Сяргей Абламейка: Уздым беларушчыны быў заўсёды наўпрост звязаны з аслабленнем Масквы


На сустрэчы з чытачамі ў Беларускім музеі ў Вільні нядаўні лаўрэат прэміі Гедройця гісторык, пісьменнік, журналіст Сяргей Абламейка прадставіў шэраг кніг, выдадзеных у апошнія гады.

На сустрэчы шмат вялося пра цуд нараджэння нацыі – менавіта так разглядае Сяргей Абламейка ў сваёй апошняй кнізе „Чаму Беларусь не Расея” падзеі 2022 года ў Беларусі. Але, як заўважыў пісьменнік у размове з нашым карэспандэнтам, рэакцыя рэжыму і дапамога яму імперскай Масквы не выключае і зваротнага шляху:

– Усё залежыць ад гістарычнай працягласці гэтага перыяду. Расея можа лёгка ліквідаваць у тым сэнсе, што калі захопіць цалкам тэрыторыю, калі там будуць генацыдныя захады, падаўленне ўсяго. Але я вам скажу, што з іншага боку ёсць эміграцыя, ёсць кнігі, нейкія традыцыі. Мне цяжка ўявіць, што гэта працягнецца пяцьдзясят гадоў.

Сяргей Абламейка
заўважае, што ўсе поспехі падчас уздымаў нацыянальнага руху беларусаў супадалі з аслабленнем і паразамі Расеі:

– Аслабла Расея, аслабнуў ціск, у другой палове 80-х гадоў мы зноў паднялі галаву. Такім чынам наш лёс наўпрост залежыць ад лёсы Расеі і яе сіл. Янанас трымае культурна і палітычна.

На гэтым тыдні Сяргей Абламейка атрымаў першае месца прэміі Гедройця-2022 за кнігу ў жанры гістарычнага нон-фікшн „Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая”.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя