Каханы горад

Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы


Яно - Частка трэцяя

Падмарожаныя зарасты палыну і дзядоў чарнеліся па ўсёй сталіцы. Статкі галак мітусіліся над руінамі. Дзяркатае і частлівае пакрыкваньне іх яшчэ болей распаўсюджвала непрытуль насьць на зямлі. Вячорная астуда жызьнела плажнасьцяй блізасьці неба. Яно, падкопчанае на небакраі, празрыстае над галавой, паражнява й лёгка шугала ад зямлі.

— Чорт ведае, да чаго дайшоў, — абурыўся Арэмчык і зіркнуў на неба, выпрастаў каўнер, папрасьціў да Няміскай вуліцы.

Аднак тое самае зноў, бы пра нейкую звабную і дарагую карысьць, нахлынула.

«Па-мойму, спадар Арэмчык, таму мамэнту можна даверыцца — бадай схапіць яго, як нешта жывое. Уявіце: сярод шчасьлівай часіны вянчаньня па ўсёй сьвятыні паміж людзьмі насьцярожныя шэпты: — На расстрэл павядуць… на расстрэл. — Іаблонь, што ўвесь час стрымоўвалася ёй, распаўзлася. Цьфу,кадук рыжы, прыдумае: «аблонь распаўзлася», — асуджваў Арэмчык свайго сакратара Цьвіля і рабіў крок больш марудным.

«Яна, маладуха, дадумоўвалася, што за расстрэл. — Я зь ім! Толькі зь ім! — Падхапіла вэлян вянка й пабегла зь сьвятыні».

Арэмчык усьміхнуўся, але адначасна незадавольна зморшчыўся ды пляваў блізу на ўсю вузенькую шырынь Нямігі.

«Відзіш, вашанок жаночы: Толькі зь ім! — усклікнула… Надумалася ў вайну жаніцца… і вэлян на вянок прыдбала… Іяна не памылілася: гэта быў ён, яе любы… Вось якія людзі на сьвеце ёсьціка, спадар Арэмчык. Адно толькі да пасьцелі сужэнскай: пасажок у рукі, бы пастар, і бегма за ім, за маім дарагім, каханым чалавекам! — Шыш табе, бадзяўка! Свайго не мінаваў каханы!» — сам сабе пацьверджваў Арэмчык і шчыльней засоўваў да кішэняў застудзянелыя пальцы.

«Хлапчук паказаў дзядулю, дзе ягоны сын. Якраз сустрэлі, калі на расстрэл вялі. — Мяне вазьміце! Мяне! Даруйце сыну! Сыну мой! Сыночак! Цябе гэтак бачыць!»

Цела дзядулі асунулася на зямлю… На яго ніхто не зьвярнуў увагі. Можа, толькі вецер восеньскі адшукаў яго і пачаў плутацца ў старой-старой, палапленай вопратцы, перабіраць космы сівых валасоў. Дабегла і яна, маладуха: « Я з табой! Зтабой!..» Кажуць: жанкі, што былі паміж сьмяротнікаў, а некаторыя нават зь немаўлятамі на руках, яшчэ галасьней заплакалі. Іхны плач ці скажаш словамі… Звычайны ўскрык маладухі будзіў іхныя спадзяваньні жыцьця, а хоць бы й не жыцьця, дык ён, ейны голас, разумеўся як абяцаньне спаміну пра іх або і помста… А сын калекі забыўся, куды вядуць, спыніўся і нават паспрабаваў рукамі разьвесьці. Бездапаможна паглядзеў на плечы — яны ж зьвязаныя, вяроўкі вайсковай эканоміі не належацца… Я думаю, сын разьвітальна ўсьміхнуўся. «Іхны плач ці скажаш словамі! От жа Цьвіль куды ўхіблёўвае! Не! Я ня вытрымаю!» — сьцьвердзіў гамонка Арэмчык і, каб ніхто не падслухаў, азірнуўся. На вуліцы нікога не было. Загаманіў ізноў:

— Не! Штосьці трэба рабіць, прадпрыняць… Але што, што яны жадаюць ад мяне? Зусім перамяніліся ўсе, і Лібіц нешта неахвотны да спатканьняў са мной, і нейкая рада народная будзе арганізоўвацца?.. Ах, дзейкі! Проста сам у куравень улез. Сам!.. Ды яшчэ ўсялякія дурніцы галаву ветруць: яго расстралялі, яна крычэла, ён скончыўся ад жалю. Ах, каб цябе, Цьвілю, налапам узяло! Ты, мой языкавень, асьцерагайся: собскімі зубамі можна язык адкусіць… адкусіць аж па самы гарляк!.. Інавошта, дзеля якой патрэбы апавядае ён пра тое, што я заўсёды ведаю?..

Усёнае надарылася Арэмчыку чэсна і нармальна, бо была прычына. Нейкага невядомага юнака, удзельніка падпольнае грамады, асачылі гестапаўцы і расстрэлілі. Гэта ня выдумкі і не абы-якія выгады! Штосьці ўсё ўцемлівалася: бы сярод усялякіх расьцьвіўшых красак нельга аддаць усеагульную ўразнасьць аздобы адной якой-небудзь красцы. Арэмчык не пацешыўся настроем успаміну пра мінулыя здарэньні зь невядомымі людзьмі. Было зусім іншае, што сьцерагло шчодра ягоныя клопаты. Чалавек з усялякімі прызвычаямі больш лічыцца чалавекам, хоць некалісьці яго могуць назваць як каму зажадаецца…

Апошнімі тыднямі Арэмчыку ня шчасьціла. У працоўным габінэце ён натрапіў на пакладзеную паштоўку з гербам Вялікага Княства Літоўскага. Можна было лёгка памеркаваць на Цьвіля, але той якраз хворым быў і знаходзіўся ў бальніцы. Трэба спакмеціць і пахваліць адну студзёную і вытрыманую тактоўнасьць Арэмчыка: ён ухіліўся крыклівага абурэньня перад урадоўцамі — пакінуў зьмест паштоўкі асабістаму багацьцю памяці.

«Мы разумеем Свабоду, але нам патрэбен каталёг Свабоды— куды ж безь яго!» — і падпісаны: «Падпольшчыкі з-пад Менску».

— Божа мой, што тут робіцца сярод руінаў!.. О, праклённы Менск! Бы пушча нейкая! Грыбы, ягады, зьвяры, дрывасекі! Госпадзі, прыслухайся: ці ж мая істота тутака — неабмежава ная сутнасьць?.. Іх голад мучае менш, чымсьці мая дзяржаўная постань, — думаў Арэмчык пра сваё становішча сярод грамадзтваў. — Я ж чалавек, я ж мушу мець гонар дасяжнасьці ці не? Няўжо вам даказваць старую вядомку асновы жыцьця? Адумайцеся, скнарнікі! Усё можа быць выпадкова, і наадварот, яно спраўляецца не інакш, як гэтак… І зусім згодзен з вамі: найсьвяцейшая навага толькі з болесьці прыходзіць, з болесьці й маё. Падумайце людзкой галавой. Забудзьцеся, што яна злучаная з моцай шыі, адсуньце яе, зрабеце яе сродкам, які б не парушаў яшчэ жыцьцёвага пачуцьця. Няхай усьвядоміцца вам часіна скарэньня цярпеньню… О Божа мой, якая дзікая, некультурная інтэлігенцыя ў падпольлі. На сваю работу глядзяць бы на прафэсію, бы на згоду быць сабакам. А ня кемяць аднаго, — Арэмчык ажно прыпыніўся й пачаў тыцкаць даланёй да засьнежанай зямлі з пазіраньнем на йскрыстую сьняжынку ад сонца. — Ня кемяць, што першабытнасьць не пазначала сваю будучую сутнасьць паступовасьці. Яна толькі ўспрыняла і прывучыла назаўсёды псыхалягічнае дзейкаваньне ды існаваньне ў страху залежнасьці ад Тварца. Жыцьцё ўсяго толькі сьвядомасьць існаваньня — забясьпечваньне спажывай, а абарона ад ворага… — о-о-о, вось на гэтым ці не ўтрымоўваюцца яны? Абаро-о-на! Абараняюцца?.. Яны напэўна ведаюць кошты людзкога пачуцьця. Добрыя пастушкі, добрыя, няма чаго казаць!..

Зазванілі ў царкве. Арэмчык азірнуўся на ўзгорак, дзе стаяла паміж руінаў уцалелая царква. Была нядзеля — Арэмчыкаў дзень адпачынку. Пачалі зьяўляцца па адным, удваіх прыхаджане. Яны ўсе барзьдзілі, абыходзілі Арэмчыка. Мінуўшы мост праз раку Сьвіслач, ён пасігаў ад мосту па ўзьбярэжжы. Ушматных месцах рака, хоць і стаяў моцны мароз, яшчэ не замерзла— парылася зь вялікіх палонак струменьчыкамі імжы. Каля іх тонкая празорасьць лёду часта званіста трэскалася. Часіны агульнага супакою прыносілі ледзь чутны, шугліва-мара зяны шум сусьвету і рэдкі рокат нямецкіх аўтамашынаў на галоўнай вуліцы. Зыркасьць сьняжын цьвяліла вочы. У луцэ ракі з акоймы лёду тырчэлі негустыя сьцёбы трысьця. Арэмчык любіў слухаць іхнае шасьценьне ў дні адлігі, калі падзьмухваў вагкаваты зімовы асьвей. Сяньня ж трысьцё не шасьцела, яно пышалася супакоем суровага росквіту шэрашы. Па мосьце, у наўцінку да тэатру опэр і балета, праімкнула водгульна фурманка. Чорны наровісты конь наўзавадзіста мчаў вазок, гучна б'ючы ў перадок падкапыцінамі сьнегу, моцна-ўторна пырхкаючы ноздрамі. Ездакі густа ачапілі нат і апочаны вазка. Несуладная песьня зацягвалася імі — гэта весяліліся жмудзякі. Адзін зь іх сьвіснуў да Арэмчыка, сябры падтрымалі яго сьмехам.

— Палітычныя парнаграфісты. Глядзеце на сваіх колішніх жыхароў Княства Літоўскага, — прапанаваў Арэмчык нябачным ворагам у падпольлі. — Хай люцыпар вас! Накась лясная на вас, хамулы з канюшняў, індэйцы дзікія!..

А тады ён зышоў з адхону ўзьбярэжжа да самага ўзрэчча. Пастукаў абцасам па лёдзе — не праламаўся, каўзануўся да каменя, што тырчэў шырокай глыбай над зьверхнасьцяй лёду, бы закалеўшы ў ім сваёй не абы-якой разорай, а цьвярдой і адольлявай. Маладосьць спатыкае жыцьцё, — можна было сказаць, назіраючы за Арэмчыкам з захону. Ён стаў на камень, доўга аглядаў адтуль навакольле Сьвіслачы. Штосьці зіхрыла ў Арэмчыкавай душы духатворна і люба. І яно — тое, скрытное, сьцігавала ягоны настрой вялікай асьцярогай кволасьці й міласьці, нават і да благога. Цяперака ён гутарыў сам сабе, ён успамінаў. Ціхмой вачэй ашараваў трэшчыны на камені і стуль ботам зь вялікай цярплівасьцяй выбіваў сьнег, выскрабаў галіністыя замарозіны восеньскіх дажджын. Арэмчыку спаміналася. Успрыімнасьць казытлівасьці з былога ў жыцьці адчувалася новым уражаньнем, зусім новым прыгаством радасьці. Кагадзе мінуламу часу непатрэбны словы — яно захоплівала Арэмчыка кожнай дробязяй. Гэты, бы з далявы, шум мог цяперака Арэмчыкам пазнацца міласьцяй і, можа, нараканьнем на несулад ягоным вясёлым думкам. Сапраўднае адчуваньне, калі ня трэба знаходзіць фантазію ўяваў або нездароную скойму зьдзіўлень няў! Кожная кропля крыві поўніла цела будрожным голасам хараства спаміну.

…Ён з мамай і дамаведкай узыходзіць за іхнай сялібай на высокую гурбу сьнегу. Сонца дзесьці за борам, яно нізка над ім, у заслані ягоных узорлівых вершалінаў. Азяровасьць неба доньлівая і шчыпучая. Дамаведка, пасадзіўшы малога Арэмчыка ў саначкі, уважліва сьпіхвала іх з адхону, і тады яму (запомнілася тое назаўсёды) уражвалася: чыстая, бясхмарная выш абдымае яго і падымае ў свой нябачны подзьмух. Мама сьмяецца ўсьлед, а дамаведка, хмурная, цяжкім лядайскім пахонам зыходзіць да маленькага Арэмчыка, цягне саначкі зноў на гурбу. Выпадкам, здарыцца, яна пасьлізьнецца, засіранелы сьнег ляціць з-пад яе пылам, а разам з «ву-ух» ад ейнага расчыненага роту дыміць маразяная смуга. Ён сьмяецца ўсёй шчырасьцю сьмеху, мама таксама ўторвае яму. Ня сьцерплівае, пахлопваю чы па галенах, крычыць асьцезьліва на дамаведку: «Хутчэй, хутчэй саначкі цягні!»

— Уцешысься! — адказвала дамаведка, спакваля ўзыходзячы на сьнежны ўзгорак.

— Чаму яна памалу? — скардзіўся Арэмчык маме.

— Ужо дахаты пара — хадзем, марозна.

Арэмчык злосьціць. Падбягае да мамы, тармасіць яе за футру, просіць, плачучы, крыху памарудзіць з зваротам дахаты, а тады, калі не згаджаецца зь ім, бяжыць ад яе ўцэла па сьнезе, атоньвае ў ім, паваліцца шмат разоў. Дамаведка не адразу апамятаецца: сьпярша недарэчна расставіць ногі, прысядзе, распусьціць рукі, быццам ён скорыцца ўзьдзеі рук і вернецца сам. Ды дзе там: ён бяжыць далей, прыпыніцца, плюецца на дамаведку і зноў далей, аж пад бор бяжыць. А маме якая справа? Праветрылася, памарозілася, пайшла адна да гасподы.

— Гусь нажыраваная! — наракае на тоўстую дамаведку.

А тая, нарэшце, зловіць Арэмчыка, ашчаперыць моцна. Ах, на яе, паганую, сьціскала не па-свойску! Ад таго сьціску малому Арэмчыку рабілася балюча. А тады ён толькі ведаў патрабаваць: «Нясі добра! Не прыціскай!» — і расьцьвелена наровіў дзеркануць дамаведку па абліччы, садраць зь ейнае галавы хустку…

— А-а-а! Бачу, бачу! Я пазнаў вас!.. Дабрыслаў вас усе сьвятыя! — перарваў Арэмчыкаў успамін калека. Арэмчык ад неспадзеўкі схамянуўся: досыць порстка крутануўся ўбок, скуль данёсься да яго разьлівы зварот.

Арэмчык пазнаў калеку, гэтага абрубка людзкога, як некалі ён сказаў пра яго пасьля агледзінаў руін у Менску. Калека, перагушкваючы сваё тулава на руках, прастаў праз раку па лёдзе да Арэмчыка.

— Асьцерагайся — увалісься! — парупіўся ён асьцярогай калеку.

— А-а-а! Дабрыслаў вас! Дабрыслаў! — адказаў той, не адрываючы позірку з Арэмчыка. — Задыхваюся… Я пазнаў вас!.. Як здаровіцца вам?

Падшытая скура замест ног пад тулавам, бы дзяркач, шоргалася па сьнезе і па ледзяністых тарчаках на рацэ.

— Асьцеражней! — Арэмчык ажно нахінуўся наўперад, калі калека зраўнаўся з палонкай-адухвінай.

— Ці палічылі, колькі дзён ня бачыліся? Пазнаю вас, маімі вачыма пазнаю, — і калека зышоў зь зьверхні ракі на ўзьбярэжную сьцежку.

— Ну, ну! — ухмыліўшыся, згадзіўся Арэмчык і таксама параўнаўся зь ім, зайшоў з каменя на ўзьбярэжжа.

— Будзьце там! Будзьце! Мне, каралю, — зямля, вам, княжычу майму, — вада, самая нашая вада зь Сьвіслачы!.. Вы бачылі яе блізу не замерзлай? Я думаю, ніколі! Не?.. О, вы будзеце ўдзячныя вельмі мне, калі пачуеце гэтак: яна, Сьвіслач, вечна маладая, здаецца, вечна вясновы несканчоны сплыў!..

— Ты, мабыць, грошы хочаш? Кажы, не перавахвайся на плашках. Грошы? — спытаў Арэмчык і глянуў парожняй, спакметнай вялічасьцю на калеку з шаравата-цьмянай азысьцяй каля вачэй.

— Будзе зашмат з вас, зашмат! Навошта мне вашыя грошы? Вось скажэце па-чэснаму: навошта? Я ж больш, чымсьці грошы, каштую! Ня верыш? Глядзі-купі: я жывая скульптура! Пастаў яе ў сваім доме… О, я ўжо ведаю, дзе твой дом!.. Думайце: раскопваючы абірак-Менск, знайшлі мяне, скульптуру абломленую… Даруйце, княжыч, не абурайцеся на караля свайго! Я ад радасьці, убачыўшы вас, згубіў развагу. Сьцеражэце яе: вартасьць скульптуры ўпадзе… Вы не ганецеся да сваёй цёплай гасподы, пабудзьце са мной… пабудзеце? Я раскажу вам усё, бо я люблю вас… Можа, хочаце да мяне, дык хадзем, знойдзем і маю гасподу…

Калека ямчэй паставіў тулава ў сьнег, адсунуў з лобу на патыліцу зімовую шапку, абцёр з даўгое барады і вусоў прамерзлыя скалкі льдзінак.

— Марозна!.. Ведаеце, тыдзень даўчасу немцы вызвалілі мяне, сказалі: гуд ман… У ваду сьцюдзёную сажалі… А сына, сыночка майго, няма! Праўда, няма? Дзе ён, дзе ён? — і калека, як пранікам падчас праньня бялізны на дашчанай кладцы, хлопнуў сваёй апорай-плашкай.

— Даруйце, ягамосьць, недалужлівай абяртне, я, напэўна, крыўджу пачуцьці вашае дасяжнасьці: навошта ж вам мае ўласныя ўразы — праўда?

Арэмчык слухаў, пасьміхаўся.

— Лыгні мне ў зубы — я ж каля самых тваіх ног, блізка. Яўрочу сабе, што будзе чым пагардзіцца — новенькія, блішчастыя боты Арэмчыкавы лізганулі ў зубы мае. Я цемлю, хто будзе слухаць мяне, што гэта казка была… А боты добрыя, добрыя, кажу табе, а не каму іншаму!

Арэмчык зналусна глянуў на свой абутак; сунуў у кішэню руку і выцягнуў стуль адну нямецкую акупацыйную марку.

— Вазьмі й хадзі сваёй дарогай.

— Завошта вы? За добрыя словы мае? Я — багаты! Я — багацейшы за вас!.. Пастойце, не ідзеце, пагутарым яшчэ, я — добры чалавек, гуд ман, людзьвін наскі… О, дзякую, дзякую за ўбожыну, я так шаную вашу спагаднасьць мне!.. А грошыкі ня трэба, я ж шавец быў, я ж мог боты шыць…

Калека кінуў грошы. Арэмчык памалу зноў накіроўваўся па сьцежцы да Нямігі. Але калека не адставаў ад яго, перавахваў ся за ім.

— Княжыч, ах мой даўні знаёмы, усё-ткі ня брыдзіцеся майго пачуцьця. Што яно? Лата да вашых дзяржаўных думак, аднак яно шчызьніць мне дзень і ноч…

— Ну, ну кажы, — жартаўлівіў Арэмчык, не азіраючыся на калеку.

— Дык прыпынецеся на часіну — паслухайце.

Арэмчык задабраволіў калеку.

— …знайдзеце сына майго… Што я? Што я? Яго даўно застрэлілі немцы.

— Ідзеце да немцаў — пры чым я? — адказаў Арэмчык.

— Праўда, княжыч… Вось тут, з пагорку, сын мой бегаў. Ён таксама абуваў боцікі. Я ж шавец, я ж мог пашыць яму найлепшыя… Аднойчы я нават змайстраваў такія боцікі, што, бегаючы па глыбокім сьнезе, ён не набіраў яго за галянішчы… А як у вас з ботамі? Я пашыю вам, жадаеце — зараз жа пашыю, тутака на вашым калене…

— Прэч, вар'ят, чуеш?

— Чаму? Я адно пра боты? Усё-ткі яны ж патрэбны чалавеку, куды бязь іх? Я і то падшываю пад мой пень падэшву, — і нарошні калека чутней шаргануў па серанку скураной падшывінай пад тулавам. Пачынаў часьцей дыхаць. — Я шыў абутак!.. Прызнацца, часам незаняты нашмат працай, я дазваляў самому сабе таемныя веданьні… Яны зусім сьціплыя. Не шпарчэце, княжыч, яшчэ дзень над намі, а ноч у руінах — страшная ноч! Яна цьмее, як вашы боты…

— Што ты хочаш, ідыёт? — непрыветна адклікнуўся Арэмчык і стаў насупраць калекі.

— І няпраўда! Клянуся Богам, няпраўда! Мне цеміцца, княжыч рэкнуў на мяне так сабе, без ацевы. Валей не ганецеся. Дзе мне, калеку, усямянчыць за вамі? Але я рады, што магу паказацца вам, ісьці разам з вамі; вы ж разумнейшы за свайго караля… Калісьці, восеняй, я радзіў плашкай гэтай вам і таму немцу вандроўку ў кароценькую зь пясчанымі берагамі канаву. А вы? Вы ўсё-ткі прагныя да жыцьця: не забыліся нават на прошчу да ракі сталічнай; вы — княжыч! О, даруйце, вы ж нават доктар! Княжыч-доктар — ня крыўдна будзе?

— Што хочаш, ідыёт? — спытаўся зноў Арэмчык, астаючыся стаяць каля калекі. Ні аднаго прахажана, ні фурманкі. Ясьвілася ціхаць зімовага дню з рэдкім водгульным похканьнем марозу.

— Быдляга! — Арэмчык пайшоў. — Адступіся, кажу!

— Не ўхіблявайцеся, княжыч, злосьцяй. Хадзем памаленьку, вам хутка трэ палуднаваць… А па-мойму, вы не спасьцераглі трэшчынаў на сваіх ботах — яны цьвеляць мяне. Хром лысьніцца хромам, марговым колерам, а тут наце: між прыгаства ліпяць чарвячыя віліны. Ох, як нялюба! А падумаць: калісьці гэная скура на цяляці была і, можа, на авечцы, тапырылася ад ветраку летняга, рухалася з кажнай цягліцай, калі падпрыгвала перад праглівым купцом. Пералічэце, княжыч, колькі праглівасьцяў жыцьця адклалася на вашых ботах…

Сьцежка кончылася. Узышлі на дорогу. Калека параўнаўся з Арэмчыкам, перавахваўся побач зь ім.

— …купец, мясьнік, гандляр, спажывец, моль, чарвяк і хто яшчэ? — падкажы, княжыч. Маўчыцё? Вам не да праглівась цяў — вы ведаеце іх. Напэўна, мірсьціцё: чаму назвалі мяне асталопам, праўда?

Арэмчык загутарыў з калекам па-добраму і стрымна, прыгнуўся над ім і палажыў на ягонае плячо руку.

— Вуліца тут — людзей напаткаем — не выпадае мне цягнуцца з вамі, ідзеце сабе, куды надумаліся, а заўтра прыйдзеце да мяне, я дам вам хлеба. Добра?

— Некультурнае пытаньне, княжыч. На зьдзіўленьне, вы замарыліся, па-мойму. Да вас? Ха-ха-ха! У Самапомач! Вы хочаце скончыць сваё жыцьцё дапамагачом? От жа княжыч! Жыцьцё назначана, але патрабуй ад яго шмат!

— Прэч, быдляга, а то з мосту стурхну!

— Княжыч, я сябра і ахрысьцень вялікі, а вы? Што, манецеся баптыстам асьвянціць мяне… Каля гэтага мосту, мо' васямнаццаць, дваццаць год даўчасу мінула, я жанчыну з маленцам знайшоў. Драбнявая, невялікая, галодная, неаздобная, проста, як кропля вады за шыю… О доктар-княжыч, вам ня жыздрацца абыякавасьць да маіх расказаў! Вы быццам пагадзіліся з мной— інакш ня можна — бо ўсё сапраўднасьцяй было. Княжыч, сапраўднасьцяй! Жанчына-знаходыш праўдзівасьцяй дрывіла. Сваё жыцьцё яна бы чысьлінкамі разьдзяліла, ня шчодрыла словаў для кажнай зь іх. Я цэлую ноч слухаў яе гамонку. Чым толькі ні пабыла яна на сьвеце, пакуль пад атулу мосту зышла. Можаце наўцяць сабе: што яна, маўляў, сяньня апынулася пад мастом; пахінулася верай і разьвітаньнем з усім бывалым зь ёй і, напэўна, ахапілася плачам вялічавасьці няшчаснай, непашкадаванай. Пашкадуйце яе, княжыч! Пацалуйце яе. Паскрыпеце перад ёй сваімі ботамі і спытайцеся: — Ты плачаш? Да мяне хадзем, хадзем! Навошта пад мост? — Пасароміце яе. Яна мо' ўсклікне тады: «Я бачу вас! Хрышчэньнік душаў нашых, бачу вас!»

— О-о-о, які ты! — забаўнай пагардай ашкеліў Арэмчык.

— А што ж ёй сказаць? — працягваў ранейшае калека. — Што? Яна дала, балазе, свайму целу — дала? А вы, княжыч, зноў, зноў сваім чаранком, сваёй радоўкай цягнеце: — Хадзем, шчасьце наша! Хадзем адгэтуль. — Усе сьцежачкі заўсёды на ўзгорках… Абавязкова да грудзей прыхіні яе. Гардліва, як рыцар дзідай, сваёй дабраветнай даланёй ейнага маленца падымі і скажы яму, недаразумеламу: — Прыйдзі! — І ён, мабыць, адразу даведаецца, куды ісьці: у Самапомач!.. Ха-ха-ха! У Самапомач, княжыч!

Арэмчык таксама сьмяяўся з калекавай гамазьні, але нічога не пытаўся і не заўважаў яго. Ішлі далей удвух тым самым ходам.

— Вы, княжыч, не сярдуйце на мяне. Я люблю народную Самапомач, яшчэ як люблю! Але вось, па майму ідыёцкаму розуму, вы сваёй Самапомачай сапраўдны боль угамоньваеце. Угамоньваеце, пракулеўчык!.. А-а, чакайце, я крыху не туды, ці не па-свойску загутарыўся. Чамяшу адно, а думаю іншае. Я ж пра тую кабеціну кончу. Яна, ці тойчы, артысткай была…

— Куды ж ёй гэткай? Яна ж непрыгожай была, — жартнуў Арэмчык.

— Непрыгожая? Ха-ха — непрыгожая! Значыць, у яе быў жыцьцёвы страх — яна палохалася гэтага. Таму ўсюды лезла, дзе людзі кухціліся, — адказаў калека.

— …і спаўзла пад мост, — уторыў Арэмчык калеку. — Спаўзла пад мост.

— Па-мойму, адступіла, каб глянуць на іхныя аздобныя чарапы. Не дранцьвейце: я пашкадую вас, я падкажу вам, я чуў гэта ад нашага бая роднага, ён навучыў мяне: — Мы памыляемся ад жаданьняў… — Дзіўна? Га? Гузаваты татут?.. А артыстачка з-пад мосту ўсё-ткі аджыла ў маёй шавецкай майстэрні. Паннае каля сваіх худошчаў завіхляцца, падскубаць іх; сьмяецца над сваёй нядоляй, пра нядолю я любіў успомніць ёй!.. Бы лясная кузурка пад баравіком, валосікі ад гнідаў адчэсвае, праменьням сонечным паказвае іх. Седзячы ў працы над шкурамі, я ўсё часьцей касавуруся на яе; ня так забіваецца цьвік у падэшвіны. Асьцяронак я людзкі, але сэрца маё кладзецца каля яе, каля яе ж, княжыч… Яна ўжо ўторней і асвойтана на мяне паглядае і такую-сякую вясёлую благатню завядзе, ды вось калі прыляжа ў куточку цьмяным на жалезным, скрыўленым ложку, вочы ейныя ў столь гануць доўга-доўга, маўляў, на павуціньні наканаваньні адгадвае. Сыночак маленькі закавенчыць— яна да яго падыходзіць, бы сьцень месячная, быццам яно зусім незнаёмае ёй… Ведаеш, княжыч мой, — калека спыніўся, пахукаў на далоні, гучна потым пацёр і пахлопаў імі па сабе. Арэмчык азірнуўся, але не прыпыніўся.

— …празь некалькі тыдняў яна ўцякла ад мяне, — прагаманіў усьлед калека, паправіў шапку і барзьдзіў за Арэмчыкам.

— Тут людзі ходзяць, — Арэмчык прыпыніўся на рагу Няміскай вуліцы.

— Чаму? Чаму? Няхай глядзяць, які вы дбайны пра людзей, нават ягамосьць з калекамі за пана брата… «Вы людзкой дабраты прыхільнік!» — скажуць пра вас… А сыночка памажэце пашукаць. Гэта ж яна пакінула яго мне, — не сьціхаў калека і сьледкаваў за Арэмчыкам. — Колькі хлусьні я нарадзіў, каб упасьці яго пры мне. Я, ацяробак бязногі, жадаў даць яму іншы сьвет. Слухай, княжыч, я нават думаў, калі яна была знэнджанай і хворай: хай бы ляпей ты памерла. Дый мне, калісьці растаптанаму вайной афіцэрчыку, захапляцца цудам здаровага атожылку, атожылку ад майго пня…

— Ідыётык — адступіся, калі ласка!

— Вы, княжыч, вельмі ўважлівыя і ўветлыя. Запамятую: вы не адмовіліся ад брынчэньняў маіх.

Калека ня слухаў Арэмчыка. З асаблівым задавальненьнем і зь нязначным усьмехам пахільваўся перад ім.

— Хай будзе, спадарочку самапомачнаму, гожасьць паспытаць маю адданасьць, таксама і пашану няхай у гэтую маразяную часіну ўцеміць — паслухаць ад менскай кавялы-шаўца, ну прынамсі, апякунскую бязьмернасьць княжыча нашага… Віва Арэмчыку! Віва! Віва! — зусім па-іншаму каля радоўкі людзей перад ядальняй Самапомачы закрычэў калека. У радоўцы загаманілі. Арэмчык спыніўся. Шчокі і так чырвоныя ад марозу яшчэ больш ірдзеліся. Бляшчавы позірк бы ў прокмець злучыўся з вуснамі — Арэмчык плюнуў на калеку. Кагосьці з натоўпу ўразіла ягонае захаваньне, крычэў, не выступаючы зь людзкой гурмы: — У мызу яму клёпкай сваёй!

Калека сьмяяўся і гучна адказваў таму:

— Навошта — усёдна ня выплюне вясны! Ха-ха!

Арэмчык, разгневаны, бег да будынку Самапомачы. Ён у злосьці бясьсьведамка шаптаў: — Бандыты, бандыты!

Арэмчык убег у свой габінэт. Ён меў там тэлефон. Паклікаў на помач паліцыю. Але ёсьць часіны, калі задавольнасьці помсты перашкаджаюць. Арэмчыкавай помсьце перашкодзілі зусім ня меншай справядлівасьцяй удзелу супраць права адказаць помстай-пакараньнем…Там быў Цярэм. Ах, старэнькі Цярэм! Ён кожны дзень наведвае Менск і напаткаў прылуку быць сьведкам спатканьня Арэмчыка з калекам. Гэта ён, калі ўбачыў, што ўсё добрым ня кончыцца, бадай, схапіў на рукі калеку і апынуўся зь ім у саборы Пётры й Паўлы. Захінуў яго ад Арэмчыкавага сьцігаваньня.

— І ты супраць мяне? — спытаўся ў Цярэма калека, а тады зачасьціў сьмехам уразьлівым ды беспрычынным.

— Схавайся — ня возьмуць адгэтуль. Не крычы, — павучаў Цярэм калеку, цягнучы яго да сабору, як пень на дрывотню.

— Дзяржаву новую знайшоў у саборы? Ха-ха-ха!.. Каго на хлебе княжычавым пакінуць хочаш?

— Пацярпі!..

— О-о, забыўся на справедніка нашага: пацярпі!.. Як здаровы, старэча? Ты зноў?.. Куды ж Арэмчыка назначыў?.. Слухай, справеднік: як болесьць адчуць пакутнікаў, калі ўсе пакутнікі на айчыне нашай?.. Ха-ха-ха! Болесьць! Балюча мне… і я не адзіны… Ха-ха-ха! Не адзіны!

З хахатаньнем тады, калі прыхінуўся сваім целам-абрубкам да абраза Хрыста, што чамусьці стаяў на адоле, каля сьцяны, калека адклікнуўся просьбным нашэптам:

— У руках Тваіх і ціхаць і ахвяра…

І адступіў крута.

— Няпраўда!.. Дарма бяры!

— Ты хворы — прастудзіўся, — хацеў наразуміць яго Цярэм, але калека, не адказваючы Цярэму, папрастаў да алтара. Усаборы ад грукату ягоных плашак сходзілася гучна-роўнае рэха. Вялікомасьць сьвятога будынку — парожняя, з водарам воску й ладану мімавольна перамагала адчуваньне ўсялякага супраціву цярпеньню; глухаціла пачуцьцё, здабытае ад людзкай сапраўднасьці і добрай, і злой, але ўчэзьлівала сьвядомасьць сполаху: што гэтую, тваю сумленнасьць, ціхамірнасьць, зазіраньне ў собскую душу грэшніка, могуць зноў (блізу наўмець непакоры сваім ахвотам і парываньням) зьнячывіць, ня ўважыць. Адвечная гвалтоўнасьць!

— Ты ж маліцца прывёў — хадзі, хадзі, — спыніўшыся перад алтаром, паманіў калека Цярэма.

— Ты захварэў — прастудзіўся, — зноў папярэдзіў яго Цярэм.

— Маліся!.. А я пайду! Я званіць буду — хай людзі зьбіраюцца, хай слухаюць… Хай паспрабуюць, ці ня стане ім месца тут!..

Цярэм схапіў калеку за плячо.

— Куды мкнеш?

Калека рэзьліва засьмяяўся, скрывіў аблічча. Скаламучаны водбліск вачэй карціў нястрымную чуткасьць нэрвовай нераўнавагі.

— Тут пабудзь, я да япіскапаў схаджу, папрашу памагчы табе,— сказаў Цярэм, але калека, быццам да яго й не гаварылася гэта, прапанаваў Цярэму зусім іншае.

— Я на хоры пайду — засьпяваю… Маліся! Маліся!

— Я памалюся, абавязкова памалюся — толькі найперша да япіскапаў схаджу, — паспрабаваў Цярэм супакоіць і пераканаць калеку. — Цябе ахаваць папрашу іх.

— Цішэй, цішэй — нехта шэпчацца: на Сьвіслачы хвалі, мабыць… ужо кнігаўкі на купішчах крыламі паветра шамацяць… вясна аж плішчацца… Вясна! — скончыў ускрыкам калека і ўпрокмець зірку схаваўся за Цярэмам. Зь незвычайным перапалохам, з дрыгатлівым войканьнем ціснуўся да Цярэмавых ног, стукаў плашкамі аб падлогу.

У сабор увайшоў сьвятар Кіпік.

— Вясна! Вясна — чорная! В-у-у, чорная!

Калека, як перад гэтым, хаваючыся за Цярэмам, зноў спадзеўна вымкнуўся насустрач сьвятару, што ўсё зьдзіўлена стаяў недалёка ад уваходу і пазіраў.

— Што робіце тут? — нарэшце спытаўся ён, але бліжэй не падышоў.

— Маліцца! Маліцца! — ускрыкваў калека і папрастаў да сьвятара. Аблічча ірдзелася захапленьнем, той нападнай дзікасьцяй не пазнаць больш сваіх цярпеньняў.

— Прэч, рагаціна бязбожная! — скрыкнуў Кіпік на небывалых малельшчыкаў і, абыходзячы калеку, накіраваўся да Цярэма. Ён быў добра знаёмы зь ім. Неаднойчы кусок мяса дзічыны даставаўся і яму, хоць Кіпік ня вельмі патрабаваў яго — браў адно дзеля смакаваньня перамены хатніх страваў у ядальні япіскапаў і мітрапаліта.

