У Зэльве адбылася першая прэзентацыя кнігі пра Сынковіцкую царкву
2022-10-01 15:17
У Зэльве адбылася першая прэзентацыя кнігі Святланы Літвінчык “Сынковічы. Вера і вернасць”, якая нядаўна пабачыла свет у Менску.
На сустрэчу прыйшлі тыя, хто цікавіцца творчасцю сваіх землякоў і гісторыяй роднай Зэльвеншчыны.
Падчас прэзентацыя Святлана Літвінчык адзначыла, што “мэта выдання “Сынковічы. Вернасць і вера” – не толькі аднавіць і ўзгадаць гісторыю старажытнага храма, але і ўвекавечыць праз успаміны доўгажыхароў, сведкаў, “жыццё” святыні ў розныя перыяды. Кожны асобны расказ –запамінальны, змястоўны – стаў адным цэлым для стварэння вобраза крэпасці-волата, які жыве і будзе жыць, званы якога будуць разносіцца далёка за межамі Сынковічаў і запрашаць тысячы паломнікаў да малітвы, гутаркі з Богам. Я вельмі ўдзячна настаяцелю храма айцу Арсенію Ананку за ініцыятыву, падказку і дапамогу, і вельмі шчаслівая, што выданне пабачыла свет якраз перад значнай падзеяй — юбілею царквы”.
Загадчыца Зэльвенскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Наталля Глушэня падзякавала аўтару за карпатлівую работу, цікавы аповед, пажадала далейшага творчага натхнення. Выказалі словы падзякі Святлане Літвінчык і першыя чытачы, а таксама калега па паэтычнаму, мастацкаму слову Яніна Шматко.
Пасля сустрэчы, жадаючыя змаглі набыць кнігу пра Сынковічы і атрымаць аўтографы аўтаркі.
Беларускае Радыё Рацыя