Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Візытоўкі

Візытоўка (візытная картка) — невялікая картка з імем чалавека або арганізацыі, часта з пазначэньнем кантактнай інфармацыі. Правобраз візытоўкі быў вядомы яшчэ ў старажытнасьці ў Кітаі, аднак уласна як папяровая картка з імем уладальніка яна зьявілася ў Францыі ў часы Людовіка XIV. Тады такія карткі перадавалі госьці гаспадарам, каб паведаміць аб сваім прыбыцьці або атрымаць дазвол адведаць іх (адсюль і назва ад франц. “visite” — наведваньне). Ад пачатку XVIII ст. візытоўкі сталі распаўсюджвацца ў арыстакратычных колах розных эўрапейскіх краінаў, стаўшы неад’емным элемэнтам сьвецкага жыцьця. На зьмену рукапісным паступова прыйшлі друкаваныя. Пры канцы XVIII ст. у Нямеччыне адчынілася першая друкарня візытных картак [1].

Цалкам магчыма, што на беларускіх землях візытоўкі таксама зьявіліся ў XVIII ст. пад уплывам моды на ўсё францускае ў магнацкім асяродзьдзі. Аднак спэцыяльных дасьледаваньняў на гэтую тэму ня знойдзена. У часы Кацярыны ІІ візытоўкі прыйшлі і ў Расейскую імпэрыю й паступова набылі шырокі распаўсюд ня толькі ў колах арыстакратыі [2]. Выкарыстаньне й выгляд візытовак у XIX ст. рэглямэнтаваліся правіламі этыкету [3]. Існавалі асобна мужчынскія, жаночыя, сямейныя, дзіцячыя карткі.

На першых візытоўках пазначалася толькі імя або імя й тытул асобы (арыстакраты часта дадавалі выяву родавага гербу). Гэткія візытоўкі называліся асабістымі ці іменнымі. З часам і з пашырэньнем сфэры ўжываньня картак на іх сталі пазначаць кантактную інфармацыю: адрэсу асобы, пазьней — нумар тэлефону й г.д., а таксама род заняткаў, месца працы. Візытоўкі сталі неад’емнай часткай ня толькі сьвецкага жыцьця, але й дзелавых адносінаў. Пачалі зьяўляцца візытныя карткі ўжо не асобаў, а фірмаў, кампаніяў, арганізацыяў.

Уласна беларускія візытоўкі, выглядае, зьявіліся на пачатку ХХ ст. Прыкладам, у Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры й мастацтва захоўваецца візытоўка Браніслава Эпімах-Шыпілы [4] (як найстарэйшая), а таксама Янкі Станкевіча, Антона Луцкевіча, Фабіяна Ярэміча, Аляксандра Ружанцова, Уладыслава Галубка, Аляксандра Ўласава ды іншых [5]. У зборах Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане ёсьць таксама карткі дзеячаў Рады БНР канца 1910-х — пачатку 1920-х гг.: Тамаша Грыба, Вацлава Ластоўскага, Леанарда Зайца ды іншых. У нядаўна знойдзеным фондзе Кастуся Езавітава ў Гувэраўскім інстытуце (ЗША) таксама зьбераглася калекцыя візытовак, сярод якіх ёсьць і прыналежныя беларускім дзеячам Янку Чарапуку, Клаўдыюшу Дуж-Душэўскаму, Станіславу Грынкевічу, Аляксандру Ружанцову, Андрэю Якубецкаму, Уладзіміру Пігулеўскаму.

Пасьля 1917 г. на савецкіх тэрыторыях візытныя карткі былі абвешчаныя буржуазным перажыткам і амаль зьніклі. Выключнай сфэрай ужываньня іх засталася дыпляматыя: кантакты з замежнікамі на найвышэйшым узроўні патрабавалі наяўнасьці візытовак [6] (як прыклад, візытоўка мітрапаліта Філарэта з канца 1970-х гг., пра якую будзе размова далей). І толькі ад пачатку 1990-х гг. візытныя карткі сталі вяртацца ў Беларусь, атрымліваючы ўсё больш шырокае распаўсюджаньне.

