Сьвятлана Ціханоўская — 4-я сярод прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію міру паводле ацэнак букмэкераў
2021-09-18 21:31
Паводле рэйтынгу букмекераў, апублікаванага сайтам nicerodds, Сьвятлана Ціханоўская займае 4-ю пазыцыю ў сьпісе найбольш верагодных ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.
Перад ёй — Сусьветная арганізацыя аховы здароўя,
расейскі палітык Аляксей Навальны,
экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг.
Сьвятлану Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міру вылучыў прэзыдэнт Літвы Гінтаўс Наўседа. Пра гэта стала вядома 30 студзеня.
«Гэта невераемны гонар, і я дзякую Літве за ўсю падтрымку, якую яна аказвае беларусам. Бо вылучэньне — гэта не мая заслуга, гэта дасягненьне народу Беларусі, чыім мірным пратэстам захапляюцца мільёны людзей у розных краінах», — сказала тады Сьвятлана Ціханоўская.
Дасюль толькі адзін беларус атрымліваў Нобэлеўскую прэмію — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якой у 2015 годзе ўручылі прэмію ў літаратуры. Але таксама атрымлівалі Нобэля чатыры ўраджэнцы Беларусі як грамадзяне іншых краінаў.
Сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру намінавалі 234 асобы і 95 арганізацый. Ляўрэата афіцыйна абвесьцяць 8 кастрычніка.
Летась Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Ўсясьветнай харчовай праграме ААН.