Зміцер Косцін: Soncahraj дае магчымасць сустрэчы фальклору з Беларусі і беларусаў з Падляшша
2023-04-14 14:17
Фестываль беларускай традыцыі Soncahraj, які арганізуе фонд “Tutaka”, рыхтуецца другі раз прыняць гасцей на Падляшшы. Фінал мерапрыемства запланаваны на 24 чэрвеня на Семяноўскім вадасховішчы ў вёсцы Бандары, але фестывальныя імпрэзы пройдуць і раней у трох іншых мясцовасцях: Дубічах Царкоўных, Саколе і Супраслі.
Падрабязней пра ідэю фестывалю і пра яго сёлетнія адметнасці пагаворым з нашым госцем – галоўным арганізатарам і ідэйным натхняльнікам фестывалю Soncahraj Змітром Косціным.
РР: Сёлета фестываль Soncahraj будзе праходзіць другі раз. Ужо ёсць тэрміны, ёсць планы. Я толькі хачу адразу зазначыць, што ў маім адчуванні стварэнне гэтага фестывалю было заўсёды, не ведаю, ці тваёй марай, але напэўна ўжо шмат гадоў гэтай ідэяй ты жыў.
Зміцер Косцін: Так сапраўды, бо не хапала мне месца і прасторы дзе была б магчымасць прадстаўляць традыцыйны фальклор, прадстаўляць традыцыйную музычную культуру як Беларусі, так і беларусаў Падляшша. Вельмі мне хацелася, каб было такое месца, дзе могуць сустракацца разам і ўзаемна дзяліцца, расказваць, бо ў Беларусі гэты рух аўтэнтычнага фальклору, традыцыйнай музыкі толькі цяпер набірае абароты, зрабіўся больш заўважны. Свайго часу Студэнцкае этнаграфічнае таварыства было такім месцам, дзе гэта ўсё нараджалася, адкуль паўставалі капэлы і розныя ініцыятывы, але рэдка ў рэпертуар траплялі песні з Падляшша. Бо Падляшша неяк традыцыйна заставалася за мяжой, мала даследаванае, мала вядомае. І апошнія гады трошкі гэта змянілася. Таму нарадзілася ідэя даць магчымасць сустрэчы аўтэнтычнаму фальклору з Беларусі і беларусаў з Падляшша.
РР: Наколькі цяжка вось ужо другі год запар шукаць удзельнікаў гэтага фестывалю? Наколькі ёсць яшчэ шмат калектываў, носьбітаў гэтага аўтэнтычнага спеву?
Зміцер Косцін: Гэта нялёгкая справа. Тут трэба адразу сказаць, па-першае, сённяшняя сітуацыя ў Беларусі не спрыяе таму, каб мець магчымасць запрасіць традыцыйныя гурты, традыцыйныя капэлы. Спадзяемся ўсё ж пабачыць у чэрвені на Беласточчыне тых, каго мы запрасілі. З другога боку, таксама сыходзяць традыцыйныя калектывы. На сённяшні момант не так шмат іх засталося. А калі і ёсць, то нярэдка трошкі пад уплывам, не ведаю, ці то мастацкіх кіраўнікоў, ці можа моды, замест аўтэнтычнага свойскага фальклору пераймаецца часам эстрадны фальклор з Беларусі. Тут прыгадаю адразу «Чарку на пасашок», «Польку беларускую», аўтарскія песні, якія некаторыя ўспрымаюць як народныя. А пры гэтым зусім не ведаюць і не вяртаюцца да традыцыйных песень сваіх маці, бацькоў, бабуляў, дзядуляў. І другі раз пры нагодзе фестывалю мы ладзім такія майстар-класы, такія варштаты, дзе не толькі вучым традыцыйны фальклор з ваколіц тых людзей, з якімі мы працуем, але таксама спрабуем вярнуць калектывы, якія шмат гадоў ужо дзейнічаюць, да старога рэпертуару. Сёлета гэта «Журавінкі». Гэта такі беларускі гурт з Агароднічак з-пад Супрасля. Гурт, які ніколі не меў плыты, паводле нас не даацэнены. (…)
РР: Я запрашаю ўсіх запланаваць гэты дзень, 24 чэрвеня, калі адбудзецца фінал фестывалю Soncahraj, бо фестываль пачнецца крыху раней. Усю праграму можна шукаць у сацыяльных сетках, дзе ёсць інфармацыя пра Soncahraj. І вельмі важна, што будзе анлайн-трансляцыя.
Зміцер Косцін: Усіх сардэчна запрашаем!
Цалкам размова.
Беларускае Радыё Рацыя, размаўляла Яна Запольская