Аднак Кіпікаў скрык прынёс новую зьмену. Калека таксама яшчэ гарэй, іншым голасам, адклікнуўся яму.

— Маліся! Маліся! — і бы ў яго адрасьлі адсечаныя ногі, і бы да яго прыхлынула невядомая ніколі ў жыцьці воля пагарднасьці, але найперш, вітальна пахіліўшыся адзадзя Кіпіка, шпурнуў усьлед яму плашкай.

Цяперака ў саборы Пётры і Паўлы калека буяў вар'ятам.

— Маліся! Маліся! — усё торыў ён у саборы, і на вуліцы, пакуль везьлі яго да нямецкае жандармэрыі.

— Ойча Кіпік неблагі паліцыст, — зьдзекна, з здаровай пагардай, падышоўшы да сьвятара, сказаў Цярэм.

Цярэм упрасіўся да сялібы мітрапаліта і япіскапаў паскардзіцца ім на ўчынак сьвятара Кіпіка, і ён пачуў там зусім «свабодадумнае».

Яго спаткаў япіскап Філіцы. Ён прысеў за столікам з чорнага беларускага дубу. Цярэма пасадзіў наўсупраць. Зь вялікім супакоем слухаў Цярэмаву скаргу і абвінавачваньні. Час ад часу пакашляваў у далонь і трымаўся за крыж на сутане. Сьцены сьветлае гасподы ўбіралі абразы сьвятых укорнікаў і Хрыста.

— Чаму, спадару, так адчуваеце цяжар Кіпікавага захаваньня да вар'яты?

— Таму што гэта здарылася ў царкве, дзе я хаджу маліцца, дзе спадзяюся дасьмяротную ахову, дзе я магу замкнуць сябе пачуцьцём сумленьня, у тую самую, бадай, турму і збавіць грамадзтва ад маёй небясьпекі...

— Няўжо, спадару, думаецца: царква — месца духоўнай турмы, а не ратунак грэшнае душы?

— О, ваша правалебнасьць, мне хочацца адказаць вам адразу, не чакаючы іншых тлумачэньняў і пытаньняў: ужо даўно вядомы хрысьціянскія ідэалы!.. Правалебнасьць ваша, даруйце мне: няварта паказваць на нашыя грахі, лепш дайце зразуменьне карысьці й патрэбы грэху, можа, сам грэх ужо ёсьць ратунак.

— Спадару, вы стары паляўнічы за асалодай грэху — вось хто вы...

Цярэм нецярплівіў.

— Не! Не асуджвайце мяне! Дазвольце палашчыць ваш слых адмоўным: я толькі ўсяго з тых, што не пагаджаюцца з патрэбай гэтак жыць і захоўвацца...

Філіцы ня даў дакончыць думку.

— ...вы пераконваеце мяне сваім каяньнем — і я багаслаўлю вас.

Цярэм зьбянтэжыўся. Што аставалася сказаць яму за сьціплыя, уветлівыя словы ўладыкі. Але япіскап ня замоўк на тым.

— Вы супакойцеся, адмоўцеся ад пагарды да чалавека, які толькі папрасіў паліцыю забраць зь сьвятога месца вар'ята.

— Але ж там застрэляць яго. Ён пакрыўдзіў Арэмчыка. Выж мусілі ахаваць яго!

— Вы кажаце праўду, вы адчуваеце спагаду чалавеку... я ўжо ведаю пра вас, мне калісьці апавядалі пра вашу дабрадзей насьць... забудзьцеся пратэставаць. Арэмчык пацярпеў, пацерпіць няхай і калека. Цярпеньне тое самае ачышчэньне грахоў і кліч да сумленьня быць справядлівым... Лепш разьвітаем ся... Цярпеньні — Боскае пакараньне!

— Уладыка гуляе з мной і надзіць, каб я асаромеўся сваіх учынкаў абароны чалавека. Хочаце зрабіць непарожняе пустэльнай... Мне верыцца: уладыка ненавідзіць мяне.

— Валей дакарыце сябе: што я лезу туды, куды ня трэба. Усялякае здарэньне — Боская воля... Разьвітаемся — часу няма— даруйце!

— Уладыка, ня шлеце ўсіх нас у ахвяру Боскае волі... Я скардзіўся на волю чалавека, жадаў уцешыцца хоць бы словам заступства за таго, хто стаўся напраўду грэшным, але няздольным заступіцца за сябе.

— Вайна цяперака — за ўсіх не заступісься... Чым вы церпіцё?

— Усім несправедным у маёй Айчыне!

— Ад абароны вар'ята перакінуліся ў агул усіх і ўсеякіх цярпеньняў... Я ж не аскет у чыне япіскапа, каб ісьці на ўсеякія патарчакі грамады, калоцца на іх і пакутаваць...

— Уладыка пагадзіўся з паляваньнем ільвоў, таму жыве ў сьвятліцы сытным і не прыдушаны імі...

— Прашу пайсьці ад мяне. Мне стане слухаць вас. Бачна — да чагосьці канчальнага не дамовімся.

Япіскап цьвяліўся. Цярэм на часіну замоўк, быццам палохаючыся наразіцца благім словам на непрыемнасьць, але рупіўся сказаць япіскапу штосьці больш ядкое і дапятлявае.

— Уладыка, ува ўсялякіх умовінах жыцьця, апыненьняў і адчуваньняў можна знаходзіць і знаходзіцца вера, прыгаство ды любасьці...

Філіцы ня сьцерплів аў. Цяпер ён манах, а не япіскап! Ці магчыма цярпець абразу, хоць бы праўдзівую, хоць бы й ня гэткую, але якая трымае ў сабе зьмест нечага, што крыўдзіць цябе, згнушае тваю дасяжнасьць, тваю ўладу? Ён порстка ўстаў з-за стала і падышоў да Цярэма.

— Прэч адгэтуль! — і адчыніў сам дзьверы. — Я таксама магу помсьціцца, як і вы за вар'ята...

У гэты час, незнарок, з-за запоны ў ягонай гасподзе выбегла маладая жанчына. Яна, пакуль слухала, неспакметнай, Цярэмаву і япіскапаву размову, згубіла самаўладнасьць раней, чымсьці Філіцы. Ейны падбародак і вусны судрагаліся, як у маленькага дзіцяці, калі яно плача. Ад неспадзеву ейнага зьяўленьня нават і стары Цярэм старапеў, глядзеў на яе, бы на скіненую краску вою на парадзе з рукі чульлівае дзяўчыны.

— Гані яго! — закрычэла яна па-расейску, гледзячы проста ў япіскапава аблічча, вытарапіўшы пясьць у кірунку Цярэма.

— Шызая качачка, апусьці свае крылы! — заўцеміў Цярэм і пабарзьдзіў пакінуць япіскапаву гасподу.

— Замоўкнуць! — скрыкнуў япіскап на абаіх... і адумаўся.— О, не! — прагаманіў усхваляваны ён і пабег да дзьвярэй на знадворак.

— Пачакай! Часінку толькі! — клікнуў Філіцы. І Цярэм, прыклаўшы паўзгібам далонь да вуха, бы ці ня ўцемліваючы, што япіскап просіць адчыніць яму весьніцу на вуліцу, нагнуўся да клямкі, спытаўся:

— Вы клікалі мяне?

— Але!.. Я нават тваё імя памятаю... Хадзем яшчэ некалькі словаў скажу табе.

Філіцы ўзяў Цярэма пад руку... і хутка выпусьціў яе. Глянуў у Цярэмавы вочы, але той сігаў далей, як быццам япіскапа і не было побач.

— ...я з крыві твае. Я ж гэтакі, як і ты. Я хачу гутараць з табой. Мяне не сароміць тое, што ты напаткаў у сьвятліцы. Мне ўсёдна тое... Не! Я пра іншае: сваю веру абвешчу табе, не называючы Цярэма братам адзінародным... Пра цябе чуў шмат, таму і прыклікаю Цярэма, я ж магу гэта, я ж духоўны старэйшына твой — амін! Значыць: чалавек ствары, паслухаўшы сваіх духоўнікаў!

Філіцы змоўк. Моўкнуў і Цярэм. Водгуль іхнае хады чутліва скалынала вусьціш парожняе вуліцы з разбуранымі будынкамі наўсьцяж. Некалькі часінаў яны ішлі бязгутарныя, у нэрвовым, бадай, у спалохным адзіноцтве. Шырокая япіскапава апраньня шасьцела асьцярожлівым шорахам малых істотаў у гусьціне травы.

— Моўкнеш, Цярэм?

— Моўкну, вяліцтва духоўнае.

— А, можа, уторыцеся справедніцтвам сваім? Я, можа, пераканаюся ім і тады пайду за вамі ўсюды...

— Прымеркнеце ад чаканьня на яго.

І яны змоўклі зноў. Філіцы не адступаў ад Цярэма. Выйшлі на Савецкую вуліцу. Тут было людней і шумней ад нямецкіх аўтамашынаў. Некалькі чалавек гакамі і капніцамі секлі на сярэдзіне вуліцы лёд у замерзлых лужынах і скідвалі на ўскраі засьнежаных ходнікаў. Крыклівыя галкі лёталі каля дрэў і спаленых камяніц. Іхныя дзіркатыя ўскрыкі і ўзьвівы ў паветра аддзельвалі ўвагу ад замерзлае існасьці руінаў, блізілі да некаторае ацевасьці рухлівасьці ў думках і настроі.

— Вы ці ня хочаце нешта? — спытаўся Цярэм, ахоўваючы ў голасе спакой і ветлівасьць.

— Ад вас?

— Але. Ад мяне.

— Я за вамі, Цярэм, — хачу сказаць. У мяне яшчэ сіла не адбывае — я маладзейшы за вас.

— Малады і я — яшчэ як! І здаравейшы за вас целам і душой, наша правалебнасьць духоўная.

— О, Цярэм, даруй мне! Нарэшце я скажу табе ўсё — адважваюся. Нак жа думай: я не ад уражаньня забясьпечыць мой гонар і чэсьць япіскапа... Цярэм, калісьці я быў манахам, сьвятаром, і стаўся япіскапам, на то вайна ёсьць. Вайна робіць герояў, вайна прыносіць рай. Калі ўцеміць добра ўсё на зямлі, як дадаць — дадатнае, як адняць — адмоўнае. А фізыкі кажуць — мінусы і плюсы электрычныя працягваюцца паміж собску. Страла воіна — мінус, крыж наш — плюс! Ад іхнае збліжнасьці: сьветнасьць нашая, і сьмерць нашая ўсёдна надыходзіць... Добра ўторыў твае віхравеі душы і павучэньні, ці не?.. А потым яшчэ, ты ўсё веціш: бяскрыльле наша разьвяжацца. Радасьцяй карнісься, калі што-небудзь апыноўваецца на алтары тваёй бацькаўшчыны. Быццам плыні ліхога трупікамі людзкімі засыпяцца, спадкам тваім станецца і пакаленьню твайму; ад натугаў тваіх твае старыя цягліцы моцай і рухлівасьцяй робяцца, а розум нават жарснасьцяй надзіць; і кажную рэч у жывым чалавеку знаходзіш, а не, дык параўноўваеш людзкія ўсчолы і ахвоты раўназначнай вартасьцяй: усё свайму пахожае; ці то: усё гісторыя ёсьць, калі яно дадае значэньне мінуласьці, калі яно ўжо ў сваёй задуме, а ня толькі: зьдзейсьні — апыноўваецца наканаванасьцяй гістарычнай. А потым яшчэ: усё ў цябе не ахвотнае да кволасьцяў, нават не да духоўнае, нават не да фізычнае... хаця— не. Ня хочаш быць у духу сумленьняў, а ў болі ад боляў прыходзяць... Ах, Цярэм! Я ня супраць цябе, я і ня Боскія або япіскапаўскія спагаднасьці тваім блукнасьцям выказаць жадаю. Я, можа, з табой пагаджуся... Я з манаха ў япіскапа перамяніўся. Але праўды і крыўды я не шукаю. Я праваслаўны толькі. Мне валей — «амін» казаць дый любіць. «Амін» пакідае шмат што для веры, а «аман», «амэн» — наадварот; пасьля мальбы сьвятой: «ман», «мэн» — чалавек, багаслаўляю цябе чалавекам, хоць бы потым ты зьвяром будзеш. У цемрадзі касьцёлу расьцьвіцеш краскай, на знадворак выйдзеш: золатам і шоўкам насілкі зіхцяць перад табой. Багасловяць цябе ўкорнасьцяй, а ты пяеш гімны — славіш правадыра свайго. Будзь векавіста дасьмярот ная авечка! Адыдзесься — у роднай гасподзе ўжо другі бацька і правадыр чакае — дай і яму хвалу ды абавязак, кроў і жыцьцё, і думай, як ён, і хадзі, як ён, і не спакмечвай, што ад ягонае дабрадзейнасьці дзяржаўнае адно смуродзь кадзіць, і кажная ўтаропнасьць ягоная дзеля людзей — бясконцая цярплівасьць і пакута ёсьць. Але думай: на ягоных вейках вечныя расінкі дагоднасьці ясьвеюць, а сэрца туліць спагады і журотнасьць усенародную... Ці ўсё ўторыў тваё і сваё? — бы прыкідна, спытаўся япіскап і прыніклівым зіркам, як і раней, глянуў у Цярэмавы вочы. Цярэм глядзеў на япіскапа.

— Вашы перажываньні, мабыць, ня кончыліся — канчайце іх. Ваша вяліцтва, гэтак мы і да майго сяла хутка дойдзем.

— Я крыўды і праўды не шукаю і не загаварваю тое, што бачыў ты ў гасподзе маёй. Я навучаю вас умяркоўнасьці. Яжыцьцё таксама ведаю і таксама ведаю, як браць яго, — гаратліва сказаў япіскап і не супакоіўся. Затаёнае адчуваньне ўразьлівасьці ад напатканага Цярэмам у ягонай гасподзе кранала яго— прынуквала паступова быццам ураўнаважвацца нечым зусім лагодным і як трэба згладжаным у настроі.

— Гэта вы сяньня ці ўчора пачалі ведаць пра жыцьцё? — спытаўся Цярэм больш зьдзіўленым голасам і больш рашучым, што да самага сэнсу спытацца ды падумаць не інакш.

— І сяньня і ўчора. Я даўно жыву вобмацкам маіх перакананьняў. І дзеля таго рыньвлю мае пачуцьці прызнацца гэтым. Дзеля таго каб Цярэмава сэрца ведала месца на зямлі, ну, прынамсі: што я ня блазан які-небудзь, і што ў мяне няма адчувальнасьці карціва-сапраўднаму да будучага жыцьця.

— ...тады ягонай вялікасьці, — перарваў Цярэм, — не былоб патрэбы зварачацца да мяне ці да кагосьці з сваімі празьмерна пакутнымі наўмерамі і шмыгаць сабе пацуком паміж будучым ды паміж мінулым.

— Як твае словы ўцемліваць: як гастрату — толькі б уразіць, ці можа як насьмех?

Цярэм неспакметна ўцягваўся ў датклівую гутарку. Адказваў:

— Рыбінкай у твані ўявеце.

— О-о, як! А ўсё-ткі ад цябе паразумнееш.

Філіцы засьмяяўся. Ён паверыў і верыць сваёй моцы дароднасці, хоць добра бачыў, Цярэм ідзе побач яго з тэй самай дастатковай старэчай цярплівасьцяй абыякава слухаць.

Зноў некаторую сьцяж вуліцы яны ішлі моўкныя. Япіскап не пакідаў Цярэма. Сігаў разам зь ім з аднэй і тэй самапэўнась цяй і наўмернасьцяй.

— Што ты любіў, Цярэм, і любіш цяперака? — загаманіў Філіцы зь непрайменнасьцяй, зь некаторай асьцярогай, каб як быццам ён жадае гутарыць аб гэтым не зь якім фіглёрствам, а зь любазнаўствам ды ўважнасьцяй.

Цярэм не адказаў яму. Яны зьвярнулі на другую вуліцу. Там кожны ступень можна было назваць і вуліцай, і камяністым полем сярод гор. Камяніцы ляжалі выступамі засьнежанае скалы, і толькі дзесьці, пад самай Сьляпянкай, карчанелі нізкія драўляныя хаты, зырчэючы шыбінамі ад праменьня сонца. Праходзячы паўз высокіх друзаў калісьці шматпавярховага дому, напаткалі некалькі мужчын і жанок. Яны весяліліся. Пакуль ня ўбачылі япіскапа зь Цярэмам, некаторыя мужчыны завіхаючы ся каля жанок, агадвалі песенькі або чадрылі непрыстойнасьці. Цярэм азірнуўся на іх.

— Не азірайцеся... не журыцеся за іх — гэта блізу патрэбная сцэнка: я праймуся найбольш тым, чым наджуся і адчуваю...

— Ці ня час, уладыка, разьвітацца нам.

— Не вытрымліваеце? А цярпеньня, старэчы, трэба мець. Вы ж прарокам жадаеце быць і нат Салямонам у дзяржаве сваёй стацца...

— Уладыка нягодны чалавек.

— А мне і тваё — нічога! Праўдзівую сувязь з сваімі падданымі трымай — цярплівым будзь! Навучай даступленьня любіць цябе: «У бясконцай нашчадзе пакутаў яны ніколі ня ўспомняць цябе». Або зусім лірычна: «Чаму вы па-свойму наровіце? Уявеце, хоць бы пылінкай, паглядзець, як між галінаў, угары, на дрэве, расчыняюць птушаняты дзюбы, бы тыя пелясткі красак вецер!» Чые ж гэта «няўхільныя прохані жыцьця», мае ці твае? Безумоўна, адкажаш: уладыка, маё, а як інакш?.. Дык вось пачуў мае навукі, ці не?

— Але. Чую, уладыка! І нават бачу: над вамі аб'яўляецца карона нараджэнца спакону.

— І народзіцца! — усклікнуў япіскап.

— Самы найдурнейшы ўскрык!

— Не падзейнічала на мяне і гэта!.. Слухай, старэчы, я прызнаюся табе: ненавіджу цябе, не таму, што саракоміш цяперака супроць мяне, а таму, што я хвалююся, калі пачуў пра твае «воблікі ўсярэдняга жыцьця». У людзей ёсьць імпэты роўнасьці ва ўсім, ня толькі ў сацыяльным, але ў духовым, але ў кажнадзённым. «Кажны хоча зразумець свой час», — тваімі словамі падмацоўвую. Вось гэтак прагну я. У цябе ёсьць сьведамасьць ненадзвычайнай помсты бы або ўзьдзеі і рухлівасьці ў старасьці за тое, што нешта «сваё роднае» ня зьдзейсьнілася пры быцьці тваім. Я шмат пра цябе чуў, таму і гутару ў твой сулад.

— ...а ў мяне, значыць: у нас, як рачная лілея атоньвае яно— ускрасае і цвіце — жыцьцё вусьнявіць! — спакойна перарваў Цярэм япіскапаву гутарку. У старым голасе, у кожным слове трымалася штосьці ягонае бесьсьмяротнае і запаветнае.

— Дазволь мне! Дазволь дакончыць сказаць... перад табой я ведаю, дый кажуць усе: камень ад немані сваёй завые... Хвалю цябе, бы ня ворага майго!..

— ...уладыка казаў: крыўды і праўды не шукае, дык навошта з мной надзіцца і турбаваць мяне? Разьвітаемся і паверым, як добра ёсьць, калі маеш ворагаў гэтакіх, як ты сам сабе бываеш ня сябрам.

— Я згодзен з вамі, згодзен да вынікаў нават. Старэчы, праўды і крыўды не шукай. Навошта? Бо ж навучана: у самім Дабры так шмат зла, а ў Зле так шмат дабра, што можна не памыляцца, маліцца аднолькава ці богу Дабра, ці то Злу.

— Вашу няпраўду і несправядлівасьць я пагарджаю маёй любасьцяй, бо мая любасьць да гэтага вашага ёсьць часьлінка маёй, сумеснай, непраўдзівасьці і несправядлівасьці... Уладыка, кінем нашу наўдань... Бывайце!

— Не, старэчы! Штосьці іншае паслухай. Улады хочацца мне. Кажнаю часіну я магу кінуць духавенскі чын... Вайна аб'явілася, мяне з манаха нікчэмнага ў япіскапы выцягнулі. Вайна пакуль ідзе, я вышэй пацягнуся: я ўлады прагну, я прагну жыцьця вялікага. У мяне зайздрасьц і жыцьцёвыя асяліліся. Я малады яшчэ. Пачуўшы пра вас, зьненавідзеў вас. Дзядуля з дамавіны над жыцьцём сьмяецца і ўсё вабіць для роднага — Айчыны. Ая праваслаўны. Хачу ўвесь сьвет праваслаўным зрабіць— вось гэта ёсьць маё роднае, хоць і далёкае. Мой сьвет увесь! Аза вамі што?

— Уладыка, не памру тады. Па знаёмству — тваім раднікам буду.

— Сьмяецца апошні — старымі словамі кажу табе!..

Япіскап ня выцерпеў Цярэмавага насьмеху. Адчуваньне непакорнасьці яму — паслухаць яго, сьціснула сэрца немалой жарсьцяй абурэньня. Заскочыў Цярэму наўперад, схапіў за рукі, спыніў.

— Ну, добра — паслухаю. Мо' ад вялікіх жаданьняў і парываньняў вашых не адранцьвею, — згадзіўся Цярэм. На ягоным абліччы ясьвілі праўдзівая пакорлівасьць і спакой.

— Ногі мае баляць. Зойдзем на магіліцы — прыперціся дзе будзе.

Яны якраз дайшлі да Вайсковых магіліцаў. Прыпыніліся каля капліцы. У япіскапа неспакойнасьць і ўцеўлівасьць ажывала асаблівай неабходнасьцяй. Часіна, у якой пачынаецца жыцьцё вольным, лёгкім і дзеля сябе векавістым быцьцём. Нават не прысутнічаюць уцемы аніякіх жыцьцёвых перашкодаў. Ёсьць толькі імкненьне ўзьляцець лятою спрадвечнага мятліка і дыхаць небывалым здароўем ды радасьцяй дагэтуль невядомай моцы. А ўсялякае, што калісьці турбавала цябе, даць камусьці адгаднасьцяй агульнае веры: як добра, што яно ёсьць і сталася гэтак!

— Я манахам быў, ужо казаў табе, — пачаў Філіцы. — Але і манахам зрабіўся ад зайздрасьці таксама. У часе Польскае вайны, у 1920 годзе, у маім сяле заложнікаў расстрэльваць зьбіраліся, бо нехта «жаўнежа варшаўскего» за ногі да дубу падвесіў, гэтак і сканаў бядак падвешаным. Заложнікаў не расстралялі. Але з васямнаццацігадовым хлапцом палякі расправіліся. «Япрыкончыў яго!» — сказаў ён, выступіўшы зь сялянскае гурмы, і аддаўся катам. Яго ж тут і расстрэлілі, блізу ў тую прокмець, калі ён абвесьціўся перад імі. Аднасяльчане ведалі, што ня ён загубіў «жаўнежа». Хлапца пахавалі тут жа на месцы крыві собскай і жыцьця недажытага. Кажны сяльчанін, малы і дарослы, жменямі пясок на яго сыпалі і маліліся, і звычай нат застаўся: хто праходзіць паўзь ягонай магілы, жменю пяску ўдзячнасьці сыпне. Курган насыпалі над ім... Жменямі.

— ...малюся за яго, схінаюся перад Хрыстосам айчынным!— адступіўшы на крок ад Філіцыя, перахрысьціўся Цярэм і пахінуўся ў пашане.

— Хрысьціся, старэчы, хрысьціся! Яшчэ адна постань, лішняя, пацярэбіць спагадай тваё сэрца — усё на алтар Цярэмавай бацькаўшчыны... А мне тады зажадалася зьвярнуць увагу на сябе: у манахі пайсьці задумаў. Мне думалася, маім учынкам жывуць, захапляюцца. Праз колькі год пераканаўся: гэта не жыцьцё і ня ўчынак, а, бадай што, нічога або аб'яўнасьць прысутнічаць на зямлі або пад зямлёй.

— Уладыка, напэўна, адгадаў само жыцьцё, калі б дадумаўся, што само жыцьцё ёсьць тварыць жыцьцё, перамагаць яго ня трэба, а наканаваць няўхільнае — пакідаючы адначасна зь сьляпцамі для спамінаў: б ы л о сьмяротнікаў і нараджальні каў— б у д з е!

— Ён зноў... куды? Мне спрыкла тваё, спрыкла, як ты! Нарэшце дазвольце собіць маё. Тваё старэнькае ўжо. Яно да аднаго прыгінаецца: пабагаславіць цябе і самому сабе агадаць — плюнуць на ваша!..

— ...чалавек, што робіць і ўсё, што ўторвае да яго тваронае ўжо, заўсёды пераконваецца, што ён першым у сьвеце распачаў гэта, — ня сьцерпліваў Цярэм сваімі выказамі. Бы адкуль з прытайку кідаў іх япіскапу.

А япіскап Філіцы болей не прасіў: «даруйце», «дазволь». Хоць разумеў Цярэма нават ня проста звычайным чалавекам, а нікчэмным і на якога ня толькі можна плюнуць — нават мезенцам паказаць ня вартым было, япіскап аднак найперш, сказаўшы:— Псыхолягам ужо нуртавіш? — як хлапчук у задорнасьці запалу набіць слабейшага равесьніка, прыгразіў Цярэму: — Калі хочаш, дык зараз усё-ё абвесьціцца...

...І здарылася зусім неспадзеўнае і для япіскапа, і для Цярэма. Пасьля чаго, цяжка адгадаць. Зрабілася: у капліцы на магіліцах пачуўся людзкі стогн і драпаньне. Япіскап, адбегшыся ад магіліц і Цярэма далекавата, прыпыніўся ў даўцемі. Ягоная постаць, апранутая ў чорную сутану, сярод засьнежаных пусткоў стаяла, як абгарэлы пень.

— Мы разьвітаемся. Ня можна ўсіх зрабіць ксяндзамі і сьвятарамі. У сумленнасьці ў сьвянтынях сабе яны ўсе аднолькавыя...

...У Беларусі пачынаўся тэрор. Наехалі зь Югаславіі расейскія саладарысіты, панаходзіла ў нямецкай уніформе прыбалтаў атрымаць больш тэрыторыі ад беларускіх земляў.

Штосьці ўсё было ня гэтак, як жадалася Арэмчыку. Усялякія праклямацы і незалежнасьці Беларусі, усялякія насьмехі ці то неспадзеўкі калекі ды нават, бадай, выяўныя пагрозы ягонаму жыцьцю, пачалі радзьвей і радзьвей апыноўвацца перад ім. Усе гэтыя падрыхтаваньні дзесьці рабіліся пад пэўным наглядам і настырлівасьцю. Кімсьці нагодзілася гэтак, каб усё таемнае, сваямэтнае было вядома ў краіне ўсім людзям і ўсім, як ён, Арэмчыкам. Таму Арэмчык старожаўся і таксама ціхотна рупіўся не аставацца ў разбураным Менску без змаганьня, без навалы на сваіх сапраўдных і несапраўдных ворагаў.

У Менску Арэмчык не адразу знайшоў сабе сяброў і аднадумцаў. Некаторыя дружыліся зь ім, але незадоўга, пасьля знаёмства, выказвалі яму вельмі нялюбыя патрабаваньні і меркаваньні пра немцаў, і пра будучыню Беларускай Айчыны. Гэтакіх ён ня ўцельваў, ён ухіляўся іх. Здавалася, Арэмчык адчыняў брамы сталіцы для сваіх незьлічоных ворагаў: упускаў іх на пляцы, вуліцы і кірмашы; спатыкаў іх пераконамі: ахвотай сытна жыць на аўсяным хлебе; спрабаваў удачыць іх новай, своеўласнай карысьцяй мэты жыцьця і, нарэшце, збаўляўся іх, як збаўляюцца ворага дзе-небудзь на фронце ці на варце ад рабаўнікоў. Ён ухіляўся іх, былі больш спадручныя.

Ужо мінула два тыдні, як калека пакрыўдзіў Арэмчыка, але забыцца пра тое было нялёгка: прыкрасьць клікала да помсты. Як задаволіцца ёй? Як пазнаць людзей, калеку, а ўсялякае — яно ў змаганьні бязь ліку.

Арэмчык пачынаў радзіцца з Саболікам, з тоўсьценькім, апратлівым чалавекам. Саболік жыве ў сталіцы нядаўна. Ён не любіў людзей, што кураць, і заўсёды ўторваў, што напагатове паказаць абкрываўленую кашулю з закатаванага беларускага селяніна, і нат абяцаў напісаць дзьве кніжкі ўспамінаў. Спатыкаючыся з Арэмчыкам, ён любіў гутарыць расейскай мовай і прадчасна папярэджваў яго праз ганца праветрыць гасподы ад табачнага дыму ды паху, бо ён жадае завітаць.

Аднойчы зімовым раньнем Саболік завітаў да Арэмчыка.

— Ну, як вам спалася? — спытаўся ён і адразу зьвярнуўся да Арэмчыкавай дамаведкі і дачкі: — Пакіньце нас, абыдземся бяз вас.

Арэмчык падсунуў Саболіку крэсла, ён зрабіў гэтую ветлівасьць хутка, што пасьля ня мог успомніць, пра што пытаўся ў яго Саболік і што казаў ён жанкам.

Жанчыны пакінулі іх. Яны прызвычаіліся да абразьлівых захаваньняў і, бы людзі за штосьці пакараныя, не спрабавалі спрачацца зь імі.

— Апрача сьвятых апостальскіх пісьмаў ёсьцека Аль-кітаб. Ты ня думай, што мне хочацца прыпомніць табе пра маё азіяцкае паходжаньне, а павучыць розьніцы ў нашым падыходзе да яснасьцяў справаў... Я надумаўся тое-сёе зрабіць. Усіх пісакаў, што жывуць у сталіцы, мы назавем братамі. Ты разумей: мы зробім іх удзячнасьцяй падзяліцца з намі сваімі загадкавымі мроямі і прароцтвамі. Гэтыя людзі люцыпарскія! Іхнае захаваньне да ўлады выдайлівае, што, маўляў, узьлезеш на вежу і стуль назіраеш усялякую прысутнасьць. Ці то: сама зямля ўздымае цябе і паказвае сябе... Праўда?.. Праўда ці не? Кеміш мае казаньні?

— Не зусім яшчэ, — адказаў Арэмчык.

— Вы жартуеце зь мяне — мабыць таму, што я прыйшоў сюды сам? Толькі таму, што ўбачылі: я не шкадую свайго часу, і ад першага спатканьня даверыўся вам душой і целам. Вы думаеце, я так захоплен вашымі скрухамі, што палічу ваш спад маёй друзготай становішча і мо' пачуцьця?

Саболік зазлаваўся. Але Арэмчык не бянтэжыўся. Проста была выпадковасьць: іхныя думкі зьбегліся адным знарокам. Найбаржджэй у іх ці не жыла ледзь ня братняя прывязнасьць, якая згуртоўвае агульнай вартасьцяй адчуваньне адначаснага сэнсу будзённасьці.

Арэмчык тлумачыў Саболіку:

— Дзякую за добрыя словы твае! А вось да парады: склікаць усіх пісакаў на літаратурныя сходзіны — вы напэўна думалі пра гэта, — дык скажу: я ўжо паклапаціўся сам... сяньня а 3-й гадзіне прыходзьце да клюбу, паслухаем іх.

Саболік адтутурыў вусны. Значыць, тое, што пачуў ён ад Арэмчыка, яго зьдзівіла ды яшчэ больш уцьвяліла, аднак моўкнасьць не выдавала ягонага хваляваньня — яму трэба чакаць. Арэмчык таксама моўкнуў, мо' ад таго, як зразумець Саболікаву варухлівасьць — гідка адтутурваць вусны.

— ...ужо час зрабіць сходзіны. Больш зырка выявіцца, дзе ўсё-ткі карналіны супраціву маім намаганьням, звычайна маім асабістым, ад якіх, вядома, можа азначвацца цэлая аснова палітыкі ў краіне. Я зусім ня думаю пра рэформы па вайне, ці падчас яе. Дазвольце ўторыцца: я думаю то спакойна, то ненавісна супраць усяго, што ёсьць супраць майго зацікаўленьня! Мне жадаецца сказаць, што мы не аджывем тутака. Штодня пераконваюся: народ у імпэце да свайго роднага. Ім страхам сьмерці забаранілі казаць пра айчыннае, таму яны шэпчуцца, і ніледзь не сумуюць. Па-свойму адгрызаюцца, гінуць... Ці можна ўтрымаць іх? А ўтрымаць суцежнасьць — будзе загінуць ад іх!.. Мы мусім адступаць, чым здолеем заашчадзіць сваю дабралетнасьць жыцьця. Адысьці без змаганьня, як вы аднойчы сказалі, таксама няможна, мы будзем тады толькі пясчынка ў віхравею. Мы, як інтылігенты, адступім з супрацівам... Ах, якія цяжкія перашкоды! Таму добра ведаць: што вось стаіць стоўб, а ў ім ёсьцека трэшчыны — пісьменьнікі пакажуць, паэты выцяўпуць іх у эпапеях... Гоняцца за табой — ты ўкраў залатнік; будзеш бачыць: зловяць цябе, уткнеш у трэшчыны гэты грош — і я, і ні я,— што хочаце? Дробязі маюць сэнс для вельмі шматных асаблівасьцяў... Яны выкажуцца!..

— Што, яшчэ ня скончыў? — не сьцярпеў Саболік і ўзьняўся з крэсла. — Вы апавядаеце пра нейкія зайздрасьці паміж суседзямі, пра іхныя роспачы, забываючыся пра мур за намі... яны абаронцы... немцы... а ты — дурань, самы сапраўдны асталапень не без выключэньня зрабіцца валацугай з шараманкай, толькі ад таго, што ўявіў сябе разумнейшым за ўсіх... Чаму не спытаўся, не парадзіўся з мной?..

— Пра што чаломіш, скажы? — ятра спытаўся Арэмчык, падступіўшы да Саболіка.

Саболік прытліва адышоўся да дзьвярэй гасподы. Але адразу не пайшоў адтуль. Прыпыніўся. Аблічча ясьвілася будрожнасьцяй, якая, нават пакуль ён пачаў гутарку, казала несхаваную зырлівасьць пагарды да Арэмчыка.

— О-о, матухна! — памалу, злосна ўсклікнуў Саболік, усё пазіраючы на Арэмчыка, які змоўкна-прыплюшчанай нянавісьцяй уваччу пазіраў на свайго бяседніка.

— Я не памыляўся, калі падумаў: вы адурнелі ад табакі! Ваш розум закапцеўся ёй!..

Саболік адчыніў дзьверы, але з-за іх, паўпрычыненых, працягваў гутар.

— Я пра тваю асабістасьць успомню... Я напішу ўсё ў мэмуарах!.. Я не баюся цябе!

Хлопнуў моцна дзьвярыма.

— Бэбух! — гняўліва прагаманіў Арэмчык. І зноў прылёг на канапу. Аднак ахвота прылегчы і нават заснуць, мабыць, зьявілася ад слабасьці — кажнадзённыя напружнасьці, што патрабавалі развагаў над усім, што тварылася супраць яго. Ён не выступаў, не ўрываўся ў вялікую нацыянальную будзённасьць тайніцай дзяржаўнае кумірнасьці, а зьявіўся ў віры змаганьня і жыцьця рэспублікі, як прывезены адкуль-небудзь камень, які можна кінуць у падмосьціны вуліцы, укласьці ў падваліны, або кінуць ім камусьці ўсьлед, або нават апрацаваць у хараство чэснасьці чужаком. О, ён быў чэсьнінкі! Народнае ня ўнасьцьвіла яго! Ягоны розум і здольнасьці не намагалі ўправіцца з собскім падыходам да жыцьця цэлае нацыі. Але ён дужа добра мог нагоджвацца з сваімі болесьцямі — забясьпечваньня існаваньня. Ён ведаў: у незалежным дзяржаўным геніі Арэмчык толькі клочча пены на вадзяных хвалях, толькі ўсяго пыха конюха з каралеўскае канюшні.

З свайго пакою выйшла дамаведка. Арэмчык заплюснуў вочы — яму не жадалася паказваць ёй меру будрожнага адчуваньня. Ляжаць, прыплюснуўшы вочы, у сваёй хлусьлівай цемрадзі супакайней: усе хваляваньні асудзіш і як трэба апануеш іх бяз лучнасьці з звычайнай вонкавасьцяй.

Дамаведка ціхма прайшла каля яго. Па шораху пантофляў чуў: яна пайшла да кухні. І вось у гэтым зьверхаваным пачуцьці гневу на Саболіка Арэмчыку зналусна прыхлынула часіна яскравасьці. Ён успомніў першую сустрэчу з дамаведкай пасьля сьмерці жонкі. Мінулае дрэмле безь ніякіх прыяваў наўдняў. Але аднаго дня яно адклікнецца незнарочным успамінам і ўсчоліць дастатковасьцяй уражаньня. Адны — абураюць, іншыя— вядуць у засень сунегі і міласьці; трэція — удзячуць ды спадзяваюць, як першы пошчак пешчаў — выйгрыш часу, што паможа мінуць ненаўмеранае.

Арэмчыку аб'яўлялася. Некалісьці, чакаючы ейнага завітаньня да ягонае гасподы, ён прыбраў там як ляпей і аздабней. Малую дачку прагнаў пабегаць у садовым сьцяжы. Лёг на канапу. Яму было суцешна, што нарэшце ўсё прыйшло да свайго канца і, здаецца, ужо стане думаць пра памерлую жонку. Ён чакаў новага каханьня... Цярплівая ціхасьць Арэмчыкавай кватэры напоўнілася рэхай радаснага сьмеху, і тое, што сьцераглося, тайкавалася ў парываньні цепрасьці, здарылася любай шчырасьцяй, быццам дагэтуль яно ня ведала іхнага мілага цярпеньня.

Потым уторныя спатканьні пераканалі Арэмчыка прызвычайнасьцяй: інакш няможна — пакінуў дамаведкай — захінёнай праўдзівасьцяй дзеля абаіх.

Арэмчык ня зморваўся жыцьцём! Ён бы раскусваў парожнія гарэхі жыцьця!.. Адвярнуўся да сьцяны. Па-нэронаўску пазабаўляўся калярыста-сьвяцістымі расінкамі каштоўных самацветаў на пярсьцёнках. Паглядзеў на гадзіньнік. Да пачатку сходзінаў яшчэ каля паўтары гадзіны. І зноў заплюшчыў вочы. Сьвет усялякіх вобразаў, думак паласьніўся пад павекамі. Пачаў атаяўляць уяву парадку спатканьня зь пісьменьнікамі і паэтамі. Безумоўна, нешта найбольшае паходзіць ад іх, зь іхнае чуткае душы... Ён не дазваляе зыслабець гардліваму наўмеру, які нарадзіўся ў ім і што шэпчацца зь ім, падобай ягонага настрою.

Лёг дагары. Паглядзеў у столь. Цяперака ў галаве было паражнява, як і там, пад столяй. Неўзабаве з кухні выйшла дамаведка, яна зноў жадала ціхма абысьці паўз Арэмчыка... Яна ўздрыгнулася, сьціснула даланямі шаматлівую сукенку, прыпынілася ды прыслухалася. Ад асьцярогі не пацьвяліць супакой Арэмчыка яна не зразумела: ці ён клікнуў яе, ці мо' толькі аслухалася ёй.

— Эй, хадзі сюды! — уторыўся Арэмчык. І яна пабарзьдзі ла да яго. — Што, аглухла? — дакарыў ён і ўзьняўся з канапы.— Скажы дачцэ не ўваходзіць сюды — агляджу цябе.

Дамаведка папярэдзіла дачку. Зь вялікай выразьлівасьцяй шчасьця азірнула сябе ў люстэрку, што стаяла наўпроцькі канапы.

— Бліжэй хадзі.

Яна ахамянулася. Яна добра ўсьвядомлівала Арэмчыкаву нелагоднасьць, ад якой заўсёды бывала шкодна і нечароўна ёй. Падышла блізка да яго.

— Распрануцца?

— Ня трэба — задзірай лахі! — груба сказаў Арэмчык і размашна сам падняў сукню дамаведкі.

— Трымай падол.

Ён пачаў ціскаць ейны жывот.

— Колькі месяцаў па-твойму?

— Можа пяць, можа шэсьць будзе.

— Будзе... будзе... Чаму раней не казала?

— Я даўно кажу табе пра гэта.

— Сьціхні! Дзесьці прыдбала... Прэч пайшла!.. Ты запісала, а каторай гадзіне мне трэба ісьці?

— Пра сяньняшні дзень? Не! Я нічога ня чула ад цябе...

Арэмчык ускокнуў з канапы. Бы рабіў гэта ўва сьне, а не ў сапраўднасьці, калі ад гэтага ўсяго можаш пазбавіцца гутаркі і нават на некаторую прокмець адчуваньне свайго жыцьця.

— Не казаў! Не казаў! — перадражніў Арэмчык дзікаватым голасам.

Дамаведка адразу ахамянулася.

— Цяпер я ведаю, ты сказаў.

— Дык памятай: я ёсьць, — зраўнаваўся Арэмчык.

Спрэчка з Саболікам не бянтэжыла Арэмчыка. Быццам нічога і ня здарылася, ён заўсёды пасьля гэткага бяздумнага захаваньня зь іншымі людзьмі чуўся паўсонным. Ён зноў лёг на канапу. Паглядзеў на гадзіньнік. Да літаратурных сходзінаў заставалася гадзіна. На адоле чулася частае рыпеньне дзьвярэй, неразборлівы гоман і лязганьне судзьдзем.

Арэмчык думаў, спамінаў прырыхтаваную прамову-ўступ. Прамову выдумаў кароткую, бо ж прывітаць прычыну гэткае нагоды было нялёгка: усё ў варушэньні паўзбоч яго, ня вельмі сьцяжыла зразумеласьцю. Ён проста апыноўваўся ў інтуіцыі супраціву дзеля ўласнай абароны. Але свайго бясьсільля, як іншыя зь ім, роўныя, не адчуваў. Затое быў чутлівы да драбноткаў. Варта хоць бы невялікай няўважнасьці да яго, да ягонай пасады; адважся пасупярэчыць ягонай пляскатай мудрасьці ці доваду, ужо будзе дастаткова яму ненавідзець.

— Добра, — лежачы на канапе, як перад гэтым утаропіўшыся ў столь вачыма, сказаў ён, быццам хтосьці змусіў яго праз колькі цяжкіх ваганьняў згадзіцца з чымсьці надзвычайна важлівым…

На адоле ўжо часьцейшы гоман і хаджэньне. Смачны пах з кухні-клюбу Самапомачы сюдзіўся і да ягонай гасподы. За вокнамі, што кадзе прасьвечваліся сонцам і азеравелі небам, пачынала дзьмуць. Узьвершы руінаў у блізасьці будынку Самапомачы абцягваліся цьмянлівым адсьветам пралётнага холаду. Ад таго, што ў Арэмчыкавай кватэры было цёпла, знадворная шарахлівасьць паветра яшчэ больш сьціжыла іхную ўтульнасьць і здаровасьць. Адчувалася лагоднасьць, жывая, але нябачная, ахутвае дабратой жыцьця.

Узімку глядзець праз вакно Арэмчык не любіў. А калі прыходзілася, дык яму ўспамінаўся бацька. О, ён ніколі не забудзе бацьку! Можа, тое мінулае і зрабіла Арэмчыка жаданьнем прылучыцца да жыцьця бацькоўскай няўмольнасьцяй і ўчарэплівасьцяй.

Бацька на Палесьсі гадаваў коні для татараў і, каб выгадней іх прадаць, загнаўшы маладога каня ў вузкае стойла з дубовымі пярэчынамі, торкаў яму ў бакі лясінавым кійком. Конь прыгаў, біўся ў цеснай загародзі, але вырвацца ня мог. Усьпенены і па-жывёльнаму ўцьвелены, уздымаўся на дыбкі, іржаў. Гэтак уторвалася колькі дзён, пакуль конь ад дотарку, нават далоні, ня мог спакойна стаяць, ірваўся на прывязі, прыгожа-дзікавата наравіў наўзвады, уздымаўся, разьвіваючы доўгі хвост, падгінаў дугой падстрыжаную грыву — добрым выглядаў. Маленькі Арэмчык перша палохаўся, а потым прызвычаіўся — памагаў бацьку. Дзіцячыя вочы глядзелі натрасьцяй зьдзеку. Зводдалі, дакуль мог дастаць доўгім пугаўём, торкаў каню ў паджывотніцу. Аднойчы, марознай раніцай, конь на прадажу вырваўся з рук парабкаў, бегаў па шырокім дзядзінцы, спрабаваў пераскочыць замёт, не даваўся злавіцца. Бацька злаваўся, крычэў на парабкаў, а тады не сьцярпеў, прыбег да свайго пакою, узяў паляўнічую стрэльбу, застрэліў каня. Арэмчык-дзіцё радаваўся, пазіраючы, падскокваў на падваконьніцы, выціснуў шыбіну нават. Бацька спакмеціў гэта, разьятраны, падбег да вакна і стрэліў над галавою Арэмчыка. Не задаволіўся, прыбег у хату, перапалоханага да непрытомнасьці сына падняў за валасы, шпурнуў на падлогу… Арэмчыку памятаецца — гэтага ад яго не забярэш! Яно ж мо' і прывучыла яму некаторы асабісты сэнс жыцьця.

Устаў з канапы. Дамаведку і дачку не паклікаў памагчы прыбрацца — усё зрабіў сам. Завязаў гальштук, абклаў каўнер, надзеў на правіцу яшчэ адзін каштоўны пярсьцёнак і ўпэўніўся перад люстэркам у прыгастве постаці. Ён ведаў: на сходзінах ён мусіць паказацца. Нават добра чулася, што дамаведкі і дачкі не было побач. Яму жадалася зьвярынай ціхасьці, інакш ён бы не скарыўся будрожнасьці пачуцьця задаволіцца надуманым — літаратурнымі сходзінамі.

Пайшоў на адол. Зь ім барзьдзілі прывітацца. Бы рэдкі і родны госьць у вялікай сям'і, ён апынуўся сярод знаёмых і блізкіх прыхільнікаў. На абліччах шмат у каго зь іх была своеасаблівая ўражлівасьць чэсьці і дасяжлівасьці чыноў. Але па маршчынах можна было дадумацца пра іхнае гора нат у днёх, якія яны чакалі ды жадалі скарыстаць. Блізу так выглядала, што перамена, прынесеная вайной, яшчэ аніяк не магла дапамагчы ім, аніяк ня можа дацаніцца іх. Яны верылі сваім прыхільнікам і самім сабе, быццам палохаліся, каб, пакуль жывуць, іх не мінулі, а спакмецілі. Таму Арэмчык прыплыў ці ня першым караблём наземным, каб уратаваць, падабраць іх у менскім моры руінаў. Роспач мінула. Яны адольвалі існую смуту: пэўніліся ў зьдзяйсьненьні сваіх парываньняў.

— Здрасьце! — падышла да Арэмчыка старая жанчына. Працягнула яму руку. — Ах, ізьвініце! — раптоўна склікнула яна. Зь вялікай, чорнага ворсу, муфты адваліўся ласкуцень шкуры. — Это не майму васьпітанію! — жанчына ледзь ня ўсхліпнула. Але Арэмчык і не заўважыў ейную турботу — здароваўся зь іншымі гасьцямі. Дзеля нагоды быць сярод грамадзтва не паленаваўся вычытаць наўрочны афарызм. Гэтае, узвышонае і быццам апрычонае, некаторыя пачулі ўжо ад яго. Ён казаў: «Калі ня сьмерць, ты б нічога і не зрабіў у жыцьці. Сьмерць падганяе нас!»

А старэчая жанчына не адставала. Яна радая бачыць Арэмчыка, яшчэ раз падзякаваць за запросіны, хоць ёй давялося спаткацца і быць прынятай Арэмчыкам па жаночых справах усяго аднойчы. Яна апавядала:

— Очэнь благародны, васьпітаны чалавек. Удастоіў узнаць мой адрас і запісаць дажэ…

Старэча нібы лютавала маладосьцяй. Паказаўшы дыплём, яна казала:

— Толькі з вашай міласьці мы адкроем в Мінске інстытут благародных дзевіц.

І прасіла не абы-як, што, як будучая дырэктарша, яна ўваскросіць усё ранейшае, толькі дайце ёй сродкі і памяшканьне.

— Дзякую, дзякую! — радаваўся ўдзячна Арэмчык і прасіў прабачыць яму, бо сьпяшаецца паглядзець на кухні, як там прырыхтаваны пачастункі. Ён гэтак заняўся літаратурнымі сходзінамі, што нават наказаў не варыць жытнёвую зацірку для менскіх урадоўцаў.

— Очэнь благародны чалавек! Будушчы князь Севера-Западнага краю. Такавых лічнасьцей яво вялічаству нікак не абысьці! — натхнёна выказвалася старэнькая дзяўчына, былая інстытутка, і падаравала Арэмчыку рэвэранс, быццам штосьці адважала на ручных вагах.

— Ацю, чартуха! Не адна жылачка ня трэснула, — пажартаваў Травянец, мастак і таксама не інакш дзядок-дзядком на выгляд.

— А-а, добрым часам! Рдзі цеправы ў градзі атракавіцаў!— прывітаў мастак вядомага журналіста. Яны дружылі і ведаліся перад вайной. — Мяне не запрасілі…

— Уцісьнемся, — адказаў журналіст ды, глыбей уцягнуўшы шыю ў шалік, запрапанаваў: — Хадзем. Арэмчык запрашае мяне на сходзіны. Там і даведаемся, ці есьці дасьць, а ня дасьць— не прывыкаць…

Мастак злаваўся, казаў усялякія праклённыя словы на імя Арэмчыка. Апрача ядкаваньня ды напатканай у рэвэрансе інстытуткі, мастак уціхамоўваўся шаптаць яму іншыя ятрасьці.

— Пакутаваць буду, калі пайду або выганяць адгэтуль, — нашэптваў ён. — Згаджуся на двух гарах сядзець: і на палітыцы, і на мастацтве. Я мерзну, чакаю жытнёвую паліваку — целатворную контарнасьць нашу, а тут… тут!.. Я цэлы год ня еў мяса — паглядзі, колькі настаўлена яго на сталох…

Мастак паціраў рукі.

— Я сам глытаю сьлінкі, — сказаў журналіст.

— Мы на скраі прысядзем, вось там, на лаўцы, каля ўваходу, як што, дык уцячы будзе лепей, — прапаноўваў мастак.

— Але — не інакш — ты ж не запрошаны, — згадзіўся журналіст, вітаючыся зь некаторымі знаёмымі і знаёмячы іх з мастаком. Мастака Травянца, хоць і вайна, ведалі. Ягоных некалькі малявідаў, нешта ў стылі беларускага арнамэнту, купіла ў камісійным магазыне фраў Сконтаўт. Завяліся грошы. А перад вайной улады не прызнавалі яго, нават пасадзілі ў турму за нацыянальнае дэкадэнцтва. Ён калісьці намаляваў адну-адзіную карціну «Гультай, справядлівасьць і магіліцы». Усё там было скамбініравана разгонам драматычнай паўтоннасьці, згубленымі сьценямі на выступнасьцях аб'екту кампазыцыі. Разумныя менскія крытыкі прарочылі яму будучыню, але ўлады арыштавалі яго. Шмат год не прыйшлося яму хадзіць свабодным на па-свойму любыя магіліцы, цешыцца «ляснымі хмарамі» — ляснымі вазёрамі. Толькі падчас вайны ён вызваліўся з турмы. Ён ізноў пасяліўся ў Менску каля Перакопскай вуліцы, у разбураным доме знайшоў невялікі кут, абглядзеў яго і абсталяваў на зімку. «Бульдогава будка» — прыклікаў ён свой затулак. Замест замка, выходзячы стуль, падвешваў маліновую стужку, зьвязаную трыма вузлакамі-лёсткамі. Заробленыя грошы за працу раздаў на вуліцы, а астатнія дараваў дзіцячаму прытулку пры менскай Самапомачы. Ён цьвярдзіў:

— Хто як ня дзеці ў вялікім горадзе распаўсюдзяць тваю славу! Трэба толькі, каб яны ведалі цябе… Фу вам! Ідзеш па вуліцы, на якой жывеш або часта ходзіш, — маленцы падрослыя і смаргатыя: «Дабрыдзень, спадар!» — і калі з бацькамі ідуць, скажуць: «Гэты дзядзька грошы дае, ён, мабыць, багаты». Бацькі не прапусьцяць даведацца, хто ёсьць, што робіш… Слава, юнакам!.. Фу на вас — вы нічым не рызыкуеце старымі быць! А перад гэтым нас, атрокаў сівенькіх, праславіце. А вашай памяці астаюцца дні мінулага расстаньня з намі — бясконца гэтак ідзе!.. Фу там! Ці не прызвычайваюся да сваёй любові: загаманіцца!.. Завітайце — пакажу недакончаную карціну. Можа, пачастую: учора пірог хлеба зарабіў за партрэт. Ай жа, ды немка! Рубенсаў драцявень такі! Гаворыць, гаворыць, усьміхаецца нават і хлеб кладзе на падваконьніцу дзіравую, а я толькі белямэ — па-свойму дзякую ёй, кажу: прызвычайся да нашага… Фу на вас! Бывайце — затлумачуся з вамі! — заканчваў мастак і барзьдзіў ці да ядальні, ці да камісійнага магазына пагутарыць з фраў Сконтаўт, а ў міжчасе даведацца ад яе пра заказы на партрэты. Радзьва завітваў і да журналіста. Журналіст паважаў ягоную творчасьць, вельмі ахвоціў нарэшце выказаць на палатне ідэю, якую ён расказаў яму, прахаджваючыся па вуліцах зруйнаванай сталіцы. Журналіст называў сталіцу «Горад сьлёзаў». Шукаў нагоду напісаць начырк на гэтую тэму. Мастак супярэчыў яму.

