Русціс Камунтавічус: Нягледзячы на рэпрэсіі і вайну, кангрэс адбываецца
2022-10-01 22:38
У літоўскім Коўне другі дзень ідзе праца Кангрэсу даследчыкаў Беларусі. У першы дзень тут разглядаліся шматлікія пытанні, датычныя Беларусі, – ад аналізу сённяшняй беларускай эканомікі, да стану літаратуры, а таксама абмяркоўваліся адносіны Беларусі і Украіны ў кантэксце вайны і пытанні беларускай ідэнтычнасці.
Пра асаблівасць сёлетняга Кангрэсу расказаў галоўны арганізатар форуму з літоўскага боку, дацэнт унівесітэту Вітаўта Вялікага і дырэктар інстытута Вялікага Княстава Літоўскага Русціс Камунтавічус.
РР: Сёлетні Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбываецца ў вельмі складаных умовах. Дадаліся не толькі ковід, праблемы ў Беларусі, рэпрэсіі, але і вайна ва Украіне. Наколькі складана было сёлета арганізаваць кангрэс?
Русціс Камунтавічус: Я думаў у мінулым годзе, што цяжка было, бо быў ковід, і шмат людзей не змагло прыехаць, палова працавалі праз Zoom. А ўгэтым годзе з Беларусі вельмі шмат людзей не змаглі прыехаць не праз ковід, а праз палітычную сітуацыю. Але беларусы прыехалі з Еўропы. Тыя, хто з’ехаў і працуюць у замежных універсітэтах. Ёсць шмат небеларусаў. Раней шмат было ўкраінцаў, зараз іх менш. Шмат літоўцаў, палякаў, з Германіі шмат удзельнікаў. У гэтым годзе, што цікава, упершыню шмат сярод валанцёраў беларусаў. Гэта тыя, хто прыехаў апошнім часам, і жывуць у Вільні ці Коўне. Раней валанцёрамі былі літоўцы ці італьянцы. Беларусы, малайцы, кансалідуюцца. І трэба ўзгадаць, што гэта ўжо дзясяты, юбілейны, кангрэс. Вельмі прыемна, што нягледзячы на ўсё, нават на вайну, ён адбываецца.
Другі дзень Кангрэсу таксама абяцае быць насычаным. Сярод іншых будуць абмяркоўвацца такія вострыя пытанні: як санкцыі ў адносінах да Беларусі і праблемы беларускай дыяспары ў святле апошніх падзеяў у рэгіёне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя