«Беларускі снайпэр». Былы польскі пасол напісаў палітычны трылер пра Беларусь
2021-05-07 12:12
Былы польскі пасол Лешэк Шарэпка напісаў раман пра Беларусь. Падзеі ў кнізе «Беларускі снайпэр» адбываюцца ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукавага.
У інтэрвію Свабодзе аўтар кнігі і былы дыплямат у Беларусі расказаў пра фікцыю і рэаліі ў сваёй кнізе, даў ацэнку падзеям у Беларусі, якія ўскалыхнулі сьвет, і патлумачыў прычыну крызісу ў беларуска-польскіх дачыненьнях.
Лешэк Шарэпка — гісторык, дыплямат, пісьменьнік. Шмат гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў (Варшава), выкладае ў Цэнтры Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў у польскіх дыпляматычных установах у Маскве, Кіеве і Менску. З 2011 да 2015 году быў паслом Польшчы ў Беларусі.
Кароткае апісаньне ад выдавецтва «Sąsiedzi»:
Раман «Беларускі снайпэр» прыцягвае найлепшыя ўзоры з раманаў Тома Клэнсі і Робэрта Ладлэма. Ён ідэальна ўпісаны ў сучасную беларускую рэчаіснасьць і, такім чынам, дазваляе лепш зразумець як сутнасьць тамтэйшага рэжыму, так і матывацыю тых, хто не баіцца рызыкаваць сваім жыцьцём, каб яго зрынуць.
Аўтарытарная сыстэма ставіцца да людзей інструмэнтальна, змагаецца зь іх салідарнасьцю і незалежнасьцю, манапалізуе праўду і навязвае ўласны кодэкс паводзін. У гэтым пераконваецца Алег Прыбылоўскі, верны ахоўнік беларускага прэзыдэнта, які, сутыкнуўшыся з выбарам, вырашае змагацца, каб абараніць сваё вялікае каханьне і захаваць пачуцьцё ўласнай годнасьці.
Па дарозе ён сустракае Паўла Шарэта, журналіста, які шмат гадоў спрабуе раскрыць цёмныя сакрэты беларускага эскадрона сьмерці. Абодва кідаюць выклік цынічнаму і бязьлітаснаму дыктатару.
Задача, якую ўзяў на сябе Алег, — выкрыць злачынную сыстэму і выратаваць сваю дзяўчыну, — знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці.
Пра кнігу:
«Людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненьне»
Я хацеў паказаць жыцьцё звычайных людзей у сучаснай Беларусі, тое, як палітычны рэжым уплывае на іхнае жыцьцё і як яны не да канца могуць сябе раскрыць. У кожны момант людзі могуць адчуць сілу гэтага рэжыму і адчуць сябе безабароннымі. І гэта бачна ў кнізе.
Раман спрашчае аўтару магчымасьць выказацца. Калі вы пішаце навуковую кнігу, то вы павінны мець усе крыніцы, вы павінны ўсё правяраць, мець доступ да дакумэнтаў. А ў Беларусі гэта немагчыма. Тым больш, што я пішу пра рэчы, якія для беларускай улады непрыемныя і яны б жадалі іх схаваць.
У кнізе я даў героям іншыя прозьвішчы, але беларусы хутка зразумеюць, пра каго ідзе гаворка. Людзі на Захадзе, у Польшчы, не да канца разьбіраюцца ў дэталях, і ім будзе складаней. Але справа ня ў прозьвішчах, а ў тым, як гэтая сыстэма працуе.
Гэтая сыстэма мне трошкі нагадвае мафіёзную структуру, дзе ёсьць адзін чалавек, ад чыіх рашэньняў залежыць усё. У выніку ўсё гэта працуе на яго, бо ягоная ідэалёгія для людзей не прыцягальная. Ён глядзіць на людзей праз прызму сваіх інтарэсаў і намагаецца ацэньваць людзей праз тое, наколькі яны яму ляяльныя. Ляяльнасьць для яго — гэта галоўны крытэр ацэнкі чалавека. І ў кнізе гэта бачна.
Быў такі польскі пісьменьнік, які сказаў, што «толькі праўда цікавая». Я намагаўся выкарыстаць рэчы, якія я ведаў пра Беларусь. Але нельга казаць адкрыта, хто гэта зрабіў. У гэтых людзей ёсьць магчымасьць выкарыстаць судовую сыстэму і спрабаваць нашкодзіць чалавеку. Гэта ўсё political fiction, я гэта прыдумаў. Прыдумаў, але з выкарыстаньнем гэтых ведаў, якія я маю, рэчаў, якія дазнаўся, працуючы паслом у Беларусі. Але тады я ня мог пра іх гаварыць наўпрост, бо на такой пасадзе гэта немагчыма, у такой абстаноўцы.
Раман дапамог паказаць сутнасьць сыстэмы, якая ёсьць у Беларусі. Думаю, што людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненьне.
Пра Беларусь:
«Калі будзе зручны момант, пратэсты лёгка ўспыхнуць ізноў»
У Беларусі, без сумневу, пануе аўтарытарная сыстэма. Яна такой стала не адразу. Сутнасьць яе ў тым, што яна замацоўваецца з часам. Чым даўжэй адзін чалавек прымае рашэньні, тым больш гэтая сыстэма ўмацоўваецца і тым складаней зь ёю змагацца. Для грамадзтва доўгая дыктатура мае такія ж наступствы, як для прыроды і Зямлі ядзерны выбух.
Маштаб пратэсту ў Беларусі стаў для ўсіх сюрпрызам. Усе лічылі, што гэта завершыцца, як і пяць гадоў таму, калі ў 2015 годзе прэзыдэнт Лукашэнка ўмела кантраляваў сытуацыю ў краіне. Цяпер ён недаацаніў праціўнікаў, думаючы, што ўсё будзе як звычайна.
Цяпер вельмі складана элімінаваць свабодную інфармацыю. Усе маюць доступ да інтэрнэту. Сеціва можна, вядома ж, кантраляваць, але няма магчымасьці абмежаваць усё. Разумныя людзі ў любым выпадку знойдуць інфармацыю.
Прапаганда, якая ёсьць у Беларусі, перастала працаваць. Думаю, што нават тыя журналісты, якія ёю займаюцца, ужо ня вераць у тое, што самі кажуць. Гледачы гэта бачаць і чуюць, адчуваюць.
Эканамічная сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца такімі тэмпамі, як раней. Што ні кажы, прэзыдэнт Лукашэнка ў той час карыстаўся даверам грамадзтва, дзякуючы таму, што навёў парадак на пачатку 90-х і намагаўся рэалізоўваць грамадзкую дамову. Ён намагаўся дзяліцца тым прыбыткам, які быў. Гэта працавала 10–15 год, але людзі паглядзелі, што ў суседзяў, у якіх іншая сыстэма, рэформы ідуць лепш і ўзровень жыцьця ў іх вышэйшы, чым у Беларусі. І людзі падумалі, што Лукашэнка вешае ім локшыну на вушы і робіць зь іх дурняў.
У 90-х ён казаў, што ў краіне ёсьць адзін палітык, які ўсё вырашае, а людзі павінны яго слухаць і выконваць яго рашэньні. Спачатку гэта працавала. Але потым людзі пачалі казаць: а чым мы горшыя? Мы таксама павінны ўзяць лёс у свае рукі і павінны мець на гэта права. Людзі ўбачылі, што гэтая ўлада ня лічыцца зь іх думкай, глядзіць на іх як на дзяцей.
Пакуль не атрымалася. Але пасьля мінулага лета патэнцыял пратэстаў зрабіўся шырэйшы, чым раней. Калі будзе зручны момант, калі ўлада ізноў зробіць памылку, пратэсты лёгка ўспыхнуць.
Пра беларуска-польскія адносіны:
«Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасьць часткі эліты адносна Польшчы»
Тое, што адбылося ў 80-х у Польшчы (узьнікненьне «Салідарнасьці» і параза камуністаў. — РС), было ў іншай геапалітычнай сытуацыі. СССР губляў сілы і сродкі, каб уплываць на адносіны. Цяпер Расея, якая зьяўляецца гарантам улады Лукашэнкі, намагаецца зноў пабудаваць сваю імпэрыю. І параза на заходнім фронце была б для Расеі вельмі непрыемнай. Яны спрабуюць гэтага не дапусьціць.
У Польшчы ўсё ж была партыя, якая намагалася дзейнічаць паводле нейкай ідэалёгіі. Там былі розныя плыні, фракцыі. У Беларусі ж ёсьць адзін чалавек, які спрабуе дзейнічаць як мафіёзны бос. Ярузэльскі, які тады кіраваў, не глядзеў на Польшчу як на сваю ўласнасьць. Ён быў прадстаўніком сілы, якая кіравала краінай. А Лукашэнка глядзіць на Беларусь як на сваю ўласнасьць.
Лукашэнка сам загнаў сябе ў кут. Тое, што ён казаў раней, не дазваляе яму пайсьці на дыялёг з грамадзтвам. Ён да канца будзе цьвердзіць, што гэта ён мае рацыю. У Польшчы такога не было. У нас заўсёды былі сілы, зь якімі можна было размаўляць. Быў каталіцкі касьцёл, які быў самастойнай сілай і меў падтрымку часткі грамадзтва і прадстаўляў яго думку.
Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасьць часткі эліты адносна Польшчы. У нас былі нават праблемы з тым, каб знайсьці ў Менску памяшканьне для Фэстывалю польскай мовы. У ніводнай дзяржаўнай установе гэта немагчыма было правесьці. Лукашэнка неаднаразова казаў, што палякі ў Беларусі — гэта «пятая калёна», а польскія ўлады нібыта рыхтуюць баевікоў у лягерах пад Варшавай. І гэта было акурат тады, калі я быў паслом.
Звычайна такі рэжым спрабуе знайсьці факты, якія мабілізуюць грамадзтва вакол яго. Літва — невялікая краіна, і ніхто не паверыць, што яна будзе спрабаваць захапіць нейкую тэрыторыю Беларусі. А Польшча — вялікая краіна, у палякаў ёсьць досьвед сумеснай дзяржавы зь беларусамі. Так палякі выйшлі на першае месца ў якасьці нейкай пагрозы для беларускага рэжыму, якую можна паказаць публіцы.
Калі мы параўнаем колькасьць ахвяраў у Бярозе Картускай і ў адным звычайным савецкім лягеры, то Бяроза выглядае на гэтым фоне як нейкі санаторый. Я б вельмі хацеў прачытаць кнігу беларускага гісторыка пра гісторыю Польшчы, каб гэта была аб’ектыўная кніга, якая ўлічвае розныя пытаньні нашых супольных адносінаў. Гэтага вельмі не хапае.
У палякаў няма ніякіх плянаў ісьці захопліваць Беларусь. Мы, палякі, вельмі зацікаўленыя ў тым, каб нідзе не было зьменаў межаў. Бо калі адбываюцца такія рэчы, то мы звычайна губляем. Мы б хацелі жыць у тых межах, якія ёсьць, і нэгатыўна ставімся да ідэяў мяняць межы нават мірным чынам. У Польшчы няма сур’ёзнай сілы, якая б думала пра рэвізію межаў.