«Дапіў віно». Дудзінскі, Памідораў, Пугач зьняліся ў кліпе на песьню з новага альбому «Крамы»
2021-05-06 13:35
Гурт «Крама» пры падтрымцы грамадзкай кампаніі «Годна» прэзэнтаваў кліп на песьню «Дапіў віно» з новага альбому «Зацьменны блюз».
«Кружэлка» зьявіцца на лічбавых пляцоўках 12 траўня, у той жа дзень пройдзе вялікі онлайн-канцэрт.
У здымках роліка паўдзельнічалі як самі музыкі, так і сябры слыннага калектыву — Уладзімер Пугач, Аляксандар Памідораў, Дзяніс Дудзінскі, Хаўа Амуда.
«Гэтая песьня з тых, якія як напісаныя, так і запісаныя, — кажа фронтмэн каманды Ігар Варашкевіч. — Тэкст вельмі просты і кароткі. Гаворка пра сяброў, якія сабраліся праз 20-30 гадоў і аддаюцца ўспамінам. Адзін пастаянна „пантуецца“, астатнія прапануюць яму „выйсці ў вакно“... Як часта гэта робіцца, кліп не зусім прывязаны да сэнсу. На 50% гэта імправізацыя — як і выбар пэрсанажаў ды актораў, якія ўсе адразу натхніліся задумай ды пагадзіліся паўдзельнічаць без усялякіх ганарараў. У выніку атрымалася менавіта тое, што мы хацелі!»
Кліпам «Дапіў віно» гурт анансуе выхад новага альбому «Зацьменны блюз» — дзявятага ў дыскаграфіі «генэралаў айчыннага року», які выйдзе на ўсіх лічбавых пляцоўках 12-га траўня. Увечары таго ж дня на онлайн-пляцоўцы адбудзецца прэзентацыя альбому.
Квіткі на онлайн-канцэрт
ТУТ.