Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

11/2002


Календарыюм

Лістапад – гадоў таму:

430 – 12.11.1572 г. у Заблудаве памёр Рыгор Хадкевіч, гетман Вялікага Княства Літоўскага, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч, апякун Супрасльскай лаўры, заснавальнік у Заблудаве першай на Падляшшы друкарні а таксама манастыра, школы ды шпіталя.

285 – 20.11.1717 г. на Украіне нар. Георгій Каніскі (пам. 13.02.1795 г.), праваслаўны архіепіскап магілёўскі. Аўтар вершаў, інтэрмэдый, пропаведзяў. Кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой.

260 – 6.11.1742 г. нар. Фабіян Саковіч (пам. каля 1787 г.), паэт, перакладчык, пэдагог. Вучыўся ў Віцебскай і Несьвіжскай езуіцкіх калегіях, працаваў выкладчыкам у Несьвіжы. З 1766 г. жыў у Варшаве, супрацоўнічаў з тыднёвікам “ Zabawy przyjemne i pożyteczne”, дзе публікаваў свае вершы (1772-1777). З 1777 г. жыў у маёнтку Адама Нарушэвіча Павець каля Пінска, у 1778 г. пераехаў у Чарнаўчыцы каля Ка-мянца.

190 – 14.11.1812 г. у Крошыне нар. Паўлюк Багрым, каваль, беларускі паэт, праўдападобны аўтар верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы...”

150 – 13.11.1852 г. у Пецярбурзе памёр Іван Грыгаровіч (нар. 6.09.1792 г. у Прапойску), археограф, гісто-рык, аўтар “Беларускай іерархіі”, складаў слоўнік беларускай мовы. На яго надмагільлі на Волкавых могілках напіс на лацінскай мове: “Ne frustra Videar vixisse” (“Мне здаецца, што не дарэмна пражыў”)

140 – 6.11.1862 г. у фальварку Якушоўка памёр Віктар Каліноўскі, брат Кастуся (пахаваны на старых могілках у Сьвіслачы), археограф (нар. 21.04.1833 г. у Мастаўлянах), вучыўся ў Сьвіслацкай і Гродзенскай гімназіях, студыяваў на мэдыч-ным факультэце Маскоўскага уні-вэрсытэта. З 1856 г. жыў у Пецярбурзе, быў членам Віленскай археаграфічнай камісіі і адным з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху.

135 – 27.11.1867 г. у Пінску нар. Іван Жалтоўскі (пам. 16.07.1959 г.), архітэктар, акадэмік, педагог. Аўтар шэрагу тэаратычных прац па архітэктуры.

125 – 13.11.1877 г. у Маскве нар. Мікалай Нікольскі, гісторык, ад 1922 г. прафэсар БДУ ў Менску, займаўся гісторыяй рэлігіі і царквы, этнаграфіяй і фальклёрам Беларусі. Памёр 19.11.1959 г.

120 – 3.11.1882 г. у Акінчыцах (зараз адміністрацыйна адзінка Стаўбцоў) нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г.), пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларус-кай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце “Наша Доля”. Па-эмы “Новая зямля” (1923), “Сымон--музыка” (1925), “Суд у лесе” (1943), “Адплата” (1946), “Рыбакова хата” (1947), аповесьці “У палескай глушы” (1923), “У глыбі Палесься” (1927) і “На ростанях” (1955) склалі трылёгію “На рос-танях”, “На прасторах жыцьця”, “Дрыгва”, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў, апрацовак народных казак, твораў для дзяцей.

115 – 4.11.1887 г. у Капылі Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясь-пекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік і выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Старшыня Часовага Рабоча-Сялянскага Ураду Беларусі, рэдактар газэт “Дзяньніца”, “Савецкая Беларусь”, заснавальнік часопіса “Полымя”, актыўны дзеяч Інстытута Беларускай Культуры і акадэмік АН Беларусі. Пісаць пачаў у 1908 г. у “Нашу Ніву”.

115 – 6.11.1887 г. нар. у фальварку Запольле Слуцкага павету Радаслаў Астроўскі, дзеяч беларускага руху, закончыў Юр’еўскі унівэрсытэт (1913), арганізаваў у Слуцку беларускую гімназію (1917), удзель-нічаў у слуцкім паўстаньні 1920 г., быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (1924 – 1936), у 1943 г. абраны прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады, пасьля вайны ў эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, дзе памёр 17.10.1976 г.

105 – 10.11.1897 г. нар. у Бельску на Падляшшы Якаў Бранштэйн (расстраляны НКУСаўцамі 29.10.1937 г.), крытык і літаратуразнавец, ідэоляг сацыялістычнага рэлізму.

