Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

11/2002


Два дні ў іншым сьвеце

Прайшло амаль пяць гадоў ад маёй апошняй туды паездкі. Шмат часу затым не бачыў я сваіх многіх беларускіх сяброў ды супрацоўнікаў. Праўда, з некаторымі сустракаўся ў Беластоку, Крынках і іншых кутках Польшчы – ці пад час семінараў а то пры нагодзе нейкіх музычных канцэртаў. Распавядалі яны мне пра актуальную рэчаіснасць сваёй краіны, але ўсё-такі хацелася ўрэшце пабачыць той свет уласнымі вачыма.

Доўга не было як паехаць, заўсёды знаходзіліся важнейшыя справы – ці то прафесійныя, ці то сямейныя. Нават мой пашпарт, яшчэ з арлом без кароны, страціў ужо сваю важнасць. Прыйшлося аформіць новы, што аказалася вельмі простым – без ніякіх чэргаў і стрэсаў, як бывала гэта 10-15 гадоў, запоўніўшы фармуляр ды ўплаціўшы 100 зл. у беластоцкім бюро, што надалей па вул. Бэма, атрымаў яго літаральна праз тры тыдні.

Яшчэ на пачатку верасня Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” з Гродна запрасіла мяне да ўдзелу ў Форуме грамадскіх арганізацый еўрарэгіёна “Нёман”, запланаваным на 18-19 кастрычніка. “Трэці сектар” – вядомы мне недзе ад двух гадоў, з інтэрнетавых сервізаў навін з Гарадзеншчыны, рэгулярна дасыланых ім на e-mail “Часопіса”. Дзень перад выездам пайшоў у пэўнае беластоцкае турыстычнае бюро, дзе за 25 зл. набыў ваўчэр. Праўда, гэтыя грошы мог заашчадзіць, афармляючы ў пашпарце пячатку “AB” (пасведчанне службовага выезду), на гэта аднак не хапіла ўжо мне часу. Хаця пасля даведаўся ад іншага ўдзельніка Форума з Беластока, што ён паехаў толькі з камп’ютэрным выдрукам запрашэння (дасланага яму праз Інтэрнет). Было з гэтым трохі праблем, бо беларускія пагранічныя функцыянеры тэлефанавалі ажно арганізатарам форума ў Гродна, ці фактычна запрошаны такі то а такі “поляк”. Але пусцілі. Пяць гадоў таму з’ездзіць з Беластока ў Гродна, а нават у Мінск, было намнога зручней. Цягнікі і аўтобусы курсіравалі тады туды вельмі часта. Сёння засталіся толькі аўтобусы, якімі праз заўсёды перагружаны пераход у Баброўніках – Бераставіцы ездзяць гандляры з алкаголем ды цыгарэтамі.

Цягніком можна дабрацца ў Гродна, два разы перасядаючы: найперш у Саколцы, пасля ў Кузніцы. Так менавіта я і ехаў, купіўшы на вакзале ў Беластоку білет, які каштуе амаль 40 зл. у адзін бок (лепш купіць адразу паваротны, аб чым я пераканаўся, заплаціўшы ў Гродне раўнавартасць звыш дзесяці даляраў, бо там далічваюць яшчэ нейкі падатак).

З Беластока выехаў я ў 10 гадзін раніцы. За няцэлую гадзіну, перасеўшы ў Саколцы з камфортнага варшаўскага цягніка ў “каўбойку”, быў я ўжо ў Кузніцы. Там чакала такая ж польская “каўбойка”, якая у 11.30 рушыла ў Гродна. Разам са мною ехала недзе толькі паўсотні людзей, сярод якіх пару палякаў (хтосьці, каб прыбраць магілу сваяка перад 1 лістапада, іншы, відаць, па нейкім бізнесе), усе астатнія – гандляры.

Перад самім ад’ездам у цягнік увайшлі польскія пагранічнікі. Хуценька, карыстаючыся нашыйнымі камп’ютэрыкамі, праверылі пашпарты (у маім пячаткі ўжо не ставілі, як калісь, – хапіла, што праз электронны чытальнік прасканавалі адпаведны закадаваны ў ім пасік); тыя камп’ютэрыкі – падключаны да агульнай базы дадзеных, і адразу вылаўляюць тых, якіх нельга прапусціць праз мяжу або нават трэба абавязкова затрымаць (злачынцаў).

Праз некалькі хвілін цягнік уехаў у пагранічную зону. Паспеў я заўважыць на нейкім, яшчэ на польскім баку, будынку даўні вялікі надпіс-лозунг: “Niech їyje przyjaџс miкdzy narodami”, калі ў вагоне з’явіліся пагранічнікі Рэспублікі Беларусь. Божа ж ты мой, які вялікі кантраст! На іхніх шыях не камп’ютэрыкі, а ўсё тыя ж самыя ад 20-30 гадоў драўляныя скрыначкі і велізарныя пячаткі ў руках. І яшчэ жменя паперы з прозвішчамі “запрещённых”...

Польскіх мытнікаў я нават і не заўважыў. Затое беларускіх запамятаю на доўга. А пабачыў я іх не ў цягніку, але ўжо на вакзале ў Гродне, куды ўсіх пасажыраў загналі... пад эскортай узброеных салдатаў. Якое гэта было паніжаючае!

Прапусціўшы хвосцік збічкаваных пасажыраў праз вузенькую кантрольную брамку, мытнікі правяралі іхнія сумкі. Мне папрасілі паказаць, што вязу ў сваім плецачку. Жанчына глянула – на момант толькі спыняючы майсы з сяброўкай – на мае “бумаги”, і вачыма паказала выхад.

За бар’еркай пару мужчын стала адразу прапанаваць падвязенне сваімі аўтамашынамі.

– Колькі возьмеце за курс да гатэлю “Турыст”? – запытаў я.

– Дзесяць злотых.

– Добра, паехалі.

Праз квадранс быў я ўжо на месцы. За час язды кіроўца “лады” – на выгляд звыш 10-цігадовай – паспеў мне расказаць, як жылося ім пры саветах, а як цяпер (“на тадышнія цэны зараблялася 600 даляраў, зараз у дзесяць разоў менш”). Ехаўшы з ім я сябе адчуваў як у родным Востраве пад Крынкамі (40 км ад Гродна), чуўшы жывую беларускую мову, прытым дзіўна мала ў ёй было русізмаў. Бо на вуліцы – аб чым я неўзабаве пераканаўся – татальна дамінуе расейшчына, апрача афіцыйных шыльдаў і таблічак з назвамі вуліц (публічная пісаная інфармацыя – амаль уся па-беларуску!).

Гатэль, у якім праходзіў форум, пабудаваны ў залатыя савецкія гады. Надалей з’яўляецца ён дзяржаўным, хаця сёе-тое тут ужо спрыватызавана. Стандарт яго можна параўнаць з нашымі інтэрнатамі ў 80-ыя гады. Затое цэны, як у беластоцкім “Голэмбевскім” – 25 даляраў за суткі. Для незамежнікаў, праўда, танней.

У Форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі 30 арганізацый з Гарадзеншчыны, Калінінградскай вобласці Расіі, Беластока, Лодзі, Вільні і Каўнаса. На працягу двух дзён абмяркоўвалі мы магчымасці супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй, а таксама ўзаемадзеянні са структурамі еўрарэгіёна “Нёман” у паасобных краінах. На заканчэнне быў прыняты зварот да мясцовых улад Гарадзеншчыны, Падляшша, прывіленскіх паветаў Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі. Гаворыцца ў ім аб патрэбе стварэння Фонда развіцця еўрарэгіёна.

Запамяталася мне дыскусія над праектам гэтай рэзалюцыі:

– Шаноўныя калегі, – пачаў хтосьці, – давайце, накіруем таксама зварот аб пакліканні нашай рады пры радзе еўрарэгіёна.

– Ці гэта памясціць у рэзалюцыі, ці дадатку да яе? – запытаў вядучы.

– У дадатку, бо не гэта ёсць самае істотнае, – хтосьці адказаў.

– Да рэзалюцыяў няма ніякіх дадаткаў, што вы тут вычаўпаеце?! – адразу на тое хтосьці іншы.

– Ну, добра, створым раду, і што далей? – запытаў вядучы.

– Давайце, найперш выбярэм сярод сябе рабочую групу, якая зоймецца гэтым пытаннем...

– А я прапаную паабедаць, каб лепей нам думалася...

На шчасце, былі больш прыемныя пункты ў праграме Форума. Хаця б экскурсія па Гродне. Дзве незабыўныя гадзіны, пад час якіх можна было адчуць так подых маляўнічай мінуўшчыны (Стары Замак, Каложа, касцёлы), як і пабачыць шэрую (даслоўна) сучаснасць. Па маршруту часта сустракалі нейкае вяселле, якое фатаграфавалася і выпівала разам з маладою параю ў гістарычных месцах горада.

На другі дзень, па заканчэнні Форума, заглянуў я – а як жа – у магазіны. Пяць гадоў таму, помню, тавараў у продажы было нашмат менш. Цяпер і тут, як і ў Польшчы, паліцы перапоўненыя. Цэны аднолькавыя, а то і большыя чым у нас. Толькі алкаголі – дзіўна танныя. Купіў я шампанскае і каньяк, заплаціўшы разам раўнавартасць усяго 5 даляраў. А ў пазамытным магазіне на прапускным памежным пункце алкаголь яшчэ таннейшы, напр. 3/4 літра “Абсалюта” каштуе

там толькі 5 еўра. Хаця у Гродне пабыў я толькі паўтара дня, вельмі хацелася дахаты. Там надалей усё ж іншы свет – абсурдны, і для мяне (пэўна, не толькі) не цалкам зразумелы. Аднак і ў іх жыццё не стаіць на месцы, аб чым я пераканаўся, не быўшы тут пяць гадоў. Таму прыеду сюды ізноў, хутка.