Рыгор Кастусёў: Санкцыі хвалююць Лукашэнку, як бы ён гэта не адмаўляў
2021-03-08 21:34
Аляксандр Лукашэнка для міжнароднай супольнасці зрабіўся ізгоем. Больш за 30 дзяржаў афіцыйна не прызнаюць яго прэзідэнтам, на яго накладзеныя персанальныя санкцыі Еўразвязу.
Пад санкцыі трапіла і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і кампаніі, з ім звязаныя, а таксама 240 чыноўнікаў. Сам афіцыйны кіраўнік дзяржавы не часта пра санкцыі ўзгадвае, праскокваюць толькі некаторыя эмацыйныя выказванні, як гэта было на сустрэчы з работнікамі мотавелазаводу:
– Я вось гляджу за гэтымі “беглымі”, мы ж усе ведаем іхныя планы. Яны пра санкцыі супраць мотавелазавода, а мы хочам у ЕЗ прадаваць ровары і так далей. Ну, калі нашым людзям патрэбныя санкцыі, няхай яны ім падзякуюць. Ім трэба падняць людзей да вясны. У іх гэта пытанне №1.
Эканамічная мадэль Лукашэнкі пабудаваная толькі на крэдытах і датацыях у эканоміку. Пасля падзей жніўня 2020 года, ён сабе перакрыў шляхі на Захад, а значыць цяжэй стала маніпуляваць унутры дзяржавы, выказваецца адносна гэтых заяў лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
– Ён вельмі баіцца пратэстных акцый, бо разумее, стан эканомікі не такі, які б яму хацелася. Лукашэнку, як і раней, ратуюць пакуль што толькі крэдыты. Крэдыты раней ён браў і ў Еўропе, і ў РФ. Зараз ён спадзяецца толькі на расейскія крэдыты. Крэдыты выратоўваюць Лукашэнку ў эканамічным і палітычным крызісе.
Лукашэнка за апошнія паўгода не сустрэўся з ніводным дзяржаўным лідарам, акрамя Пуціна. Там таксама ішлі перамовы пра чарговыя фінансавыя датацыі ў беларускую эканоміку з боку Расеі.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя