Алесю Бяляцкаму – 59 гадоў
2021-09-25 19:59
Сёння, 25 верасня, спаўняецца 59 гадоў старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Гэта не першы яго дзень народзінаў за кратамі. У 2011 годзе Алеся таксама затрымлівалі па крымінальнай справе.
Сябра часовай рады “Вясны” Аляксей Колчын успамінае, як тады яны святкавалі 50-годдзе:
– Мы святкавалі амаль усёй арганізацыяй пад тымі ж самымі мясцінамі, у якіх ён зараз, на жаль. Гэта было амаль 9 гадоў таму. Мы хадзілі там па цэнтральных менскіх вуліцах, падпісвалі паштоўкі. Памятаю, што мы былі ў футболках з яго партрэтам. Пастаянна нейкія шарыкі пускалі каля самой Валадаркі. І неяк нам гэта ўсё па тых часах “сышло з рук”. Зараз гэта цяжка ўявіць, што такое магчыма было б у Беларусі.
Алена Маслюкова, праваабарончы цэнтр “Вясна”:
– Я перакананая ў тым, што любая вестачка з волі мае вельмі вялікае значэнне для чалавека, які гэтай волі пазбаўлены. І для Алеся, які ўжо прайшоў праз гэта пекла адзін раз, гэта, напэўна, вельмі цяжка і яшчэ, можа быць, цяжэй, чым было ў першы раз. Таму я сваім абавязкам лічу падтрымліваць сябра. І таму, канешне, я яму напісала некалькі лістоў і паштовак. І вельмі спадзяюся, што яны знойдуць свайго адрасата. За кратамі, акрамя старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага знаходзіцца яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзь Лабковіч, а таксама яшчэ чатыры чалавекі. З гэтай нагоды была запушчана кампанія салідарнасці са зняволенымі “вясноўцамі” пад хэштэгам #FreeViasna.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя