Фрагмэнт віншавальнага ліста Ўладзімера Зяленскага 23 студзеня ў Варшаве на цырымоніі з нагоды 160-годдзя пачатку паўстаньня 1863 году зачытаў амбасадар Украіны Васіль Зварыч.«Сёньня мы адзначаем важную падзею ў гісторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы... 160 гадоў таму нашыя народы аб’ядналі свае сілы і сталі плячом да пляча супраць расейскага імпэрыялізму і тыраніі», —
гаварылася ў віншавальным лісьце, які зачытаў
Васіль Зварыч ад імя прэзыдэнта Ўкраіны падчас цырымоніі, прысьвечанай угодкам пачатку паўстаньня Каліноўскага.
Адначасна сам Зварыч ва ўступным слове зьвярнуўся ня толькі да згаданых народаў, але і да «шаноўных прадстаўнікоў супольнасьці народу беларускага».
Рада БНР выказала засмучэньне з нагоды таго, што «ў дні, калі адзначаецца
160-гадовы юбілей пачатку паўстаньня
Кастуся Каліноўскага супраць расейскай імпэрыі, прэзыдэнт Украіны не знайшоў магчымасьці прыгадаць удзел у ім беларускага народу».
«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасьці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Аднак важна памятаць, што Лукашэнка зьяўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога зьнішчыць незалежнасьць Беларусі», – гаворыцца ў заяве Рады БНР з гэтай нагоды.
Прэзыдэнт Польшчы
Анджэй Дуда ў сваім выступе зазначыў, што ён верыць, што свабода, дэмакратыя і воля да самавызначэньня перамогуць таксама ў Беларусі, і беларускі народ дачакаецца сваёй свабоды.
Ён таксама выказаў надзею, што «беларускі народ здабудзе сваю свабоду ў рамках сваёй мірнай, барацьбы за тое, што яму аб’ектыўна належыць — правы на абсалютнае самавызначэньне на сваёй уласнай зямлі».
Сьвятлана Ціханоўская, якая таксама прысутнічала на ўрачыстым мерапрыемстве, падзякавала Дуду за тое, што згадаў беларусаў у прамове.
Ціханоўская сустрэлася з Дудам і прэзыдэнтам Літвы
Гітанасам Наўседам пасьля цырымоніі.