Суд адмовіўся павялічваць турэмны тэрмін для журналісткі Tut.by Барысевіч
2021-04-20 17:30
2 сакавіка Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Прысуд журналістцы Tut.by абскардзіла пракуратура.
Апэляцыю ў так званай «справе аб 0 праміле» разглядаў Менскі гарадзкі суд, працэс прайшоў у закрытым рэжыме. У выніку тэрмін зьняволеньня Кацярыне Барысевіч пакінулі ранейшым. Журналістку, якая цяпер знаходзіцца ў сьледчай турме Жодзіна, на працэс не прывезьлі.
Кацярыну Барысевіч затрымалі ўвечары 19 лістапада і абвінавацілі ў разгалошваньні лекарскай тайны. У той жа дзень затрымалі доктара лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Андрэя Сарокіна, які расказаў Барысевіч пра адсутнасьць у крыві загінулага Рамана Бандарэнкі алькаголю. Абаім абвінавачаным пагражала да 3 гадоў пазбаўленьня волі, іх працэс праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на пратэсты саміх абвінавачаных і родных загінулага, якія на судзе заявілі, што ня маюць ніякіх прэтэнзій да лекара Сарокіна і журналісткі Барысевіч.
12 сакавіка пракуратура Менску абскардзіла прысуд Барысевіч, назваўшы яго «празьмерна мяккім».
«Пракуратура гораду Менску апратэставала ў апэляцыйным парадку вырак суду Маскоўскага раёну Менску аб падбухторваньні да выдаваньня мэдычнай тайны ў дачыненьні да рэдактара аддзелу ТАА „Тут Бай мэдыя“ Кацярыны Барысевіч празь мяккасьць прызначанага пакараньня», — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні пракуратуры.
Паводле першага прысуду Кацярына Барысевіч мусіць выйсьці на свабоду 19 траўня. Цяпер яна знаходзіцца ў сьледчай турме Жодзіна.
Адвакаты Кацярыны Барысевіч у сваю чаргу таксама абскардзілі прысуд, яны настойваюць на невінаватасьці журналісткі.
Лекар Арцём Сарокін быў прызнаны вінаватым, аднак яго вызвалілі ў залі суду — яму прысудзілі два гады калёніі з адтэрміноўкай на адзін год. Абскарджваць свой прысуд лекар ня стаў.