Байдэн і Пуцін: пра што яны не дамовяцца
2021-06-16 15:15
Ці вызначаюць парадак дня заўтрашняй сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і РФ рашэньні ўчорашняга саміту NATO? Ці могуць Байдэн і Пуцін дамовіцца аб рамках, у якіх будзе адбывацца канфрантацыя? Наколькі імаверная амэрыкана-расейская ўгода наконт Беларусі?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Марозаў
Сустрэча Байдэна з Пуціным — гэта апошняя кропка ў паездцы прэзыдэнта ЗША ў Эўропу.
Гэта не азнаямляльная паездка, гэта вялікі крок у стратэгіі аднаўленьня атлянтычнай еднасьці.
Байдэн выпрацаваў салідарную пазыцыю з максымальна шырокім колам лідэраў дзяржаваў.
Байдэн выкладзе Пуціну пазыцыю, сфармуляваную ў камюніке саміту NATO.
У 2008 годзе была ўпершыню агучаная пэрспэктыва далучэньня Ўкраіны і Грузіі да Паўночна-Атлянтычнага альянсу.
У прыгаданым камюніке падзеі ва Ўкраіне ў 2014 годзе кваліфікуюцца як расейская агрэсія.
Пасьля 2014 году назапасіліся фактары, якія разбурылі дыялёг паміж Масквой і Захадам.
Адбылося шмат крокаў Расеі, якія нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым цынічныя, недружалюбныя дзеяньні.
Значная частка эўрапейскага істэблішмэнту ўспрымала адпаведныя крокі як асобныя інцыдэнты, эксцэсы выканаўцаў, вынік цяжкасьцяў дэмакратычнага шляху.
Да 2021 году гэта прывяло да пунктаў учорашняга рашэньня NATO.
NATO ня будзе лічыцца з пазыцыяй РФ наконт супрацьракетнай абароны ў Эўропе.
NATO падтрымала Чэхію ў яе канфлікце з Расеяй наконт дывэрсіі на вайсковых складах у 2014 годзе.
Альянс вырашыў, што цяпер гібрыдныя дзеяньні будуць разглядацца як агрэсія, а альянс будзе адказваць на іх як на агрэсію.
Грузія і Ўкраіна атрымаюць пляны ўступленьня ў NATO.
У Крамлі гэтыя фармулёўкі будуць прачытаныя як вельмі жорсткія.
Чакаецца дамоўленасьць з удзелам начальніка генэральнага штабу ўзброеных сілаў РФ Валерыя Герасімава наконт лініі сувязі паміж Белым домам і Крамлём і паміж вайскоўцамі дзьвюх дзяржаваў.
Гэта на выпадак узьнікненьня выпадковага вайсковага канфлікту, які неабходна спыніць імгненна.
Магчымы таксама абмен расейскага збройнага барона Віктара Бута, які сядзіць у амэрыканскай турме, на амэрыканскага афіцэра, які сядзіць у расейскай турме па абвінавачваньні ў шпіянажы
Аналёгіі цяперашняга часу з часамі «халоднай вайны» недарэчныя.
Тады да моманту перамоваў аб абмежаваньні ўзбраеньняў быў пэрыяд 30-гадовай канфрантацыі, якая абвастралася. І пры гэтым быў дасягнуты вайсковы парытэт.
Зараз нічога гэтага няма. У Расеі няма хаўрусьнікаў, Расея — небясьпечная, але самотная краіна.
Але яна не ўяўляе такой пагрозы, як СССР.
Мэта Байдэна — цьвёрда сказаць, што Крэмль у сябе ў Расеі можа рабіць што хоча, але вонкавыя цынічныя дзеяньні мусіць спыніць.
Але Пуцін не гатовы адступаць, ён абярэ канфрантацыю.
Што будзе, калі Крэмль пойдзе на крок, яшчэ больш рызыкоўны, чым тое, што ён зрабіў ва Ўкраіне ў 2014 годзе?
Зараз мы ня можам адказаць на гэтае пытаньне.
Грузія ў 2008 годзе паказала: калі няправільна зразумець абяцаньні, то вынік можа быць вельмі кепскім.
У Зяленскага зараз добрая сытуацыя, ён добра прасунуўся на дыпляматычным полі.
Але калі ў яго сарвецца рука, як у Саакашвілі ў 2008 годзе, усе яго посьпехі будуць перакрэсьленыя.
Росквіт крамлёўскай палітыкі экспансіі, прасоўваньня «русского мира» ўжо ў мінулым.
Хоць Беларусь можа стаць апошняй ахвярай гэтай палітыкі.
Ці будзе Захад ваяваць? Будзе.
З улікам цяперашніх адносінаў Масквы і Вашынгтону ўявіць сабе іх угоду наконт Беларусі немагчыма, нават яе абмеркаваньне.
Калі Байдэн падыме беларускае пытаньне, загаворыць пра яго палітычнае разьвязаньне, Пуцін адкажа: ня вам нам расказваць, як нам вырашаць праблемы Беларусі.
Пазыцыя Крамля ўжо сфармаваная: ён не прымае ніякіх заходніх парадаў і прапановаў ня толькі наконт унутранай расейскай палітыкі, але і наконт памежных з Расеяй краінаў.
Адказам будзе, як некалі сказаў Лаўроў, — а давайце мы вам дамо параду, як вам вырашыць праблему Вэнэсуэлы.
Але хутчэй за ўсё ня будзе і гэтага.
Наяўны ўзровень узаемнага даверу выключае якую б ні было амэрыканска-расейскую ўгоду наконт Беларусі.
Лукашэнка давярае тым дадзеным, якія яму прыносяць, паводле якіх яго хочуць скінуць усе — беларускі народ, ЗША, Эўразьвяз, Польшча, Расея.
Што было раней і што будзе далей
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн узяў удзел у саміце NATO.
На саміце сфармуляваныя ўмовы прыёму ў альянс Грузіі і Ўкраіны.
Альянс прыняў рашэньне супрацьдзейнічаць ня толькі простым вайсковым, але і гібрыдным пагрозам.
16 чэрвеня ў Жэнэве адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна.