У КНДР таксама гавораць пра бізнес: топ-бізнесмен пра «хімію» і перспектывы
2021-09-14 21:29
Бізнесмен Валерый Астрынскі, асуджаны на 2,5 года "хатняй хіміі" за "нявыплату падаткаў" і пазбаўлены на 5 гадоў права весці прадпрымальніцкую дзейнасць, збіраецца заставацца ў Беларусі і далей развіваць тут стартап-экасістэму.
Валерый Астрынскі — сузаснавальнік аб'яднання венчурных інвестараў Angels BAND Belarus, уваходзіць у топ-200 самых уплывовых і паспяховых бізнесменаў Беларусі.
У гутарцы з Еўрарадыё бізнесмен расказаў, як выйшла, што яго асудзілі за здзелкі амаль дзесяцігадовай даўніны, што адбываецца са стартап-экасістэмай і чаму ўсе айцішнікі ўсё роўна не з'едуць.
Крымінальны артыкул за нармальную практыку
Крымінальная справа была заведзеная па артыкуле КК 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) яшчэ ў студзені 2019 года, расказвае Валерый.
— У кантрольных органаў былі прэтэнзіі да работы маіх арганізацый у 2012–2013 гадах. Думаю, прысуд быў чыста эканамічны. Нейкіх намёкаў на палітычную ангажаванасць я ні ад следчага, ні ад пракуратуры не чуў.
Суразмоўнік адзначае, што "крыміналку" атрымаў за тое, што ў той час ніхто не лічыў парушэннем. Рэч у тым, што ў 2012–2013 гадах яшчэ дзейнічала абмежаванне Нацбанка на перадаплату замежным арганізацыям. Каб яе ўнесці, патрабаваўся спецыяльны дазвол Нацбанка.
— Тады лічылася нармальнай практыкай, калі кампанія, якая імпартавала ў Беларусь нейкія тавары, стварала іншую кампанію за мяжой. Тая на заводах або ў трэйдараў закупляла патрэбны тавар, робячы перадаплату. Гэты тавар яна пастаўляла ў афіляваную беларускую арганізацыю, пакідаючы сабе дэльту, звязаную з выдаткамі, якія патрэбныя на ўтрыманне гэтай кампаніі.
Так было прасцей займацца афармленнем міжнародных кантрактаў. І шмат унутраных нюансаў дакументаабароту было прасцей закрываць са сваёй афіляваная кампаніяй, — кажа Валерый.
На думку чыноўнікаў, Беларусь праз гэта недаатрымала падатак на прыбытак. Паколькі тэрмін даўнасці па падатковых злачынствах 10 гадоў, Валерыя Астрынскага асудзілі.
Каб прэтэндаваць на мінімальны тэрмін, суразмоўнік выплаціў шкоду і пеню на суму, роўную суме шкоды.
— Шкода вялікая. Лічбамі не буду апераваць, яны могуць спалохаць, — кажа Валерый Астрынскі.
"52 чалавекі з майго акружэння праходзілі па артыкулах"
У фэйсбуку суразмоўнік пажартаваў, што створыць "партыю крымінальнікаў", раз цяпер яму нельга весці прадпрымальніцкую дзейнасць.
— Гэта, вядома, быў жарт. Хоць у кожным жарце ёсць доля праўды. Я неяк падлічыў, што са спіса майго найбліжэйшага акружэння каля 52 чалавек праходзілі, а некаторыя нават адбывалі крымінальныя тэрміны па палітычных або эканамічных артыкулах.
Пакуль Валерый збіраецца асталявацца ў вёсцы і, наколькі гэта магчыма, развіваць стартап-экасістэму.
— Я ж працягваю быць старшынёй праўлення сеткі бізнес-анёлаў. Пакуль не вызначыўся, ці буду асабіста займацца інвеставаннем. Не вельмі зразумела, што значыць абмежаванне на вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці. Нельга быць іпэшнікам, інвестарам, кіраўніком?
"Нават у Паўночнай Карэі расказвалі пра прыватны бізнес"
Суразмоўнік упэўнены, што, нягледзячы на крымінальныя артыкулы за эканамічныя злачынствы і палітычны крызіс, нейкая эканамічная актыўнасць у Беларусі ўсё роўна будзе. Пытанне толькі ў яе інтэнсіўнасці.
— Калі я быў у Паўночнай Карэі, нам расказвалі, што там ёсць нейкія прыватныя асобы, якія робяць бізнес. У Савецкім Саюзе былі фабрыканты, якія нават па артыкулах расстрэлу праходзілі, і ўсё роўна людзі гэтым займаліся.
Усё ж палітычны крызіс ударыў па інвестыцыйным клімаце.
— З нашых бізнес-анёлаў, напэўна, чалавек пяць з сямідзесяці з'ехалі за мяжу. У нейкі час іх было ўжо каля ста, але з пачатку крызісу многія паставілі гэта на паўзу. Не мегакрытычная лічба, але, натуральна, аптымізму нашмат менш адносна інвеставання ў беларускія арганізацыі. Хоць у стартапах цікавыя менавіта лакальныя каманды. Мы тут усё ведаем, ёсць зваротная сувязь ад кам'юніці. У якой юрысдыкцыі гэтыя хлопцы будуць структуравацца — гэта ўжо іх выбар.
Хоць IT-спецыялісты працягваюць міграваць, гэта падыходзіць не ўсім, падкрэслівае Валерый.
— Я на эміграцыі жыў тры гады ў розных краінах, але жадання дзесьці асталявацца не з'явілася. Цяпер з'язджаюць у першую чаргу, што найбольш сумна, заснавальнікі кампаній або топ-менеджмент. На гэтых людзях асноўныя рызыкі трапіць пад эканамічныя артыкулы. А шараговыя супрацоўнікі, якія не знаходзяцца на палітычнай перадавой, для якіх важна, што тут таннейшае жыццё і ёсць свае сувязі, застаюцца. Жыць у Мінску ўсё-ткі камфортна.
Крэатыўная супольнасць самая рухомая
Камусьці для стварэння стартапаў трэба пастаяннае натхненне і ўзаемадзеянне з супольнасцю людзей, блізкіх па духу, а камусьці добра і аднаму ў гаражы, але ў кожным разе для рэалізацыі новых ідэй абстаноўка цяпер не самая лепшая, адзначае суразмоўнік.
— Крэатыўная супольнасць даволі рухомая. Ёй патрэбен вялікі ўзровень свабоды. Многія крэатыўшчыкі, гэта відаць нават па івэнтарах, з'ехалі. Паводле майго суб'ектыўнага ўспрымання, здаецца, што з крэатыўнага класа, які быў на перадавой, у тым ліку і палітычна, адсоткаў 50 з'ехала. Калі глядзець па IT больш шырока, то каля 25 адсоткаў з'ехала.
Валерый адзначае, што не плануе з'язджаць.
— Можа быць, потым. У якасці прыгоды. Было б цікава працяглы час правесці ў Бразіліі або Перу. Але гэта не будзе звязана з нейкімі рызыкамі для мяне.
Цяпер збіраюся зазямліцца ў вёсцы і тое, што адбываецца ў Беларусі, ўспрымаю крыху па-будысцку. Буду займацца стартап-экасістэмай, сацыяльнымі актыўнасцямі, якія мяне драйвяць, — робіць выснову Валерый Астрынскі.