— Фу ты, чарцяк! Як ты знойдзеш і скажаш у кроплях слоў такую вялікую трагедыю? Вось, прынамсі, мазкамі фарбаў можна выкласьці тысячу словаў, тысячу думак. Прыкладам, некалькі тонаў і паўтонаў у рэзкай дынамічнасьці лініяў скажуць вам пра вецер ці то ўздых зямлі, што быццам дзесьці ў царкве сьвяты «Амін!», або ў неадоленай сьмеласьці анёлаў — нашыя ўздыхі, што спадзяюцца ступіць у сьцін радасьці змаганьня. Ворагі іхныя, людзі таксама, ня ведаюць, як спаткаюць дзень наканаваньня, бо ж мы ўсе любім сьмерць ворага. Але сярод атораў змагарскіх я пакажу церпуна сваіх пакутаў, што ўжо даўно закаваўся ў спадзяваньні дахвальнасьці. Аднак — фу на яго! У кажным ягоным руху будзе няпозны дзень перамогі, ці то інакш: несьмяротны вобраз!.. Ако сьцезі — скончу маляваць, прынясу паглядзець! Пакуль што не адвона ідзе, а можа здарыцца — зб'юся... Фу, мантач я! Пра часапіс як там, скажы?.. Калі толькі немцы не дазволяць выдаваць часапіс мастацтва, я закладу патаемны, я найду грошы, з дапамогай фраў Сконтаўт прадам мае найлепшыя карціны, а калі не мае, дык перамалёвы з выдатных мастакоў нараблю — грошы таксама…

— Усё гэта, Травянец, мітусьня. Існасьць ад усякай мітусьні! Няма ў саміх — не атрымаеш ад чужых!.. Падчас вайны мастак не мастак, а куля, што забівае або заклікае забіць.

— Фу на цябе карэннага! Кожны дзень ясьвіш біблійную мудрасьць — дылетантшчыну: пажывем — пабачым! Не палкоўнік, а ведаеш: гарматы страляюць — пячы жаўнярук па сваіх і чужых да апошняга дыхту… Няхай па-твойму будзе. Бывай!

Здаралася , мастак, сказаўшы «бывай», не адразу адыходзіў ад журналіста, і журналіст находзіў цярплівасьць апраўдаць сваё: пажывём — пабачым.

— У эпоху найвышшага разьвіцьця тэхнікі, у эпоху жарсьлівых войнаў якраз найчасьцейшына вельмі ўрочвае чалавека, ці то ён харобры змагар, ці то ён трус, — казаў ён мастаку і абасноўваў: — Псыхалягічны мамэнт сьвядомасьці кароткасьці жыцьця пануе найбольш у людзкой душы. Таму ён неспакмет на дае ведаць сваю моц, калі можа рынуцца ў ходаньня за дабро жыцьця.

Гаварыў журналіст і пра тое, што кожны індывідуўм ёсьць схільны да прасторнасьці і разгулу ці ў сваёй айчыне, ці назвонках яе; маўляў, наогул, чалавек — ціхая падточная крыніца: усё-ткі панаваць. Але пры сутнасьці ўсясьветнай агульнай роўнасьці народаў і іхнай незалежнасьці ахвота разбойства, прасторнасьці, разгульнасьці зьнікне — залянуецца ў нацыянальна-сацыяльным варушэньні. Кожны мусіць заняцца собскай гульнёй… — і заканчваў: — На сьвеце няма ідэальнага анічога!

— Фу, ако сьцезі твае! — быццам недаверліва, быццам ня маючы часу слухаць журналіста, упэўніваўся мастак, яшчэ раз разьвітваўся — адыходзіў.

І цяперака на сходзінах ён таксама хацеў напомніць пра часапіс, але не адважыўся: ці ж пра гэта гутарыць тут, сярод невядомых людзей, між гэтакіх сытных страваў? А ўсе стравы былі навараны па смаку самога Арэмчыка. Ён смакаваў кожную падліўку, булён і як пахнуць прыправы. Ён доўга не выходзіў з кухні: распараджаўся, спрабаваў. Быў мілы. Маладую кухарку прасіў абцерці яму запатнелае аблічча, і калі яна рабіла гэта, ён цеправа пазіраў на яе, люба шкуматаў ейны бок каля поўных дзявочых грудзей. На падносчыцаў страваў таксама бочыў позірк. Падціскваючы вочы пад падлоб'е, пытаўся ў іх:

— Ну як, сталы красуюцца? — і адказваў сам: — Я думаю, красуюцца! А-а?

Ад занятасьці нават не заўважаў гоману гасьцей у залі, уторны грукат уваходных дзьвярэй — госьці яшчэ прыходзілі.

Арэмчык, бадай, забыўся пра свае наўмеры паслухаць паэтаў і пісьменьнікаў. Раўняў кавалкі мяса, радзіў, як лепей падчэрпваць бульбяную кашу. Кухарцы ўдавалася ёмка, ён памахваў галавой і штосьці нават ціхотна папеяваў.

Неўзабаве адна з падносчыцаў сказала:

— Семдзесят занесьлі — месца няма.

— Семдзесят? — уцешыўся Арэмчык і не мінуў кароткім стрымком пальцаў папесьціць падносчыцу па шчацэ; паглядзеў у кацёл, там заставалася яшчэ шмат кускоў мяса.

— Пара ўжо самім падкусіць, — прапанаваў ён кухарцы і незанятым падносчыцам. Адышоўся да падвальнага вакна. Запацелыя шыбы залаціліся, зрэдку за імі, на вуліцы, мільгалі ногі прахажан або праяжджалі нямецкія вайсковыя машыны. Арэмчык чакаў. Умовіўся зь літаратурным крытыкам Пацеем: пасадзіўшы гасьцей за стол, той пакліча яго.

Блізу ўсе, каго запрасілі, прыйшлі. Кожны, хто спаткаў сваіх ранейшых знаёмых ці супрацоўнікаў, прылучваўся да іх і сьцярогся трымацца гэтае групы. Зала была нацеплена. Даўгія сталы расстаўлены літарай «П», бы ў сэнсе: парадак, пашанота ды падступнасьць. На правай сьцяне ад уваходу вісеў плякат-малюнак. На ім тырчэў плуг, і мужчына, ні то селянін, расставіў шы рукі, прасіў: «Мы хочам зямлі».

Мастак Травянец доўга азіраў плякат, а тады нахіліўся да журналіста, шапнуў яму:

— Фу ты, спакменная! Скрытны подзьмух ветру, і «Хочам зямлі» ўцячэ.

Журналіст згадзіўся зь ім, але маўчаў, галавой толькі кіўнуў.

Нарэшце прыйшоў Арэмчык. Уздымам рукі прывітаўся з гасьцямі. Яны глядзелі на яго, аплядыравалі яму. Некаторым, добра знаёмым, Арэмчык памахваў галавой. Адчуваньне, што зьявілася раптоўна, яшчэ пакуль быў на кухні й чакаў кліканьня прывітаць гасьцей, завалодала ягоным сэрцам поўнасьцю. Усё, што думалася пагардна і ненавісна, усё, што некалісьці знаходзіў у іншых людзей праціўнае яму, прынімалася, спаткаўшыся ізь зьдзейсьненым надумам, сапраўднасьцяй. Яе было ня мала, а наадварот — шмат. Арэмчыку сталася сорамна перад гасьцямі. Яны гэтаксама існавалі дзеля яго, як ён для іх. Яны таксама бязь нейкай будучыні. Ён зразумеў самога сябе!.. Кім быць сярод гасьцей? Ён атупеў. Зьбянтэжаны, быццам узьнесены плёскатам далоняў, ён ішоў да свайго месца за сталом. Мімавольна зморшчыўся ад променя сонца, што зналусна, накаротка, зіхнула праз вакно ў залю.

— Пачынай. Я ня буду выступаць, — шапнуў Арэмчык крытыку Пацею і сеў у сваё крэсла. Махам галавы падзякаваў гасьцям за ветлівасьць. Воплескі аціхлі.

— Я цэлыя дні радаваўся, — загаварыў крытык, — калі прышлося пачуць просьбу зрабіць невялікі даклад пра нашую літаратуру. Так, дарагія спадарыні й спадары, нам належыць тое, што мусіць належацца. Мы не крыўдуем, а ўцяшаемся наяўнасьцяй прагрэсіўных моваў расейскага і нямецкага народаў. Удадзеным выпадку: іхная літаратура…

Прамовай Пацея госьці захапляліся, яму аплядыравалі.

— Хоць Скарына беларускі для Ўсходняе Эўропы, тая самая эпоха італьянскага Адраджэньня, аднак, ці ёсьць карысна беларускаму народу, кажучы расейскім словам, «прекланяць» рускіх і ўкраінцаў, і іншыя славянскія нацыі перад ім, перад ягонай велікомасьцяй? Я адказваю: не. Толькі таму, спадары, што гісторыя — сьмешная рэч і вельмі неахайная ў выніках. Крывічы нарадзілі расейцаў, ірляндцы брытаў. Сыны народжаныя сталіся перад жыцьцём больш імпэтныя, чымсьці іхныя бацькі, больш занятыя зьместам дбайнасьці пра сябе. Яны забыліся, ад каго паходзяць, яны жадаюць уладарыць, панаваць. Ціхі супакой дзяржаўнай мудрасьці нараджальнікаў апынуўся ў волі воінасьці, у сіле прасторнасьці… Так, так, спадары. Язашмат да гісторыі ўкараскаўся, пра літаратуру нашу забыўся… А між іншым, жадаю сказаць, вось тут якраз гаспадзін Злоеў ёсьць, ён ад пажару ўратаваў у Полацку старыя дакумэнты, і мы зьбіраемся разам напісаць зь іх кніжку пра Скарыну.

Пацей скончыў прамову. Яму зноў аплядыравалі.

— Фу ты, сылюэ! — брумкнуў сам сабе мастак Травянец і лёгка, дзеля прылікі, нячутна, таксама склаў воплескам далоні.

— Падымем келіхі за нашу літаратуру, — прапанаваў Арэмчык.

Салідарыст Траяконяў моцна засьмяяўся. Шмат хто ў блізасьці яго падтрымалі сьмех. Яго ведалі ў Менску. Ён хадзіў ва ўніформе гестапаўца з расейскіх карных кагортаў або ў звычайнай цывільнай вопратцы. Любіў блізу кожнага дня «паіграцца з картафлянікамі», як казаў ён. Завітваў да каго-небудзь у хату або на кватэру і, калі напаткалася сустрэць там юнака ці дзяўчыну, прасіў выйсьці зь ім, паказаць дарогу ў лес за Менск. Пасьля таго бацькі не спатыкалі свайго малога сына ці дачку жывымі, праз колькі дзён знаходзілі толькі труп з прастрэле най галавой.

— А вот в обшчастве інстытутак такое павядзеніе непрылічным будзет. Это некультурна з аднэй і другой стораны, — сказала былая інстытутка сваёй суседцы, артыстцы і каханцы япіскапа Філіцыя.

— Это прекрасны рускій задор!

Вусны артысткі, адказаўшы старэнькай інстытутцы, зрухнуліся роўным пераборам цельца вусініцы — выказалася ейная гордасьць.

— О, да! — пабарзьдзіла ўлагодзіць інстытутка. — Не іначы: наш рускій!

Яна хацела сказаць штосьці больш. Яна любіла пагутарыць… Але загаварыў Арэмчык, ён прапанаваў:

— Цяперака нас прывітае як чытач нашай прэсы і як прадстаўнік сялянства спадар Цярэм Адамчык. Прашу.

Бедны Цярэм! Заімшэлы пень ачысьцілі, выкарысталі на ім сесьці, то адно! Ён прыйшоў на запросіны, аднак пра гэты неспадзевак і пашанотнасьць ня ведаў… Аднак была нагода. Выйшаў на сярэдзіну гасьціннага пагосту. Яму аплядыравалі ня ўсе.

— Каб ведалася мне, быццам каралю сялянскаму, я мо' сваіх пашчонкаў прывёў сюды паздаровіць ды прывітаць вас вялікай шчырасьцяй нашай мужыцкай, а то якраз ня ведаў пра вашу шчырасьць, таму і ня ведаю, што набаіць вам, чым дзякаваць вам. Дзеля нагоды балазе мне ды ім трэ было ў лапцікі лычаныя абуцца і вышыванкі апрануць… Таму сам за сябе і за тое пабаржджу і падзякую ўсім вам, спасібо-дзякую!

Ён пайшоў да свайго месца. Госьці абы-як захлопалі воплескі, засьмяяліся. Артыстка, у якой заўсёды чутнасьць уражаньня азначвалася на вуснах, пагардліва пакрывіла іх. У вачох бліскотных, вадзяніста-парожніх унадзіўся прыпамін: яна дзесьці бачыла Цярэма.

— О, пёс старый! — успомніла яна, ён быў у япіскавых гасподах.

— Он і мяня смушчает!.. Вобшчэ, как в інтылігентнае обшчества кресьціян валакці. Проста ужас! — уздыхнула інстытутка і глыбей усунула рукі ў сваю чорную, зношаную муфту.

— Фу ты — аўтарытэт які! — ціха, ён меў на ўвеце Цярэма, шапнуў мастак журналісту. Неспакметна даланёй абцёр рот. Завіхна даядаў мяса.

— Ды што ім аўтарытэт?.. Уся іхная велікомасьць і дзейнасьць на зачопах і баляваньнях, — таксама нахінуўшыся над талеркай, нашэптна загаманіў журналіст. — Чужацкі аўтарытэт для іх — Бог, а свайго яны не парупяцца ўзьняць. Яны напаскудзяць яму, патурбуюцца пусьціць яго паўзьці капусным жучком…

— Фу ты — яны ж любяць цябе! — запярэчыў мастак. Чытача сялянскага паказалі табе і іншым…

— Вечнае: фу ты, фу ты — кіньма валей! Апошнія часы з табой цяжка гутарыць: усё адвона разумееш, усё цягнесься вагляваць мяне і маё…

— Праўда заўсёды — праўдзівая, — адказаў мастак і зноў затульней нахіліўся над сталом, каб выцерці настольнікам затлушчаныя мясам вусны.

— Фу ты! У прыгастве шмат прыгожага адцьвітаньня: я сваё зьеў.

Журналіст глянуў на ягоную талерку.

— Я раней за цябе.

— Фу ты, котурны дзядок! Яго варта намаляваць.

І мастак пачаў узірацца на Цярэма, дадумоўваць, якімі фарбамі ён мог расказаць трывогу і стронь душы гэтага чалавека. Мастак не памыляўся ў Цярэмавым становішчы. Ён уявіў яго бы знарочасьць расчыненых дзьвярэй, за якімі былі першыя вёсны імкненнасьці да спадзеву радасьці жыцьця, была вера і зьнявер, а цяпер ён усяго — прыпынак: час аглядзець перажытое ўчора ці даўнейшае.

На паўдарозе да свайго месца за сталом Міхась спаткаў Цярэма. Ён ня ведаў пра запросіны Цярэма на літаратурныя сходзіны. Апошнія тыдні яму не прыходзілася начаваць дома. Былі моцныя маразы і завірухі. У сірацінскім прытулку хварэлі дзеці. Некаторыя вельмі цяжка. Двое памерлі ад запаленьня лёгкіх. Міхась мусіў апекавацца імі. З помачай Аленінай ён атрымаў ад немцаў крыху мэдыкамэнтаў. Алену, як немку, ніхто не запрашаў на Арэмчыкаву гасьціннасьць, разам з сабой яе прывёў туды Міхась. Пасьля мінулай нязгоды ён зноў сустракаўся зь ёй.

Алена ціха:

— «Жыве!» — ускрыкну вам! — спаткала Цярэма Алена.— Які мілы ты! Паміж цынікаў трэба па-цынічнаму захоўвацца— я гэтак зразумела вас… Ах, мой вялікі кароль сялянскі!.. Паміж намі сядайце… Няхай яны слухаюць, мы ж пагутарым. Як даўно мы ня бачыліся. Ці здаровыя вы?

Аднак Цярэму было не да Аленіных захопнасьцяў.

— Мне, Міхась, — зьвярнуўся адразу да яго, — асталося толькі пасьмяяцца над сабой… Дурань я!

Цярэм глянуў на Алену з пэўным недаверам. А ёй здалася Цярэмава захоўнасьць нейкай блізкай і нядаўняй, якраз той самай, як некалі там, у двары, калі ён прыйшоў пагутарыць пра Міхася. Яна, уважлівая пачуцьцю радасьці ды любасьці, нахінулася і пацалавала яго. Цярэм мусіў штосьці сказаць.

— У жоўтую вопратку ўбраліся… нібы салдатам нямецкім выглядаеце.

Яна засьмяялася, патрэсла Цярэмаву руку.

— Надоечы ў пушчы лася прыстукнуў і, бадай, усяго ў Самапомач перанёс, каб дзяцей у сірацінцу карміць. Думаю: Міхась будзе радавацца… Папрасіў Арэмчыка не казаць, што мяса ад мяне… А мяска тое вось тут на стале кадзее, жыруецца. А дзецям?..

— Не было. Галадуюць, — адказаў Міхась, — перахапілі.

У Алены пырснулі сьлёзы.

Арэмчык прапанаваў паслухаць прозу пісьменьніцы Вольгі Стаполі. Пісьменьніца пачала чытаць пафасна, з даўгімі паўзамі, расьцягнутым выгаварам словаў.

— Ахтунг! — скрыкнуў Арэмчык, і госьці ўскалынуліся. Узалю ўваходзіў Саболік. Зьняўшы шапку, ён вітаў ейным узмахам гасьцей. Лунявы чэрап ласьніўся. Скрайкі валасоў каля лысіны былі нагладка збрытыя. Апошнія месяцы ён больш апратвіўся і растаўсьцеў. Невялікі жывот, але выпуклы, выторкваўся наўперад, навісаў над нагамі. На ягоным твары заўсёды находзілася наўмысная сьцень суровасьці чалавека, што ведаў сваю вартасьць, якой ён ніколі ня здраджваў — разумеў ейную патрэбнасьць. — «Я ёсьць і я паважаю сябе!»

— Вельмі ўдзячны!.. Павер, я забыўся пра нашу спрэчку,— неспакметна ўсім сказаў Арэмчык.

— А сам прамаўляў? — спытаўся нецярпліва Саболік і расшпіліў паліто, сеў у крэсла каля Арэмчыка.

— Не. Навошта?

— Як навошта? Ты ж паклікаў іх, значыць: ты пан іх!

— Мне сорамна сталася ад маіх собскіх дзеяў. Усе госьці знаёмыя — што ад іх пачуеш?

