Беларускія музыкі працягваюць выступаць супраць вайны
2022-09-24 13:00
Сімфа-метал-гурт “Belle Morte” прэзентаваў сінгл “Krew”. Акрамя таго, у запісе прынялі ўдзел вакалістка польскага пост-рок-бэнду “Hethet” Ада Русінкевіч і музыка з аднайменнага прагрэсіў-метал-праекта Аляксей Пількевіч.
“Ідэя песні з’явілася ў нас у лютым, неўзабаве пасля нападу Расеі на Украіну”, – расказваюць удзельнікі гурта “Belle Morte”.
– Усе тое, што адбывалася ў той час, гэта настолькі адбівалася і на фізічным стане і на эмацыйным стане, што гэтыя пачуцці папросту неабходна неяк было адлюстраваць у музыцы. Таму музыка, я б сказаў, нарадзілася за адзін вечар. – У мяне круцілася думка зрабіць песню на трох мовах. Бо мяне вельмі ўражвае, як беларускі, польскі і ўкраінскі народы заўжды разумелі адзін аднаго, у адрозненні ад так званых «братоў» расейцаў.
З тэкстам на беларускай мове гурту дапамог Brat K., з вокладкай – Юклер Батвінік.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя