Алесь Дземідзенка: Лукаш Сцепанюк быў пазітыўным, энергічным і добрым чалавекам
2022-09-29 20:27
3-га кастрычніка нашаму калегу, журналісту Беларускага Радыё Рацыя Лукашу Сцепанюку споўнілася б 45 гадоў. На вялікі жаль, да гэтага дня ён не дажыў. Але за свой час паспеў зрабіць шмат добрых спраў.
Таму і не дзіўна, што менавіта 3-га кастрычніка вялікім канцэртам у Беластоку таленавітага творцу прыгадаюць адметныя беларускія і польскія дзеячы. Сярод іх – гурты „Relikt”, „Ilo & friends”, музыка Аляксандр Памідораў, пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Сёння ж добрымі ўспамінамі пра Лукаша Сцепанюка і не толькі ў размове з нашай журналісткай дзеліцца „Госць Рацыі” барабаншчык гурта „Relikt” Алесь Дземідзенка:
– Так, наша знаёмства адбылося на фестывалі „Rockowisko” у Гайнаўцы ў 2013 годзе. Я памятаю гэтага чалавека, які з захапленнем удзельнічаў у арганізацыі фестывалю, ён здымаў відэа, выкладаў на свай ютуб-канал. Наш самы першы выступ, які адбыўся на фестывалі „Rockowisko” ёсць у інтэрнэце на канале Лукаша. Ён таксама рабіў інтэрв’ю. Ён падыходзіў, знаёміўся з музыкамі, размаўляў. Я памятаю гэтага прыемнага, пазітыўнага, энергічнага, добрага чалавека, які падышоў да нас і пачаў размаўляць. Ён распавядаў пра сябе, пытаўся пра нас. Мы з ім сябравалі ў Фэйсбуку, камунікавалі. Ён дапамагаў гурту, прыходзіў на нашы канцэрты, калі мы выступалі на Падляшшы ў Польшчы. Заўжды з ім была нейкая гутарка, заўжды была сустрэча. Яна была афіцыйная ці неафіцыйная. Мы з ім шмат размаўлялі пра музыку, пра справы, пра тое, што адбываецца навокал. Заўжды ў яго была цікавасць да ўсяго. Ён акумаляваў у сабе культурную энергію і распаўсюджваў яе далей. Калі мы з ім сустракаліся, то вельмі ўздымаўся настрой, бо ён быў пазітыўны і гэты пазітыў як Wi-FI раздаваў навокал. Гэта сапраўды так. Мы бачылі Лукаша: „Супер, пайшлі павітаемся з ім”. Ён заўжды размаўляў, вельмі добра да ўсіх ставіўся. Я раскажу такую маленькую гісторыю, ён заўжды хацеў дапамагаць беларускім музыкам, у тым ліку гурту „Relikt”. У яго быў прыбор музычны лімітр, ён нам яго падараваў, бо ён хацеў неяк дапамагчы гурту. Ён быў нам патрэбны і мы яго выкарыстоўвалі ў сваіх музычных мэтах на сваёй студыі і на канцэрты бралі. Лукаш хацеў хаця б неяк дапамагчы, хаця б неяк паўдзельнічаць у развіцці гурта. Я памятаю, як 1н прыйшоў: „Хлопцы, у мяне ёсць для вас падарунак. Можа вам гэта патрэбна?”. Мы: Так, канешне патрэбна”. Ён хацеў, каб было развіццё гэтага. Я ўпэўнены, што шмат хто можа сказаць пра добрыя ўчынкі Лукаша, пра яго ўнёсак прамы ці ўскосны. Якая б імпрэза не прайшла на Падляшшы, асабліва да 2020 года, да кавіду, заўжды выходзілі такія відэасправаздачы, заўжды якасна, заўжды ён намагаўся зрабіць добрую карцінку, добры гук, у яго гэта атрымлівалася. Ён быў добры прафесіянал, у яго была вельмі высокая працоўная этыка. Гэта канешне натхняла. Вельмі шкада, што чалавек так рана сышоў, бо ён зусім малады. Я памятаю, калі мы гэту навіну пабачылі, мы толькі пераехалі ў Варшаву, 30-га траўня ў нас быў першы такі маленечкі выступ пасля перапынку. Мы выкінулі відэа і Лукаш і Інстаграме пракаменціў: „Файны выступ, рады бачыць вас зноў разам”. Пажадаў, каб мы хутчэй уз’ядналіся. Мы адчулі, што ўсё як раней, тыя людзі, тыя сябры, яны таксама побач. Пасля гэта навіна вельмі ўвагнала нас у смутак.
Пакуль жа пачуць гурт „Relikt” жыўцом, а таксама ўшанаваць памяць Лукаша Сцепанюка можна ў панядзелак, 3-га кастрычніка, у Беластоку ў „Nie Teatr” (Sienkiewicza 4). Пачатак падзеі ў 19:00.
Беларускае Радыё Рацыя