У той час, калі ў БССР візытовак не было, беларускія карткі даволі шырока ўжываліся ў асяродзьдзі эмігрантаў на Захадзе. Кантактуючы з навакольным грамадзтвам, пашыраючы інфармацыю пра сябе або свой бізнэс, беларусы карысталіся візытоўкамі. Мэтанакіраваным зьбіраньнем і вывучэньнем іх, наколькі вядома, ніхто не займаўся. Аднак на сёньня сфармаваліся два асноўныя зборы беларускіх візытных картак на Захадзе: у фондах Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане і ў фондах Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. У найвялікшай лёнданскай калекцыі — больш за паўсотні картак, у тым ліку й тыя, што належалі беларускім дзеячам даваеннага часу: Адаму Станкевічу, Вацлаву Ластоўскаму, Вінцэнту Гадлеўскаму, Васілю Захарку ды інш. У нью-ёрскай калекцыі — больш за дзясятак візытовак, пераважна амэрыканскіх беларусаў. Асобныя карткі можна знайсьці ў архіўных зборах беларусаў Канады.

На сёньня намі выяўлена 81 візытная картка ў эміграцыйных калекцыях, і менавіта пра іх пойдзе размова далей. Храналягічна яны ахопліваюць пэрыяд ад 1919 г. да 2011 г.: да найбольш раньніх (з тых, што магчыма больш-менш дакладна лякалізаваць у часе) трэба аднесьці візытоўку Тамаша Грыба, а да найбольш позьніх — уладыкі Сьвятаслава (Логіна). Ня ўсе выяўленыя карткі ўласна эміграцыйныя. З 81 візытовак тры належаць беларускім дзеячам, што жылі ў Вільні (той самы Тамаш Грыб, Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі), адна — пробашчу касьцёлу ў Тракелях на Гарадзеншчыне ў 1920-х гг. Міхалу Шалкевічу (1891—1972). Ня быў эмігрантам і мітрапаліт Філарэт, патрыяршы экзарх Заходняй Эўропы ў 1978—1984 гг., на чыёй візытоўцы пазначаныя дзьве адрэсы: парыская й менская. Таксама сярод згаданых візытовак ёсьць і некалькі не беларускіх ў строгім сэнсе: Баляслава Слосканса, Апостальскага адміністратара Магілёўскага й Менскага, ды сябры Беларуска-бэльгійскага таварыства а. Робэрта ван Кавэлярта. Аднак з увагі на рэдкасьць і каштоўнасьць усіх згаданых картак, а таксама на тое, што яны захоўваліся менавіта ў беларускіх эміграцыйных зборах, мы ня выключылі іх з нашага разгляду.

Геаграфічна візытоўкі разьмеркаваныя ў пэўнай згодзе з асаблівасьцямі расьсяленьня беларускіх эмігрантаў на Захадзе і рэпрэзэнтуюць 13 краінаў. Найбольш картак (23) паходзіць з ЗША, на другім месцы паводле колькасьці — Вялікабрытанія (13), але тут варта ўлічваць, што найбагацейшая калекцыя захоўваецца менавіта ў гэтай краіне. Далей ідуць Францыя (9), Канада (8) і Італія—Ватыкан (9), але сярод апошніх — пяць запар візытовак а. Пётры Татарыновіча, які празь вялікую колькасьць кантактаў, відаць, меў багата картак рознага выгляду. Далей па колькасьці: 5 візытовак з Бэльгіі, 4 — зь Нямеччыны. Унікальныя карткі (па адной з краіны): Прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі з Чэхіі, на той час студэнта Ўладыслава Рыжага-Рыскага з Гішпаніі, прадпрымальніка Вацлава Мароза з Бразыліі, дзе ніколі не было беларускіх арганізацыяў, і пісьменьніка Сакрата Яновіча з Польшчы. Не ва ўсіх выпадках можна дакладна вызначыць геаграфічную прыналежнасьць візытоўкі (напрыклад, візытоўкі Вацлава Ластоўскага й Леанарда Зайца). На некаторых пазначана адразу некалькі краінаў: прыкладам, на візытоўцы Баляслава Слосканса пазначаныя рымская й лювэнская адрэсы, ва ўладыкі Сьвятаслава (Логіна) — нью-ёрская й таронтаўская. А на картцы мастака з Італіі Мікалая Касака ад рукі напісаная адрэса Часлава Ханяўкі з амэрыканскага Саўт-Рывэру. Айцы Леў Гарошка ды Часлаў Сіповіч мелі візытоўкі з розных краінаў: першы з Францыі й Вялікабрытаніі, другі — з Ватыкану ды Вялікабрытаніі, што адлюстравала геаграфію іх дзейнасьці.

