НАУ прапануе рэформу МУС: ад вобразу воіна да вобразу абаронцы
2021-04-29 20:23
Цяпер гэтае міністэрства стала карным, а не праваахоўным органам. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне агучыла прапановы па рэфармаванню Міністэрства ўнутраных спраў.
Пра свае прапановы члены НАУ расказалі сёння на прэс-канферэнцыі.
З самага пачатку ўтварэння НАУ яго члены заяўлялі пра неабходнасць гарантаваць правядзенне пераходнага перыяду. Пасля яго наступлення галоўнай задачай НАУ будзе захаванне стабільнасці ў краіне, недапушчэнне хаосу.
Змена ў функцыянаванні Міністэрства ўнутраных спраў будзе адной з асноўных задач, гаварыў на прэс-канферэнцыі кіраўнік НАУ Павал Латушка. Цяпер гэтае міністэрства стала карным, а не праваахоўным органам. Латушка нагадаў, што беларусы баяцца людзей у форме і баяцца затрыманняў асобамі без апазнавальных знакаў. У сувязі з гэтым рэформа МУС з’яўляецца безумоўнай. З гэтым пагаджаецца як грамадства, так і адэкватныя супрацоўнікі органаў, перакананы Латушка. Ён назваў некалькі галоўных тэзісаў рэформы:
-Па-першае, мы хочам, каб у Беларусі была створана структура, якая будзе служыць грамадзянам, а не палітыкам. Другое, каб быў створаны грамадзянскі кантроль дзейнасці праваахоўных органаў. Мы гаворым пра важнасць перадачы большых паўнамоцтваў у органы на месцах. Чацвёртае – дэмілітарызацыя органаў унутраных спраў. Гаворка ідзе пра абгрунтаванасць прымянення зброі і спецсродкаў. Грамадзяне не павінны баяцца людзей у форме, а з імі супрацоўнічаць. І пятае – гэта адмена ўсіх рэпрэсіўных законаў.
Паводле Латушкі, прынцыпова важным з’яўляецца змена заканадаўства – з карнага на заканадаўства, якое будзе забяспечваць бяспеку. НАУ мяркуе, што трэба адмяніць усе рэпрэсіўныя законы ў краіне.
«Мы прапаноўваем цяперашнюю сістэму на чалу з МУС перавярнуць», – гаварыў Канстанцін Хілько, член працоўнай групы НАУ па рэфармаванню органаў унутраных спраў, капітан крымінальнага вышуку МУС Беларусі ў адстаўцы. Паводле яго, неабходна дэцэнтралізаваць органы. Міліцыю ён называе паліцыяй.
-Мы прапануем паставіць на чале не адзіны цэнтральны апарат, а ўсе 118 раённых аддзелаў. Яны павінны быць галоўнымі. Гэта наша Беларусь. Беларусь – гэта раёны, а не цэнтральны апарат. Абласныя структуры павінны выконваць ролю падтрымкі раённым. Адначасова з гэтым мы прапануем перадаць на ніжэйшы ўзровень абавязкі па назначэнні кіраўнікоў. Мы прапануем грамадскі ўдзел у выбарах кіраўнікоў паліцыі розных узроўняў. А яны сыходзячы з бюджэтаў і крымінагеннай сітуацыі раёнаў будуць фарміраваць склад раённых аддзелаў.
Абласным ОУС і МУС прапануецца пакінуць спецыялістаў, знаходжанне якіх у раёнах немэтазгодна, напрыклад, аддзелы крымінальнага вышуку па высвятленні забойстваў ці спецыялісты па высвятленні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.
Канстанцін Хілько падкрэсліў важнасць эфектыўнасці правядзення прапанаваных змен. І прызнаў, што гэта будзе няпростая рэформа.
НАУ прапануе, што прымаць рашэнні аб дзейнасці паліцыі і ацэньваць яе будуць не абласныя ці рэспубліканскія падраздзяленні, а звычайныя грамадзяне. Мясцовая паліцыя будзе даваць справаздачу мясцоваму насельніцтву. Пра гэта гаварыла кіраўнік працоўнай групы НАУ па рэфармаванню ОУС, былая следчая Следчага камітэту, капітан юстыцыі ў адстаўцы Святлана Хілько.
-Грамадства вырашае, хто дастойны, а хто не служыць у паліцыі. Грамадства прымае рашэнні па скаргах на супрацоўнікаў органаў. Грамадства сочыць за пакупкай зброі, за колькасцю супрацоўнікаў падраздзяленняў. Грамадства ў выглядзе свабодных СМІ ўказвае напрамкі дзейнасці. У грамадства ёсць рэальны механізм змясціць любога чыноўніка. Такія механізмы грамадскага кантролю будуць уведзены ў паліцыю новай Беларусі паўсюль.
Святлана Хілько падкрэсліла, што рэформа прадугледжвае спыненне прымянення жорсткасці і насілля супрацоўнікамі. Для гэтага будзе праведзена змена іміджа і брэнду органаў унутраных спраў – ад вобразу воіна да вобразу абаронцы.
На канферэнцыю былі запрошаныя спецыялісты з Украіны, ЗША і Грузіі, якія падзяліліся досведам рэформаў сістэм унутраных спраў пасля змены ўлады.
ав