100 – 14.11.1902 г. нар. у хутары Падсосна Дзісненскага павету Міхась Машара (пам. 7.06.1976 г.), пісьменьнік, дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, рэдактар “Нашай Волі” (1927). Быў чатыры гады зьняволяны ў віленскай турме Лукішкі (з 1928 г.). Некаторы час жыў ды дзейнічаў у Саколцы. Друкаваўся з 1927 г., выйшла некалькі зборнікаў яго вершаў, паэмы “Вясельле” (1923), “Сьмерць Кастуся Каліноўскага” (1935), “Мамчына горка” (1936), раманы “Крэсы змагаюцца” (1966), “Сонца за кратамі” (1968), “Лукішкі” (1970), “Прыйдзе час...” (1975).

95 – 30.11.1907 г. у в. Грэлікі Вілейскага пав. нар. Мікалай Лапіцкі, царкоўны дзеяч, закончыў Віленскую праваслаўную сэмінарыю і багаслоўскі факультэт Варшаўскага унівэрсытэту, сьвятарскую дзей-насьць пачаў у Ашмяне з 1934 г., з 1942 г. – у Мінску, удзельнічаў ва ўсебеларускім царкоўным саборы у 1942 г., на якім было абвешчана стварэньне беларускай аўтакефальнай царквы. З 1944 г. у эмі-грацыі (Нямеччына, ЗША), наста-яцель прыходу сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі), рэдактар і выдавец часопіса “Царкоўны Сьветач”. Па-мёр 8.08.1976 г., пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.

90 – 6.11.1912 г. у фальварку Мачульня, Наваградзкага павету нар. Віктар Войтанка (пам. 25.04.1972 г.), грамадзкі дзеяч, сьвятар, лекар. Выпускнік мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту, член Бе-ларускага Студэнцкага Саюзу. У час нямецкай акупацыі быў бурмістрам Баранавічаў, заснавальнікам мэдычнай школы ў гэтым горадзе. Пасьля вайны жыў у ЗША. У 1969 г. стаў сьвятаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

75 – 1.11.1937 г. у Мінску расстраляны Філарэт (Фёдар Раменскі – нар. у 1880 г.), праваслаўны сьвятар, епіскап Бабруйскі, архірэй Мінскай епархіі, рэктар Мінскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі, адзін з ініцыятараў абвяшчэньня ў 1927 г. аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы, арыштаваны 28.07.1937 г. і абвінавачаны ў стварэньні антысавецкай контрэвалюцыйнай арганізацыі.

75 – 3.11.1937 г. расстраляны Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), дзеяч “Грамады”, з 1931 г. у БССР у Дзяржпланавай камісіі і ў Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры БАН, у 1933 г. арыштаваны.

75 – 3.11.1937 г. расстраляны Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага пав.), дзеяч “Грамады” і КПЗБ, дэпутат Сойма (1923 – 1928), у 1927 г. арыштаваны па справе “Грамады”, засуджаны на 12 гадоў турмы, з 1932 г. у БССР, у 1933 г. арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў лагераў на Салаўках.

70 – 15.11.1932 г. была адкрыта ў Менску Беларуская Кансэрваторыя. Яе выпускнікамі зьяўляюцца самыя выдатныя беларускія кампазытары, выканаўцы.

60 – 10.11.1942 г. памёр Сымон Баранавых (Баранаў), нар. 1.09.1900 г. у в. Рудкова Узьдзенскага раёну, беларускі пісьменьнік, скончыў БДУ. У 1936 г. арыштаваны, засуджаны на 10 гадоў, аўтар аповесьцей “Чужая зямля” (1930), “Новая дарога” (1936).

50 – 9.11.1952 г. памёр Хаім Вэйцман (нар. 27.11.1874 г. у Моталі на Палесьсі), першы прэзыдэнт Ізраіля, вучыўся у Пінску.

20 – 16.11.1982 г. памёр Андрэй Макаёнак (нар. 12.11.1920 г. у в. Борхаў Рагачоўскага раёна), беларускі драматург, аўтар камэдыяў: “Выбачайце, калі ласка!” (1954), “Каб людзі не журыліся” (1958), “Лявоніха на арбіце” (1961).

5 – 5.11.1997 г. у Саўнт-Рэвэры (ЗША) пам. Сьвятаслаў Коўш (нар. 25.12.1916 г. падчас бежанства ў Разані), рэлігійна-грамадзкі дзеяч, сьвятар, пісьменьнік. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі. Дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюза падчас навукі на юрыдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Пасьля вайны ў эміграцыі, арганізаваў між іншым Беларускую Гімназію ў Ватэнштаце (Нямеччына). З 1977 г. быў адміністратарам праваслаўных беларускіх прыходаў якія падлягаюць юрысдыкцыі Канстантынопольскага патрыярхату. Рэдагаваў праваслаўны беларускі часопіс “Царкоўны Сьветач”.

5 – 14.11.1997 г. у Крыніцах каля Беластоку кіраўнік Польскага Тэлебачаньня (TVP) адкрыў тэлеканал на якім будзе вяшчаць беластоцкі, новы аддзел ПТ. Беларускі Саюз у РП сабраў 10 тыс. подпісаў Беларусаў Беласточчыны з патрабаваньнем увядзеньня праграмаў таксама на беларускай мове. Гэта патрабаваньне было адкінута кіраўніцтвам беластоцкага аддзелу ПТ.

Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы