Словы пэндзлем і пяром. Уладзімір Сцяпан
2021-05-06 15:17
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак "Кантэкст".
У кожным "Кантэксце" вас чакаюць інтэрв'ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.
У новым выпуску вядоўцы "Кантэксту" Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака гутараць з празаікам, паэтам, мастаком Уладзімірам Сцяпанам.
Уладзімір Аляксандравіч Сцепаненка нарадзіўся 22 студзеня 1958 года ў вёсцы Касцюкоўка, Гомельскага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1977), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1983) па спецыяльнасці «жывапісец». Служыў у Савецкай Арміі (1983—1985), быў мастаком аб’яднання камісійных крам (1985—1987). З 1987 па 2003 год — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Беларускага тэлебачання. Вёў праграмы «Літаратурная Беларусь», «Ліра», «У жывапісе, графіцы, скульптуры». Некаторы час быў аўтарам і вядучым у праграме «Крок». Займаўся мастацкім афармленнем твораў беларускіх пісьменнікаў. Узначальваў творчае аб’яднанне «Тэлефільм». Паводле яго сцэнарыяў зняты шэраг дакумэнтальных і мастацкіх стужак.
Сябра былой суполкі «Тутэйшыя» і Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1991 года. Журналіст газеты «Советская Белоруссия». Друкавацца пачаў у 1982 годзе (газета «Літаратура і мастацтва»). Вершы публікаваліся ў часопісах «Беларусь», «Бярозка», «Крыніца», «Маладосць», «Неман», зборніку «Дзень паэзіі» (1984, 1991). Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Крыло», «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989), «Паркан», «Літаратура».
Піша прозу, вершы, кінасцэнарыі, п’есы, абразкі, грэгерыі і хайку.
Аўтар зборнікаў прозы «Вежа» (1990), «Сам-насам» (1990), «Адна капейка» (2012), кнігі «Настаўнік. Сяргей Пятровіч Каткоў» (2013), «Папяровая шапка» (2018), «Хвалі» (2019). У 2008 годзе ў часопісе «Маладосць» друкаваўся прыгодніцкі раман Уладзіміра Сцяпана ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам «Цень анёла».
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"