Маючы на мэце рэпрэзэнтацыю для замежнага грамадзтва, большасьць візытовак (за выняткам віленскіх) ужывае іншыя мовы апроч беларускай. Пераважна гэта ангельская, меней францускай, італьянскай, ёсьць нямецкая, гішпанская, партугальская, польская.

Візытоўкі адрозьніваюцца паводле памеру, што можа быць і адзнакай часу, і адлюстраваньнем варыянтаў стандартаў візытовак, якія дзейнічаюць у розных краінах. Найбольшы памер маюць старыя візытоўкі Вацлава Ластоўскага, Тамаша Грыба, Леанарда Зайца, Адама Станкевіча, найменшы — картка брадфардзкага беларускага выдавецтва “Крыніца” зь ягоным кіраўніком Алесем Бутам.

Іншае вонкавае адрозьненьне картак зьвязанае з выкарыстаньнем колераў. Толькі пяць з выяўленых візытовак надрукаваныя з ужываньнем болей як аднаго колеру. Сярод іх дзьве належалі царкоўным герархам БАПЦ, а адна — беларусу з Рыё-дэ-Жанэйра, які меў бізнэс па фарбаваньні вырабаў са скуры й плястыку, што вымагала адметнага выгляду візытоўкі. На большасьці картак надпісы надрукаваныя клясычным чорным колерам. Аднак ёсьць і варыянты чырвонага, сіняга й нават залатога (на зялёным фоне). Шрыфты выкарыстоўваліся самыя разнастайныя: і імітацыі рукапісных надпісаў старых картак, і падобныя да літараў друкаркі, і кшталту шрыфтоў царкоўных кніг (у праваслаўных герархаў), і звычайныя простыя без засечак (найбольш частыя), і шмат іншых, нават гатычны. Малюнкі выкарыстоўваюцца мала: гэта або лягатыпы кампаніяў, або царкоўныя ці дзяржаўныя сымбалі (на візытоўцы Раісы Жук-Грышкевіч — сьцяг Канады, у Міколы Дзямідава — Пагоня), або малюнкі (прыкладам, у Міколы Прускага на візытоўцы ганаровага сябры мястэчка хлапцоў).

Часам візытоўкі выкарыстоўваліся ня толькі як носьбіт пэрсанальнай інфармацыі, але й для перадачы прывітаньняў ці пасланьняў ад імя ўладальніка. Так, на адной картцы Барыса Рагулі як старшыні Цэнтралі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў зроблены надпіс ад рукі “з жонкай вітае Вас”. А на візытоўцы Янкі Запрудніка — “З прывітаньнем. Янка Запруднік. 19.ІХ.73”. Часам такога кшталту надпісы адразу друкаваліся, як на картцы Брадфардзкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі стаіць пазнака “With compliments of…”.

Паводле тыпу ўладальніка карткі можна падзяліць на дзьве групы: пэрсанальныя (візытоўкі асобаў) і карпаратыўныя (візытоўкі арганізацыяў без пазнакі асобаў). Апошніх у калекцыях было выяўлена няшмат: гэта карткі Брадфардзкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, “Клясычнай дэнтыстычнай лябараторыі” таго ж Згуртаваньня ды Беларуска-амэрыканскага рэспубліканскага клюбу. Усе іншыя візытоўкі можна аднесьці да пэрсанальных, якія ў сваю чаргу варта падзяліць на іменныя (у ангельскай мове яны яшчэ маюць назву calling cards), дзелавыя (business cards) і дыпляматычныя.

Іменныя візытныя карткі, што паводле старой традыцыі ўтрымлівалі толькі імёны, даволі рэдкія. Сярод выяўленых намі іх тры: адна — Раісы Жук-Грышкевіч і дзьве — Пётры Татарыновіча. Пры гэтым у абаіх ёсьць і іншыя візытоўкі з кантактнай інфармацыяй.

Асобнае месца займаюць франкамоўныя дыпляматычныя карткі Вацлава Ластоўскага й Леанарда Зайца. На іх акрамя імёнаў ёсьць толькі пазначэньне афіцыйнага статусу ўладальніка ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, ад імя якой абое меліся выступаць.

Большасьць жа з выяўленых візытовак можна аднесьці да дзелавых. Варыянтаў прадстаўленьня на іх інфармацыі багата. Часам больш увагі аддаецца фірме ці арганізацыі, а асоба нібыта адыходзіць на другі плян, прыкладам, карткі Антона Маркевіча й Кастуся Акулы як сябраў беларускай выдавецкай суполкі “Пагоня” ў Таронта. У іншых варыянтах дамінуе якраз асоба, а далей ідзе пазнака яе статусу й кантактная інфармацыя.

Дзелавыя візытоўкі зьяўляюцца найбольш каштоўнымі як гістарычныя крыніцы. Яны даюць магчымасьць спраўдзіць ня толькі напісаньне імя й адрэсы, па якой жыў той ці іншы дзеяч у пэўны час, але й ягоны статус, месца працы. Так, дзякуючы візытоўцы можна ўдакладніць месца службы ў Францыі ксяндза Францішка Чарняўскага — мястэчка Ізэр на паўднёвым усходзе краіны, у рэгіёне Рона—Альпы. На візытоўцы Тамаша Грыба пазначанае ягонае імя як Тумаш-Антон, а таксама ягоныя пасады: “Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі / Сябра Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны / Загадчык Аддзелу “Нацыянальнае еднасьці” пры Беларускім Урадзе — / Радзе Народных Міністраў / Рэдактар беларускіх газэт: “Грамадзянін” у Вільні і “Родны Край” у Горадні”. А на адной з картак Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка можна прачытаць “Ing. econimiste, liciencie es letters” (“Інж[ынэр] эканаміст, бакаляўр філялёгіі”), што выклікае пытаньні пра профіль ягонай адукацыі, атрыманай у Карлавым унівэрсытэце Прагі (традыцыйна лічыцца, што ён скончыў факультэт гісторыі й сацыялёгіі).

Як да любой крыніцы, да візытовак трэба ставіцца крытычна. Прыкладам, калі а. Пётра Татарыновіч, паводле адной з картак, рэпрэзэнтуецца як старшыня Беларускага цэнтру ў Рыме, то трэба ўлічваць, што гэтая структура ў рэальнасьці магла складацца з аднаго чалавека. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра Інстытут Льва Сапегі ў Мадрыдзе, генэральным сакратаром якога пазначаны на візытоўцы Ўладыслаў Рыжы-Рыскі.

У эміграцыйных сховішчах захавалася толькі невялікая частка беларускіх візытных картак. У прадстаўленай выбарцы ёсьць выразныя лякуны — напрыклад, ня выяўлена ніводнай карткі беларусаў з Аўстраліі ці Аргентыны, дзе ў пэўныя часы жыло багата нашых суайчыньнікаў. Разам з тым, нават на падставе параўнальна невялікага збору можна сьцьвярджаць, што візытоўкі — адметная крыніца гістарычнай інфармацыі, а таксама цікавы й варты ўвагі від друку.

[1] Басманова, Э. Визитная карточка: История и современность. Москва, 2010. С. 11—15.

[2] Басманова, Э. Визитная карточка… С. 16—18.

[3] Гл.: Post, Emily. Cards and Visits // Etiquette in Society, in Business, in Politics and at Home. New York: Funk & Wagnalls Company, 1922. http://www.bartleby.com/95/10.html; Басманова, Э. Визитная карточка… С. С. 19—22.

[4] Беларускі Дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва (БДАМЛіМ). Фонд 401. Воп. 1. Спр. 15.

[5] БДАМЛіМ. Фонд 3. Воп. 1. Спр. 94, 97, 256, 260, 261; Фонд 66. Воп. 1. Спр. 1500.

[6] Басманова, Э. Визитная карточка… С. 63—67.

КАЛЕКЦЫІ