80 гадоў таму нацысты ўчынілі расправу над жыхарамі Пінска польскага паходжання


Роўна 80 гадоў таму, 22 студзеня 1943 года, нацысты ўчынілі расправу над жыхарамі Пінска польскага паходжання. Гэта была помста акупантаў за паспяховую аперацыю польскага падполля па вызваленні з пінскай турмы сваіх паплечнікаў і цывільных вязняў – усяго сарака чалавек. Нацысты ў адказ забілі 30 мірных пінчукоў, чальцоў так званага Польскага камітэта горада.

Краязнаўца Эдвард Злобін гаворыць, што ў гэты камітэт напачатку акупацыі нацысты ўключылі прадстаўнікоў інтэлігенцыі, знаных асоб:

– Польскі камітэт быў створаны намінальна, галоўная яго мэта – папярэдзіць любы супраціў з боку польскага насельніцтва горада. То бок гэтыя 30 чалавек – былі ўжо закладнікі. Таму і выбіраліся важныя, знаныя гараджане, і ўсе разумелі, калі нешта здарыцца, гэта тыя – якія будуць расстраляныя. Гэта было адразу зразумела.

У час карнай аперацыі асаблівую мужнасць праявіў ксёндз Вітальд Івіцкі. Выявілася, што да месца расстрэлу прывезлі 31 закладніка, нацысты прапанавалі святару захаваць жыццё. Але ксёндз папрасіў адпусціць замест сябе шматдзетнага начальніка пінскага чыгуначнага вакзала Аляксандра Мікульскага, што і было зроблена. Усіх астатніх забілі.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя