Галіна Казіміроўская: Вольную Беларусь трэба ствараць там, дзе знаходзішся зараз!
2022-09-27 14:01
Паводле рашэнння журы Міжнароднага Фестывалю Царкоўнай Музыкі „Гайнаўка 2022” першае месца ў катэгорыі „Аматарскія хоры” заняў хор Вольнай Беларусі „Concordia”, які адмыслова прыехаў з Варшавы.
Вольга Сямашка пагутарыла з дырыжорам хору Галінай Казіміроўскай пра тое, што галоўнае ў хоры, ці маюць магчымасць беларусы займацца творчасцю за мяжой і чаму яны былі адзінымі на конкурсе ў Беластоку, хто выканаў малітоўны спеў „Ойча наш” на беларускай мове.
РР: Што азначае назва „Concordia”?
– „Concordia” – гэта яднанне, гэта згода. Ужо гадоў 15-ць існуе гэтая супольнасць, спявае і пражывае жыццё.
РР: Кім з’яўляюцца ўдзельнікі калектыву. Дзе вы зараз знаходзіцеся?
– Хор знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Калі пачаліся пратэсты на Беларусі, то музыкі філармоніі вышлі на прыступкі, каб выказаць сваю пазіцыю, заспявалі „Магутны Божа”. Я, як дырыжор, як харавік, зразумела моц і патрэбу яднання, быць разам з народам. Праз песню мы вельмі добра можам адчуць адзін аднаго, быць плячом да пляча. Хор у гэтым сэнсе такая ідэальная канструкцыя. У хоры вельмі важна спяваць разам. Як і ў жыцці, намаганні аднаго чалавека могуць не даць выніку, а калі мы аб’яднаемся разам, то можа штосьці і атрымаецца. Таксама і ў хоры, калі мы спяваем разам, у хоры важны кожны чалавек. Хор – гэта такая канструкцыя нашага грамадства. Калі пачаўся музычны пратэст, я ўбачыла гэта ўпершыню 13-га жніўня 2020 года, то напісала ліст да свайго хору, што заўтра збіраемся на прыступках філармоніі ці больш не будзем хорам. Для мяне не было іншага выйсця. Увесь хор „Concordia” прыйшоў і з таго часу працягвае свой спеўны пратэст. Гэта ўсё пераўтварылася ў „Вольны хор”, які збіраў больш за 400 чалавек. Калі так жыццё абярнулася, што нас проста выгналі з краіны, наша дзейнасць там расцэньваюць, як экстрэмісцкую, тэрарыстычную, калі гульня становіцца такой, што ты ці за кратамі, ці выязджаеш, я прыняла рашэнне выехаць. Частка хору таксама паехала. Мы працягваем сваю дзейнасць і разам з дзейнасцю „Вольнага хору”, які працягвае сваю барацьбу, з’яўляецца голасам народу, сімвалам пратэсту. „Concordia” больш музычны калектыў, яго мэты музычныя. Напрацягу 15-ці гадоў больш за 70% нашага рэпертуару складала сучасная музыка беларускіх кампазітараў. Прасоўваць гэтую музыку, несці яе, ганарыцца ёй, гэта таксама вельмі важная місія, таму я зразумела, што мне вельмі хацелася абнавіць гэты хор. У Варшаве я сабрала тых людзей, якія былі са мной, а таксама тых, хто проста жадаў спяваць. Мы вырашылі стварыць „Concordia 2.0”. Робім спробу нумар два, не даем загінуць беларускаму мастацтву.
Беларускае Радыё Рацыя