняў, прафесійныя і дзіцяча-маладзёжныя. Агулам прэзентавалася 28 хароў (два не даехалі) з каля дваццаці краін. Большасць з іх гэта лаўрэаты папярэдніх выпускаў конкурсу, некаторыя неаднаразовыя. З ліку чатырох хароў з Беларусі лаўрэатамі сталі: жаночы хор „Элегія” (катэгорыя: аматарскія свецкія хары; другое месца), дзіцячы хор „Ліра” (катэгорыя: хары дзіцяча-маладзёжныя; першае месца і ўзнагарода старшыні Польскага тэлебачання) ды Акадэмічны хор Дзяржаўнага радыё і тэлебачання (катэгорыя: прафесійныя хары; пароўну другое месца). Усе з Мінска. (...)