Старшыня «Маладых крэсаў»: Нават у рэпрэсіях рэжым Лукашэнкі праяўляе дробязнасць
2022-11-22 12:45
Міраслаў Капцэвіч лічыць, што рэжым Лукашэнкі заўжды варожа ставіўся да палякаў у Беларусі, але пасля народнага ўздыму 2020 г. іх палажэння яшчэ больш пагоршылася.
У лепшых традыцыях бальшавізму, рэжым Лукашэнкі вызначыў сваім галоўным ворагам «панскую Польшчу». Але зараз Польшча – гэта дэмакратычная дзяржава, актыўны чалец НАТА і Еўразвязу, які з відавочных прычынаў займае ролю рэгіянальнага лідара. Нягледзячы на спробы выклікаць штучны міграцыйны крызіс Лукашэнка не ўстане дацягнуцца да самой Польшчы, што калісьці ўдалося бальшавікам.
За тое пад татальны пераслед трапляе другая па колькасці нацыянальная меншасць у Беларусі, а менавіта польская, якая толькі па афіцыйных дадзеных складаецца з 200 тыс. грамадзянаў Беларусі. Як на сваім прыкладзе даказалі лідары гэтай меншасці – палітвязні Анжэліка Борыс і Анджэй Пачобут – польская нацыянальная прыналежнасць не перашкаджае быць сапраўднымі патрыётамі Беларусі.
Актывіст разагнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі тыдзень таму паведаміў, што пракуратура распачала на актывістаў арганізацыі крымінальную справу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле Занеўскага адбыліся ператрусы ў кватэрах старшыні праўлення Саюзу Палякаў Беларусі Ірэны Валюсь і віцэ-старшыні Рэнаты Дземянчук.
Старшыня польскай няўрадавай арганізацыі «Маладыя крэсы», якая гуртуе польскую моладзь Беларусі, Літвы ды Украіны, Міраслаў Капцэвіч лічыць, што рэжым Лукашэнкі заўжды варожа ставіўся да палякаў у Беларусі, але пасля народнага ўздыму 2020 г. іх палажэння яшчэ больш пагоршылася:
-У беларускіх мясцовасцях, дзе значаную частку насельніцтва складаюць палякі, апошнім часам нярэдка здараліся выпадкі, калі 70-80% выпускнікоў дзеля атрымання вышэйшай адукацыі з’язджалі ў Польшчу. Так складвалася не толькі таму, што яны адчувалі паклікання да вяртання на гістарычную радзіму.
Еўрапейская сістэма адукацыі, неабмежаваныя магчымасці творчай і акадэмічнай рэалізацыі, адсутнасць цемрашальства ў адукацыйных праграма і многае іншае падштурхоўвалі маладзёнаў абіраць Польшчу. Зараз рэжым Лукашэнкі помсціць тым, хто пасля атрымання польскай адукацыі вярнуўся ў Беларусь, каб працаваць там. Фактычна польскія дыпломы выведзеныя з пад права. Гэта агідная дробязнасць з боку ўладаў. (...)
Размову з Міраславам Капцэвічам цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!
Эдуард Жолуд