Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай і Літвой
2021-06-08 13:57
Асноўныя мэты перакрываньняў — сур’ёзныя санкцыі супраць Лукашэнкі, ягоны сыход і вызваленьне ўсіх палітвязьняў.
8 чэрвеня а 12-й гадзіне па мясцовым часе ўдзельнікі намётавага мітынгу на мяжы Польшчы і Беларусі пачалі перакрываць рух грузавога транспарту.
Перад акцыяй Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва нагадала свае патрабаваньні:
да Эўрапейскага зьвязу: паскорыць увядзеньне магутных і маштабных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі;
да цяперашняй улады Беларусі: вярнуць грамадзянам магчымасьць наземнага выезду з краіны, вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя сумленныя выбары.
У пункт пропуску Баброўнікі — Бераставіца прыехала шмат новых людзей. Ім нагадалі дэталі і арганізацыйныя моманты.
На літоўска-беларускай мяжы беларусы перакрываюць рух у пункце пропуску Мядзінінкай.
Мітынгі як у Польшчы, так і ў Літве ўзгоднены зь мясцовымі ўладамі. Перад блякаваньнем Павал Латушка яшчэ раз зьвярнуўся да эўрапейскіх палітыкаў з патрабаваньнем як найхутчэй прыняць сапраўды дзейныя санкцыі да афіцыйнага Менску і выказаў надзею, што да акцыі далучацца і беларусы, якія жывуць у Латвіі.
«Спадзяюся, да нас далучацца людзі і іншыя пункты пропуску як у Польшчы, так і ў Латвіі».
У Баброўніках актывісты пачалі пераходзіць з аднаго боку дарогі на другі. Па стане на 13 гадзін беларускага часу можна казаць пра запавольваньне руху, а не яго поўнае блякаваньне.
У Літве пасьля перамоваў памежнікі таксама далі дазвол перакрыць дарогу
Аналягічную акцыю праводзяць беларускія актывісты і на мяжы зь Літвой. Спачатку літоўскія памежнікі выйшлі да іх і заявілі, што яны не дазваляюць перакрыць дарогу на памежным пропуску ў любой форме ў 5-кілямэтровай памежнай зоне.
Пазьней пасьля перамоваў яны дазволілі на некалькі хвілін правесьці на трасе акцыю з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў, адкрыцьця беларускімі ўладамі наземных межаў. Актывісты з плякатамі і сьцягамі выйшлі на дарогу на неклькі хвілін.
Наступную акцыю беларускія актывісты ў Літве плянуюць на 14 чэрвеня.