- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Юбілейнае, ужо дваццаць пятае Свята беларускай культуры, арганізаванае Беларускім грамадска-культурным таварыствам, сабрала ў Звярынецкім парку ў Беластоку ў нядзелю, 9 жніўня, у пасляабедні час тысячы аматараў роднай культуры. Перш за ўсё свойскіх спеваў, якія тры гадзіны луналі сярод карабельных сосен ціхага закутка Беластока. Шкада, што нельга было пахваліцца гэтым скарбам крыху за трыста метраў ад гэтага прыемнага і ўтульнага месца — на толькі што адкрытым аграмадным Гарадскім пляцы вакол ратушы на Рынку Касцюшкі пасярод Беластока, пра „шматкультурнасць” якога пры кожнай нагодзе гавораць улады і хваляцца гэтым перад усім светам. На свяце былі прысутныя таксама і ўладныя асобы з нашага асяроддзя — можна хіба будзе мець надзею, што наступныя шматлюдныя беларускія мерапрыемствы паказаны будуць з гонарам якраз там. І збяруць яны яшчэ большыя тлумы людзей, не толькі сваякоў, зацікаўленых беларускімі песняй і словам. (М. Лукша, ХХV Свята беларускай культуры. Пашану роднаму слову і таленту, фрагмэнт)