— Ты мусіў у прамове папярэдзіць іх: Беларусь была і астанецца правінцыяй... Ды што казаць? Дзівак нарадзіўся — дзіваком і памрэ! Прапануй тады, няхай заплоцяць за стравы.

— Даруй. — Арэмчык успомніў: — Спадарыня Стаполя, чытайце далей.

Пісьменьніца ветліва аставалася на сваім месцы і чакала, пакуль ёй скажуць працягваць чытаньне.

«Мілы мой, далёкі мой, дзе ты? Над сталіцай нашай гудуць варожыя самалёты...»

Арэмчык прыпыніў яе.

— Шаноўныя госьці, прашу выпіваць, закусваць, прынясуць больш, прасеце падносчыкаў. А потым, у імя дарагога госьця, нашага дзеяча спадара Саболіка, прашу перастаць курыць...

— ...навошта смуродзіць? Ня стойла тут! — падтрымаў Саболік і ўстаў, парукаўся з Арэмчыкам. А тады селі бліжэй, бы прыслухоўваючыся голасу пісьменьніцы, ціха загутарылі.

Мастак зноў уцешыўся.

— Фу ты — калыханая! Паядзім, братка Травянец, на дваіх закажу.

І ён паманіў падносчыцу.

— Дзьве падвойныя — калі ласка.

Падносчыца не згадзілася зь ім:

— Адну падвойную магу.

— І то добра — нясеце. Дзякую!

А пісьменьніца чытала. Яна скардзілася на пакрыўдаваную дасяжнасьць жанчыны.

«Куды, пад чые крылы ратунку і пешчы затулюся? Мілы мой, далёкі мой! Я ў нацельнай кашулі выбягаю з дому. Над мной сьветлы вінаград фосфарных лямпаў. Бягу ў зямлянку на нашым дварэ. Тут вогка. Хлапчукі з нашага дому, гуляючы днём, днём сонечным і спакойным, днём далёкім, далёкім ад фронту, набрудзілі тут. Але люба мне. Некалісьці мой будучы сынок будзе гэткім... А цябе няма. Гарматы страляюць, выбухаюць бомбы, а мне здаецца, ты бяжыш схавацца побач мяне. О, мой незабытны! Колькі радасьці ты даў мне! Вярніся. Я напагатове ў цялегу запрагчыся, салямонавай кабылай быць, каб везьці цябе да дому нашага. Я калісьці ад шчасьця, падараванага табой, ледзь не памерла. Я хачу памерці... Мілы, вярніся! Няма. Гарматы страляюць і грымотна бухаюць бомбы. Над уваходам сховішча азарыта. Гэта пажарыць наш дом... Дзе ты, любы, незабытны! Якая зара ў сэрцы тваім? Я не адмоўлюся ад сховішча— яно спадак мой. Я мрою ўпрыгожыць яго. Засьцялю краскамі— будзе водар лесу і ніў побач нас... Дзе ты? Няма супакойнасьці жарсьці маёй! Што сказаць мне? А ведаю: усё-ткі ты недалёка ад мяне... Памятаеш — як ня сорам табе? Ласкатаў маё цела сваімі сунежнымі, распалёнымі далонямі. Яны часьлінкі твайго сэрца — вырваліся спаткацца з постацяй маёй. А тады прывёў у свой студэнцкі барак і сказаў: — Спрагу нашу вадой праганяем, калі п'ем з пажарнае бочкі, што ў канцы калідору стаіць.

— Без кружкі? — спыталася я

— Але. Калі шчыра кахаеш — нагніся, папі, — адказаў ты.

І я піла. Твой жарт быў мне каханьнем... У вашым бараку таксама брыдкія хлапчукі жылі: мышэй у той бочцы тапілі. Япіла той бруд. Гэта мая кляцьба была: кахаю цябе! Утольвала спрагу ад тваёй жарснасьці. Мне асалодна ўспомніць смак вады тэй!.. Вярніся... Няма!»

— Фу ты, беспасажная! — падумаў мастак, памалу жуючы ласінае мяса, падбіраючы кожную крошку хлеба. Ён адшукваў іх на стале, скачваў кулькай, клаў у рот. Яго нават зьдзіўляла, што ня ўсе ядуць, што недаедзенае забяруць ды аднясуць да кухні.

— Фу на вас — аднаклеткавыя! Ужо нажараваліся пад пуп,— шапнуў сам сабе чутна мастак.

Пісьменьніца кончыла. Ёй доўга аплядыравалі. Шмат хто з гасьцей яе ведаў. Ведалі пра ейнае няшчаснае каханьне да маладога паэты, што любіў пісаць баёвыя маршы. Але нядаўна ён зусім перамяніўся — пайшоў у лес, у партызаны. А старая сяброўка, былая інстытутка, пазлавалася. Ёй дагадвалася: ці не пра яго чыталася?

— Ву нашай васкрэшшай імпэрыі такавога сапляка ня нужна імець. Ведзь он проціў нас. Ведзь он нацыяналь!

І яна, хоць упершыню, сустрэлася зь япіскапавай каханкай, сказала ёй:

— Но пісацельніца нічаво. Что падзелаеш? Я точна, как она, кагда-то была влюблена в аднаго кадета. Паршівы мальчышка был... А па сікрэту вам: пісацельніца сейчас немца любіць. Прэкрасны челавек. Фольксдойч з Пазнані. І между прочім ана тоже немецкаго проісхожденія, о чем і мэтрыку імеіць.

— Это хорошо. Но почему она пішет по-беларускі? — спыталася артыстка.

— Вы хатіте сказаць: пачему не па-рускі? Тада вы правы — нехарашо!.. Но ана здесь раділася, патому і знает беларускій...

— Да. Но-о это непріятно!

Інстытутка сказала, што нічога ня зробіш: прыроджанае, роднае цяжка перамяніць, але яна апавядала артыстцы: ёсьціка ў Стаполі надзея ня ведаць беларускую мову. Хутка будзе гутарыць і пісаць толькі па-нямецку, ведзь будучы муж-немец у сваім часе таксама цікавіўся журналістыкай і пісаў кароткія апавяданьні для дзяцей. Ён вельмі заботны і спачувальны чалавек — пасьля вайны зьбіраецца пабудаваць у Кёнігсбэргу мадэрную друкарню дзеля патрэб Ост-Эўропы.

— Тада выходзіт — она лоўкая женшчына?

— Окола этага... Ды ведзь эта очэнь проста!

— Пусьць крутіць мужчінамі — я за яё!

— Вы прекрасная женшчіна! Будем знакомые. Восьпітані ца імператарскаго ліцэю благародных дзевіц, Праскоўя Сьмігловіч, з Мінску.

— Я належна: Алачка, артыстка із этава беларускага театра.

— Цеперічы я пазнаю вас! Голас ваш пазнаю... Прасьціце за нескромнасьць: ведзь вас яво преасьвешченство япіскоп Філіцій уважает?

Артыстка адразу адказала:

— Это не ваше дело!

— Я согласна... Ізо располажітельносьці к вам спрасіла об этом.

— Это вас не касается! — злосна адказала артыстка і адвярнулася ад інстытуткі.

Да гасьцей зьвярнуўся Арэмчык.

— Як шчасьліва было паслухаць нам твор спадарыні Стаполі... а цяпер, калі ласка, крыху адпачнем — аб'яўляю перапынак на некалькі часінаў.

Госьці адыходзіліся ад сталоў. У кожнай грамадцы загаманілі. Траяконяў, нягледзячы на Арэмчыкаву просьбу не курыць у гонар Саболіка, закурыў нямецкую цыгару. Ён разумеў, што робіць гэта нарошні. Арэмчык астаўся сядзець, часта гладзячы пясьцей валасы, гутарыў з Саболікам, які нешта шчыра даводзіў ды тлумачыў яму. І ён не супярэчыў Саболіку. Душа цярпела раўнаважнасьць, хоць можна было ўспалымнець незадавольнасьцяй і сваркай. Саболік гаварыў яму голасам, бы з дубовага дупла воркут лясных удотаў.

— Усе яны — нішто... Пажыві, загруней грошыкамі залатымі і ўступі месца мне.

— Добра, я згодзен, але пачакай, пакуль я папярэджу цябе.

Саболік настарожыўся.

— А як доўга — пачакай?.. Аднак, Божа мой, каб мы ды не згадзіліся.

Арэмчык зірнуў на шырыню залі — ледзь перамог сваю зьдзеклівую задавольнасьць: яму хацелася засьмяяцца. Ад Саболікавай шчырасьці ў ягоным сэрцы завясёліла.

— Словаў сваіх не цураюся, — паабяцаў Арэмчык.

— Старая апасьцень ідзе... скажы ёй: не турбуй, — папярэдзіў Саболік.

Да іх падышла інстытутка. Зь ёй прывіталіся, і Арэмчык папярэдзіў яе, як прасіў Саболік.

— Мы вельмі занятыя — заўтра ўбачымся.

Яна адышлася. Прылучылася да іншых гасьцей: трох маладзёнаў, яны, бадай разам, працягнулі ёй далоні, абступілі яе, скрытна падмігваліся міжсобку. Двое нават пачалі падтрымоў ваць яе пад локці, бы кволую, старую вазу.

Саболік парадзіў Арэмчыку зусім іншае.

— Па-мойму, твая чэшка ці ня водзіцца з чэхамі ў войску Тод... Гані яе!

— Няпраўда!.. Я ажанюся зь ёй — прывык, роднай ужо сталася...

Саболік недалікатна захіхкаў.

— ...і дурань жа — ты! З кім надумаў жаніцца... Навошта табе жонка?

— Балазе, тваім парадам, я можа ляпей падумаю.

— А як жа? Падумай і разваж на кажным пальцы...

Арэмчык зносіў яго:

— Ня варта гаварыць пра гэта. Жанчына — ня так сабе занятак, а палова майго жыцьця.

Адказваючы на Саболікаву гутарку, Арэмчык у міжчасе думаў пра гады, што перажыў калісьці, і пра дні, што напаткаў вайною ў Менску. Яны былі нядробязнымі прыгодамі. Усялякая абыдзённасьць ня кожнага кідае захопнасьцяй парывацца за ёй сьлепавока. Ёсьць часіны, калі ў жыцьці трэба выбраць нешта сярэдняе, каб потым ня быць чужаком свайму цяперашняму дый мінуламу. Ганяцца, як паляўнічая сабака, з аднаго гушчара ў другі за жыцьцёвым існаваньнем, могуць толькі людзі, што нарадзіліся прадчасна прад якой-небудзь новай эпохай, або звычайна аб'явіліся, бы павелічэньня колькасьці насельніцтва ў якой-небудзь мясцовасьці... Гэтыя развагі Арэмчыку зьявіліся яшчэ там, калі памагаў кухарцы на кухні. Яму сталася прыемна быць і слухаць людзей. «Чорт вас рэж — абы я ня горшым жыў!» — мільгнула яму сапраўдна і пэўна. Ён заспрагнуў жыцьцёвай радасьці, што роўная зь людзьмі, роўная ў большасьці іх, большасьць, якая можа здабываць і тварыць сваю гісторыю.

— Шкада — хутка скончым, — сказаў ён Саболіку. — Яшчэ паэт Зноцік і ўсё. Пісьменьнік Цяглавец не прыйшоў.

— Гэта той, што носам чмыхае?

— Можа і ён. Высокі такі.

— А-а, сьціхні пра яго — ведаю. Біржа працы прыслала яго да мяне сакратаром працаваць... праз тыдзень я выгнаў яго. Ён жа нацыяналіст.

— ...здаецца: ён пакінуў вас, а не прагналі.

— Не пад'яжджай — забудзьцеся на яго... Я пакажу яму...

— Хай будзе добра — навошта шкодзіць чалавеку?

— Ты нешта зьмяніўся... ня ўгонісься за тваімі настроямі: сяньня — хай будзе добра; заўтра — лупі яго, а празь месяц: жанюся з дамаведкай, хі-хі — зь дзеўкай жэніцца!

— Не дапікай мяне... Я вярнуся зараз. Вось той дзядуля разьвітваецца, хачу падзякаваць яму за мяса...

— Сядзі! — і Саболік стрымаў Арэмчыка, не пусьціў адысьціся. — Не рабі посьмеху зь сябе. Ён жа госьць, а ня ты... Лепш прапануй выбраць спадарыню Стаполю каралеўнай Прыемнась цяў — будзе вясёла.

Арэмчык пагадзіўся зь ім. Ён аддаваўся нахлыні сваёй незнаёмай перамены. Саболіку не пярэчыў. Несьвядомая раўнадушнасьць да самаго сябе ахоплівала і валодала ім. Ён, можа, па-іншаму перажыў той дзень, калі аставаўся адзінотным у гасподзе ляжаць на канапе і разглядаць зіхценьне самацветаў на пярсьцёнках, а захацеўшы пешчаў дамаведкі, быў бы сам любы ды прывабны.

На ім лягла пярэсьціна — сутнасьць ягоных дзён!

— Шаноўныя госьці, — зьвярнуўся Арэмчык, — я прапаную вам ведаць насяньня спадарычню Стаполю каралеўнай Прыемнасьці. Вітайце яе-е!

— Ура! — скрыкнуў салідарыст Траяконяў.

Госьці аплядыравалі захоплена. Саболік сьмяяўся. На ягоным увеце быў Арэмчык...

Цярэм пакінуў залю — «Ноеў каўчэг», як ужо назваў ён, Міхасю і Алене, літаратурныя сходзіны. Ён выйшаў уцьвелены. Яго гняціла ўсё: і паступак Арэмчыкаў зь ягоным падарункам мяса для сірацінскага прытулку, і Аленіны сьлёзы, якія толькі сьлёзы. Жанчына ўздрыгвае хрысьціянствам! І руіны, што каля іх ішоў да сваёй хаты, і званіцы на пляцы Волі. У душы было панура ды неразборліва. Але найбольш злаваўся на сваю старасьць. Гэтая пакутная думка, непераможаная існасьць, адолела Цярэма зусім. Аставалася, бадай, адно-адзінае: мо' ці не «хрысьціяніць», як і тая Алена? А ўсё іншае, большае, чымсьці ягоная старасьць, — жыцьцё народу — зробяць без старэчаў. Яго хвалявала, што заўтра або праз год ён памрэ. Ён ненавідзеў сьмерць, яна нічога яму ня скажа, ад яе нічога не даведаесься. Яму ўспомніўся забіты лётчык. Калі б ты быў жывым, я, ведаеш, папытаўся б у цябе, як мусіла выглядаць па-твойму зьмененае на новы лад: — Я прыйду мо' помсным, мо' няпомсным?— Ты цярпеў сваю праўду і справядлівасьць: — Зуб за зуб, — але ты гнявіўся дзеля таго, каб астатнія, з табой роўныя, адмовіліся жыць пакутамі, ці толькі, каб усчоліліся духам жыцьцёвае моцы?

Цярэм памеркаваў свае пытаньні і адказы лётчыку:

Цярэм: Убогія духам — гінуць.

Лётчык: Пра ўбогіх не гавораць — ім даюць.

Цярэм: Бо ж убогія любяць, каб ім давалі, а не гаварылі пра іх.

Лётчык: Калі ласка — убож іх убожынай.

Цярэм: Але. Інакш яны б ня ведалі, што ўбогамі ёсьць.

Лётчык: Ты і сам — убогі з убогіх. Вышэйшага за ісьціну чалавека няма.

Цярэм: Бо, прылучыўшыся да вас, хадзіў у вашай кагорце. Ды я адыдуся ад вас, буду ўбожыць самотна, і тады я пабагацею — стануся табой, якім ты абазваўся: помсным, суровым.

Гаратлівая парыўнасьць старога Цярэма думаць усяляк пра жыцьцёвыя даляглівасьці рабіла яго нашмат дзён нестарым. Думкі знаходзіліся! Ніколі недараванае — злачынства за злачынства; і ціхамірная няправеднасьць справядлівасьці; спагадныя — паколькі і самі былі неспагаднікамі перад неспагадні камі.

Жыцьцёвая болесьць адчуваецца асабліва, калі прыйшоў да жыцьця з імём цяпершчыны, з імём старой, вялікай мінуўшчыны ад прашчураў. Цярэм быццам выпрошваў у свайго цела і душы помачы: пакінуць ягонае жыцьцё надоўга; даць яму моц і волю прыгнеціць або зьнішчыць тое, што яму ня люба. У летуценьнях узносілася патрэба падзяліць сьвет пакутаў спосабамі ратунку. А гэта не даецца яму: дадзенае, як нейкая непатрэбная патаемнасьць... Вышэйшы за душу інтэлект!

Праходзячы каля Вайсковых магіліцаў, Цярэм наўмераў схадзіць да капліцы, скуль некалькі дзён даўчасу, будучы зь япіскапам, пачуў слабы людзкі скрык, неўторны, але распачлівы. Ён адразу не пайшоў туды, абапёрся на чыгуначную агароджу над самым стрымністым скрайку магіліцаў. З усьцяжу спаленага наўзгародзьдзя Менску дзьмуў зімовы віхравей, уздымаў сьнежныя пылінкі. Мэталёвы замёт скалынаўся даўгім гудзеньнем ды шаранеў замалёвай завірухі. Вадрыла акіянам сьцюжы.

Капліца была паўпрычыненай. Праз парог, у сярэдзіну, убягаў вузкім клінам сувей сьнегу. Ад подзьмуху дзьверы ледзь-ледзь адчыняліся і зачыняліся, пырскалі на знадворак сьняжынамі. Дрэвы надрывіста шумелі. Цярэм турхнуў дзьверы наўшыркі, увайшоў у капліцу... Ён зараз жа выйшаў адтуль.

— Зуб за зуб! — бясьсьведамка прагаманілі ягоныя вусны. Сэрца зашчыміла. У галаве апынуўся зыркі, застылы від, нібы нарошні ўкладзены туды яўнасьцяй расчуленай будрожнасьці. Цярэм пайшоў ад капліцы наўскразкі засьнежаных крыжоў і магілаў... Аднак, апынуўшыся на прасьцягох спаленага наўгародзьдзя, апамятаўся. Яму вярнулася болесьць, якая кожны дзень была вядомая.

