Макс Шчур: Задача была паказаць жыццё маіх герояў ва ўсіх магчымых жыццёвых аспектах
2023-01-21 21:51
Беларускі пісьменнік, які ўжо два дзесяцігоддзі жыве ў чэшскай Празе – Макс Шчур, прэзентаваў на ютубе сваю новую кнігу “Там, дзе нас няма”, прысвечаную жыццю ягоных аднагодкаў-студэнтаў у Менску 1990-х гадоў.
Распавядае сам літаратар:
– Немагчымасць апісаць свой новы досвед. Перш чым апісваць досвед пераездаў, змены рэчаіснасці, трэба закрыць гештальт з папярэднім. Адзінае, што я магу сапраўды апісаць – гэта гады свайго навучання ў Менску, і ўсё што падчас гэтага адбывалася. Гэта проста гісторыя некалькіх маладых людзей, якія штосьці робяць, кудысьці ідуць. Задача была такая, каб паказаць іхнае жыццё ва ўсіх магчымых жыццёвых аспектах як мага больш падрабязней і пажадана бесперарыўна, без перарыву на сон. Борхес напісаў, што ўся чалавечая гісторыя адбываецца на працягу 24-х гадзін.
Кніга “Там, дзе нас няма” выйшла ў лічбавым выглядзе і дасяжная для спампоўвання. Макс Шчур піша па-беларуску і па-чэшску, уганараваны літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройца за 2016 год.
Беларускае Радыё Рацыя