Але як рэагаваць на гэта беларускаму грамадству, калі людзей проста паставяць перад тым фактам, што праз тыдзень-другі адбудзецца рэферэндум па зменах у Канстытуцыю?
— Зараз, на першым этапе, грамадству трэба дастаткова ясна выразіць сваё стаўленне да гэтага рэферэндуму, прычым у масавым рэжыме, — гаворыць палітолаг Андрэй Ягораў. — Публічная дэманстрацыя настрояў грамадства, эмацыянальнае зараджэнне інфармацыйнага плану, якое не патрабуе, скажам, выхаду на вуліцу.
У інфармацыйнай прасторы, у сацыяльных сетках, дзе кожны з нас з’яўляецца тым, хто прадукуе нейкую пэўную інфармацыю, мы можам арганізаваць такія калектыўныя дзеянні, дзе бачныя настроі [грамадства. — Еўрарадыё]. Гэта можа на пэўны час прыпыніць працэс падрыхтоўкі рэферэндуму ўладамі, паказаць, што сітуацыя не такая, як яны сабе гэта ўяўляюць.
А што беларусам ад таго, зменіцца Канстытуцыя ці не? У грамадстве існуе меркаванне, што ўсё, што адбываецца ў заканатворчым полі Беларусі, усё носіць бутафорскі характар. Маўляў, ну зменяць дык зменяць, нам лепш усё роўна не будзе.
— Я таксама падкрэсліваў, што, нават калі новая Канстытуцыя змяняе паўнамоцтвы прэзідэнта, дэ-факта гэта нічога не змяняе, таму што галоўнае тое, “у каго ў руках ружжо”, — тлумачыць палітолаг. — Ружжо ў іх, яны могуць неабмежавана прымяняць гвалт, і нефармальныя структуры ўлады будуць дзейнічаць дэ-факта, нягледзячы на тое, што там напісана ў Канстытуцыі. Галоўным, як яны плануюць, усё роўна застанецца Лукашэнка.
Тут увагу трэба накіроўваць не на Канстытуцыю, а на сам акт змены, дзе нелегітымныя ўлады ўцягваюць нас як бы ў “пераканстытуяванне” ўласнай дзяржавы, ва ўдзел у масавым палітычным дзеянні, дзе нібыта народ пераўсталёўвае нормы жыцця ў новай Канстытуцыі. Нас як бы “кідаюць па-буйному”, падсоўваючы фэйкавыя тэксты, якія ясна што не працуюць, арганізоўваючы незаконную працэдуру, арганізаваную незаконнымі ўладамі.
Тут мы можам альбо паўдзельнічаць у гэтым, так бы мовіць падыграць, альбо пракінуць іх. Я думаю, што пракінуць і зламаць гэтую машынку з’яўляецца больш палітычна рацыянальным дзеяннем з грамадзянскага пункту гледжання.
Такім чынам, па далейшай логіцы нязгода з рэферэндумам у сацсетках павінна перарасці ў байкот?
— Пакуль што я кажу пра тое, што гэтую машынку трэба зламаць, — працягвае Андрэй Ягораў. — Мы можам думаць пра байкот як пра адзін з інструментаў гэтага злому. Сама сітуацыя па рэферэндуме працэдурна патрабуе таго, каб прыйшла і прагаласавала палова людзей, зарэгістраваных у спісках выбаршчыкаў. Зараз у нас ёсць дастаткова шмат тэхналагічных інструментаў — у тым ліку і праз дзеянні “Кібер-Партызанаў”, якія ўзломваюць базы, — з дапамогай якіх мы можам ведаць, колькі там фактычна выбаршчыкаў у краіне, ведаць пра яўку. То-бок гэта падвышае шанцы праз няяўку паказаць зрыў рэферэндуму.
Але гэта не адзіная опцыя. Людзі, напрыклад, могуць прыйсці і зрабіць бюлетэнь несапраўдным — напрыклад, паставіць не адну, а дзве адзнакі і размясціць гэта на платформе “Голас”. Я пакуль не ведаю, якая тактыка будзе эфектыўнай, але яна будзе эфектыўнай тады, калі ў гэтым паўдзельнічае большасць людзей. А для гэтага патрэбна пэўная кансалідацыя палітычных актараў на падставе таго, што менавіта трэба рабіць. Калі не будзе згоды і масавасці гэтага ўдзелу, то нішто не спрацуе.
Калі рэферэндум пройдзе па старой схеме, то ізноў прапаганда будзе гаварыць пра тое, што ўсё адбылося ў адпаведнасці з законам, а пра ўкіды і астатняе “вы ўсё лжаце”. А там, глядзіш — і зноў старонка перагорнутая.
— Мы дакладна ведаем, што так яно і будзе. Але трэба разумець, каго мы пераконваем? — падкрэслівае палітолаг. — Калі мы іх [прапаганду. — Еўрарадыё] хочам пераканаць, то ясна, што мы іх не пераканаем. Калі мы хочам пераканаць грамадства, то гэта іншая задача. Выбары 2020-га паказалі, што яны ўсё зрабілі як заўжды, але грамадства не паверыла ў тое, што Лукашэнка набраў большасць. Тое самае трэба зрабіць і зараз — не даць ім адчуць і атрымаць легітымнасць. Каб людзі зноў пацвердзілі, што ў іх няма ўлады, няма фактычнай легітымнасці.