Гурт Sumarok падрыхтаваў новую песню. Прэм’ера праз тыдзень
2021-06-15 22:02
13 чэрвеня выйшаў тызер сінгла «Караблі» гурта Sumarok. Лідар гурта Ігар Палынскі займаецца музыкай больш за дзесяць гадоў. Ён тэхнічны рэдактар і карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты».
Мы пагутарылі з Ігарам пра новую песню.
– Раскажы, як узнікла песня?
– Верш напісаў мой бацька, Алесь Палынскі, у 1990 годзе, калі яму было 23. У нейкі момант ён перадаў мне архіў сваіх вершаў, і я натрапіў на гэтыя радкі, калі 23 было мне — у канцы 2016 года. Напісаў музыку, але, пару разоў выкананая на канцэртах, песня трапіла ў архіў.
– Чаму ж песня з’явілася менавіта цяпер?
– Летась з’явілася традыцыя выдаваць песні на мой Дзень нараджэння — мінулым летам мы паказалі трэк «Чэрці», на які пасля, дарэчы, у Маладзечне знялі кліп. Песня «Караблі» выйдзе 20 чэрвеня 2021, і, перакананы, за 31 год, які мінуў ад складання верша, гэты тэкст не страціў актуальнасці. А пасля падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі, сведкамі якіх мы ёсць проста зараз, набыў дадатковую вастрыню.
– Хто твой слухач?
– Мне думаецца, песні Sumarok — для кожнага, хто здольны чуць і адчуваць.