Цярэм заплакаў сьлязьмі пакутніка… У Беларусі распачынаўся тэрор. Захопніцкая грэблівасьць пераходзіла ў адступеннасьць свае справядлівасьці ў забойствах. Калі ня справісься з усім народам, пачынай нішчыць яго паадзінотна. У капліцы Цярэм напаткаў скрэплы лядзінкамі крыві, набрунялы ад марозу труп жанчыны. Нямецкі багнэт, увагнаны ў грудзі аж па самы дзяржак, тырчэў над целам забітай. Цярэм дадумоўваў ся: яе, мабыць, замардавалі тады, калі ён спрачаўся зь япіскапам каля магіліцаў, яны ж абое пачулі ейны апошні скрык…

А ў залі Самапомачы перапынак на некалькі часінаў зацягнуўся. Госьці вялі бяседы. У грамадцы старой інстытуткі казалі:

— Лучшым женшчынам — салют!

Сама ж інстытутка апавядала:

— Всё перамянілася ў маім жаночым пачуўстві, кагда на

14-м гаду ўзросту даведалася, навошта жэнюцца, навошта патыкаюцца мужчыны з жанчынамі...

— Да здраўствует женская страсьць! — дасьведна, з шырокімі ноздрамі, ап'янелы і пародзісты жарабок сярод свайго статку, гарластым гутарам прапанаваў салідарыст Траяконяў.

На сходзінах быў і палкоўнік Сконтаўт. Яму надакучыла адклікацца на «пане палкоўніку», а наровіў і прывучаў знаёмых да новага:

— Калі ласка, гэр обэрст — я ж фольксдойч, панове!

Як адшуканага немца, хоць зь беларускай крывёю, нямецкі вайсковы ўчастак паклікаў яго на службу, аднак зноў з Аленінай помачай яго прылічылі няздольным да службы ў дзейнай арміі, прылічылі старшым ганцом у мясцовай камэндатуры. Яго крыху абдолілі ў афіцэрскай ступені: з палкоўніка асадзілі ў звычайныя лейтэнанты. Але ён не шманаў. Чаму ня быць палкоўніку лейтэнантам?

— Як падабаецца табе новы генэрал? — спыталася Алена ў Адамчыка, зірнуўшы на Сконтаўта, ён якраз праходжаваўся па залі з Ганяй, трымаючы руку наўперадзе, за падпругай дзягі, часам, заварочваючыся, здрыгваў правай нагой, быццам у ёй была ўстаўлена спруга. Гэта, мабыць, давала яму ўласную чуткасьць параднасьці на вачох іншых, што напэўна пазіралі на яго і на прыгожую Ганю... Апошнія тыдні ён надумаўся напісаць новы вайсковы статут для беларускіх вайскавікоў. Ён спытаўся ў Гані:

— Як думаеш, сардэчная, патрэбна беларусам у маршы сьпяваць ці не?

— А як жа? Мусяць! Я так люблю, калі салдаты сьпяваюць, здаецца: сама грукаю цяжкімі абцасамі і звахам рук выпушчаю песьню з глыбіні грудзей...

— А-а-а — хадуром хадзіла б! — паквяліўся Сконтаўт і нахмурыўся: — Я не Алена табе, я ўмею думаць...

— Я ведаю, Барысочак, ты ўмееш думаць.

Ганю не пакідала каханьне да Сконтаўта. Яна была цярплівая і нават рупная да ўсялякіх ягоных надумаў і выказваньняў.

— А я напішу ў статуце: беларусам у маршы не сьпяваць, бож, — Сконтаўт ажно ступіў Гані наўперад, — немцы ня будуць разумець, пра што яны сьпяваюць.

— Праўда, Барысачок, — ня будуць.

Але, падумаўшы, парадзіла:

— А ты прыдумай: адно слова беларускае, а другое нямецкае, а трэцяе рускае — будзе ўсім зразумела... — і больш дасьціпней: — Няўжо немцы і застануцца ў Беларусі?

— Ах, Ганя! — Сконтаўт разьвёў рукамі. — З табой цяжка гутарыць. Ты як тая Алена робісься: добра — ня добра, будуць— ня будуць. А я напішу: беларусам не сьпява-а-ць!

— Ня злуйся, любы! Я ж ведаю: ты дадумаесься.

— Гонарам афіцэрскім цьвярджу: я надумаўся ўжо!

Сконтаўт зноў памалу закрочыў па залі, Ганя без жаночай хітрасьці, без аніякай трывогі, так сабе, даведалася, спытаўшыся ў яго.

— Барысочак, навошта патрабаваў ад доктара і падбухтор ваў мяне парадзіць ім, каб табой у бальніцы апекаваліся прыгожыя сёстры? Ты ж немец, ты ж мог у нямецкі шпіталь легчы?

— З скуламі ў нямецкі шпіталь лажыцца? Яны скажуць: унас раненым франтавікам месца няма.

— Хаця праўда, — Ганя задаволілася Сконтавым адказам, але ён растлумачыў ёй, чаму гэтак хацеў захоўвацца ў шпіталі, як звычайны чалавек.

— Па-першае: я афіцэр высокага ачалу, а па-другое, мне смутна было б. Ты ж не магла ўвесь час быць каля мяне, а хвораму прыгожае ёсьць найлепшы лек. Прыгожае — лечыць!

— Я ня ведала пра гэта. Я шмат ад цябе навучылася.

А тады, праходзячы паўзь пісьменьніцы Стаполі, ён шапотна павучыў Ганю:

— На такіх сходзінах будзь арыстакратычная... падыдзі да пісьменьніцы і скажы: спадарыня, вы большыя чымсьці Багдановіч або Янка Купала... Сям'я Сконтавых шчыра вам дзякуе за прынесеную прыемнасьць на сяньняшні дзень.

Пісьменьніца Стаполя ня ведала сям'ю Сконтавых, але павералася, што яна ведае іх даўно. Яна, жанчына з ужо апанаваным становішчам сярод грамадзтва, не магла ня ўцешыцца пашанотай да яе ад незнаёмых Сконтаўтаў. Яна прытка агледзела прыгожую Ганю, якая сьціпла, зьбіваючыся, пахваліла яе, прынесла павінную таленту пісьменьніцы. Стаполю прывітаньне зачаравала. Ад яшчэ аднэй лішняй радасьці яна ў поўнай сэнтымэнтальнай бянтэжнасьці абняла Ганю і пацалавала яе.

— Я радая, што вы любіце мяне!

Сконтаўт, не падыходзячы, укланіўся ёй і з тэй самай папярэдняй важнасьцяй афіцэра высокага ачалу ўзяў пад руку Ганю, зноў пайшоў хадзіць па залі.

За сталом, недалёка ўваходных дзьвярэй, яны спаткалі мастака Травянца. Прывіталіся зь ім. Ганя прысела каля яго, ёй адчулася вальней у блізіні з мастаком. Яе не прынуквала паводзіцца зь ім «арыстакратычна», «культурна».

— Фу, люцыпары! А партрэт ваш ніяк не намалюю — сьцюдзёна ў маёй будцы, фарбы замярзаюць.

Падабраў каля Ганінага локця крошкі хлеба і з-пад кідка кінуў іх у рот.

— Матэрыя з дробных атамаў — скарыстаем іх...

— А вы прыходзьце маляваць у магазын сястры, — парадзіла Ганя.

— Фу ты — няскрытная! Няблага было б. Мяне кажны мог бачыць там — заробак пабольшаўся.

Балазе што Ганя знаходзілася не адна каля мастака, Сконтаўт нагнуўся да яе, шапотна пазлаваўся.

— Прэч ад яго — ён жа брудны.

І Ганя адышлася, усьміхнулася, дурона турзанула Травянца за вуха. Ён злавіў ейную далонь — пацалаваў. Ганя міласьціві ла яму. — Бы бацька мой, — сказала яна.

— Фу ты, праява маладая! — хацеў сказаць журналісту, але той перасеў на наступнае крэсла, гутарыў з жонкай паэта Зноціка.

Аднойчы ў даўчасе, перад літаратурнымі сходзінамі, у беларускай газэце быў надрукаваны ўсяго ў палове зьместу таленавіты артыкул пра імажынізм і сымбалізм. Рэшту артыкулу смаўжлівы палячок Сківіца з генэральнага камісарыяту ў Вайструтэніан забараніў друкаваць. — Цяпер пра вайну пішуць, а не пра сымбалізмы, — наўвеціў ён рэдакцыі. І Травянец бы дамагаўся да яго:

— Фу, братка, як сказаць інакш?.. Добра, што да пагоншчыны не дапісаўся... Усюды дзьверы... усюды ўваходы ёсьць, нават у самай моцнай цытадэлі. Ламіся да іх!

Аднак журналіст любіў лавіць падазронасьці ці то сапраўдныя, ці то і бязь іх. Ён падумаў: «Куды вернеш, старэча?»

Мастак бы дагадаўся ягоную турботу, сказаў:

— Усё нова ў артыкуле, усё неспадзеўна і для літаратураве даў... Вось паглядзі, — мастак выняў з-пад зналіцы свайго паліто паўаркушовік-газэту. — Незалежнікі хваляць мяне, а як доўга, ня ведаюць.

Журналіст не паглядзеў у газэту, ён або ведаў рэцэнзію ў падпольнай газэце, або, можа, палохаўся, каб хто ня ўбачыў забароненую газэту, а зь ёй «языкавеня», забулдыгу-мастака.

— Схавай, — парупіў ён, усьміхаючыся парожнім сьмехам.— Ня ўсё на руку ідзе...

— Фу ты, лотра! Птушкі кладуць гнёзды на галінах і на адоле!

— Валей асьцеражней, спадар Травянец.

— Праўда. Праўда ўсюды працэдзіцца!.. Беларусь як кірмаш— пагандлюй.

Зноў засунуў патаемную газэту пад зналіцу. Закурыў люльку, пайшоў ад журналіста. Спаткаўшыся калісьці, яны гутарылі пра ўсё: пра апошнія навіны ў Менску, пра палітыку, пра мастацтва і заўсёды разыходзіліся адзін другім незадаволеныя, і да наступных, бы не назначаных, спатканьняў рыхтаваліся сустрэцца зноў. Пасьля гутаркі мастак знаходзіў што-небудзь у гутарках журналіста спрэчнае або прадзірлівае, а журналіст — у мастака. Яны былі занятыя самі сабой.

У забароненым артыкуле журналіст пісаў порстка, даводзіў значэньне першых пайсткоў імажынізму і сымбалізму.

«Эўропа, не спакмечваючы духовай кражы з Азіі, — пісаў ён, — рынулася ў акультаваную, па-эўрапейску стылізаваную эпоху сымбалізму і імажынізму. Перанесла тысячагадовую азіяцкую сымболіку ў эўрапейскую ўрбаністыку ці сацыяліку. Падбіла ёй па-азіяцку хрысьціянства і падправіла дэмакратыю, але перахапіла меру: адчулася адсутнасьць або нестваронасьць у гэтым похапку сымболікай ды вобразнасьцяй веры ў тое, што стварылася і што магло тварыцца неадабранай часткай жыцьця».

Далей журналіст успомніў захопнасьць сымбалістыкай на Беларусі.

«У беларускім мастацтве сымболіка вельмі адбілася ў паэзіі. Паэт У. Жылка заклікаў каханую быць дасьмяротна прыгожай перад Ім, Хрыстосам, каб у чымсьці жыцьцёва цяжкім, у непрыгожым хай, адчуваць ды тварыць добрае дзеля твайго прыгаства. А найвялікі Пушча, як паэт і найбольшы адзінотнік на Беларусі, казаў у адзіноцтве, што пачуцьцё радасьці жыцьця— палітыка. Яно — бы сьведамасьць жыцьця».

І зноў пачалося чытаньне. Рабілася незразумела: ці паэта рэалісты чыстае рэальнасьці, ці сымбалісты, імпрэсіяністы ці імажыністы. Зноцікам журналіст захапляўся, велікоміў яго і пры кажнай нагодзе, дзе ён быў або прыходзілася спрычыніцца ўрачыстасьцяй, даваў дэклямаваць Зноцікавы вершы. Ён піхаў іх людзям сілком, быццам дзяржаўны падатак. Часам ён і сам дэклямаваў зь яго:

Пад дзіравымі стрэхамі хатаў, как всегда,

дзіравыя ветразі

праменьняў сонечных.

А я ў подзьмуху сьвігавіцаў сутоню... і г.д.

Журналіст наўцемна параўноўваў Зноцікавы вершы з лепшымі здабыткамі ўзьбецкай літаратуры. Калісьці яны пісалі:

Як востры нож — ручай

уперся ў раку...

«Дзесьці там, у Азіі, зьявілася, а цяперака праз колькі соткі год адбілася па-новаму, па-эўрапейску, у нашага Зноціка», — цьвярдзіў журналіст.

Але Зноцікава сужэнка, якая таксама лічыла сябе прычаснай да літаратуры — дэклямавала нямецкія вершы, крыўдзіла ся на журналіста. Яна спыталася ў яго, бы ў чалавека, што падмануўшы яе, ахінуўся шчырасьцяй сумленьня:

— Навошта пісалі: «у нашага Зноціка», а чаму было не напісаць: «у нашага вялікага, народнага паэта спадара Зноціка»?.. Вы ня ведаеце, як ён пакутуе! Ня шчасьціць яму ў жыцьці. Себра-Сумач, ягоны сябра, праслаўлены, а муж мой біўся тут, як сонца празь сьцяну, і нічога ня выйшла. Прыехаў сюды, вывучыў беларускую мову, хоць усё беларускае для нас толькі спорт, звычайны спорт, аднак вы ж, беларусы, мусіце астацца ўдзячныя за нашыя пачуцьці да вас... А зь ім у Беларусі захоўваюцца гэтак, як у Маскве; ня хочаце ўцеміць, што я і ён вельмі зразумелі значэньне рытму і рыфмы. Ня кожнаму дастаюцца гэтакія здольнасьці. Паэту Зноціку ў народныя паэты пара!.. Ах, як мне шкада яго! Ён сужэнец мне, значыць: мы разам за існаваньне б'емся! Зразумейце!

Журналіст адказаў заўсёдным прызвычаем адказваць.

— Згодзен і ня згодзен з вамі, бо на сьвеце нічога няма ідэальнага... але ж прычым я тут? Мы ж акупаваныя. У нас цяпер няма Акадэміі навук, няма ўраду. Я зьдзіўляюся, чаму не ўдалося яму стацца народным? Я памятаю, якія добрыя вершы ён пісаў:

Таварыш Берыя,

Ты, як сонца на поўначы далёкай,

дзень і ноч гарыш,

і паліш з нашае душы злачынствы!..

Прыгожа, вобразна і, галоўна, чуецца спрадвечнасьць дагэтуль нязлоўленай прыгажосьці.

— Прызнацца вам, каб не вайна, мой мужычок быў бы народны паэта... Ах, як не ахвота пачынаць усё нанова! А ўжо хочацца жыць, нічога не рабіць — на курортах бываць толькі... Ну, скажэце: мае жаданьні благія ці добрыя?

— А ніяк! — сумленна пагадзіўся журналіст. — Толькі

д о б р ы я!

Ейная кампанія была люба яму, хоць у глыбіні душы тайкавала ўцешнасьць чалавека, што ведаў сваю вартасьць — без якога шмат хто ня можа абысьціся.

Жонка Зноціка села на стол. Яна загаварыла пра іншае.

— Заўтра прынясу вам пераклад расейскага апавяданьня. Якое цікавае яно! Б'е поўным рамантызмам ад першага да апошняга сказа!

Яна ўсьміхнулася і ціха запяяла беларускую марсэльезу. Журналіст пачаў прытопваць нагой у злад напеву, памахваў згодна галавой, усьміхаўся, калі касавурыў вачыма на сужэнку паэты Зноціка...

Яна загаварыла зноў.

— Ах, мой няшчасны! Ён ужо лысее, бядача.

А тады валога-ірдзістымі вачыма пазіраючы на журналіста, шапотна апавесьціла яму:

— А ну іх чорту ўсіх — ты найлепшы мужчына!

Журналіст зноў вытрымана ведаў, што сказаць:

— Прыходзь заўтра і прынось пераклад, — парадзіў цеправа ён.

— Фу ты! Споведзь зараклі! — прагаманіў нячутна Травянец ды адсунуўся ад іх, крыху далей. У мімавольным слуханьні гутаркі журналіста з Зноцікавай жонкай мастак азіраў Арэмчыка з Саболікам, што ўсё гутарылі паміж сабой, то прыхінаючыся постацямі, то адхінаючыся, усёдна, бы цыркавыя маржы, што запамяталі гэтакую дрэсіроўку. Саболік, мабыць, увапрэў ад гарачыні ў залі, часта махаў хусьцінкай на аблічча і адхукваўся.

— Фу ты! Наўзадай паглядны чалавечак! — падумаў мастак і выцягнуў кішанковы блакноцік, захінаючы даланёй яго, зрабіў шпарка замалёўку з Саболіка.

Арэмчык устаў, загаварыў.

— Прашу цішыні. Мы засядзеліся, а ўжо час паслухаць нашага будучага народнага паэта спадара Зноціка. Калі ласка, спадар Зноцік, чытайце!

Зноцік спаквольна ўзьняўся з свайго крэсла, найперш папрасіўшы жонку раскласьці астатнія вершы парадкам (яна борзда вярнулася да яго ад журналіста), загаварыў да гасьцей.

— Я вытрымаў сваё слова, данае спадару Арэмчыку, прачытаць некалькі твораў для вас... Мой творчы шлях даўгі, я пэўны— вы знаёмы зь ім і, думаю, любіце мяне. Я хутка выдам зборку зусім новых вершаў. Некаторыя зь іх хачу прачытаць вам на сяньня.

Журналіст нахіліўся да мастака.

— Услухайся — якая вытрыманая готыка вершу.

— Чаму ж не сказаў: вялікія апалонавы карценьні?

— Травянец, вы не разумееце паэзіі. Верш — сьпеў словаў...

— Фу ты, журналісцік! Гутарыце з мной, як з сынам... Не забывайцеся, я пад'еў ужо — сытны, магу сьпеў выбраць сытнаму целу і духу латвы... моц зьявілася.

— Гэта вечнае! Фу ты, фу ты! А па-мойму: за не сваё не бярыся!

— Але, але, журналісцік: фу ты — ня вёрсты! Але вобразікі паэтычныя ўкрадзеныя! Ад беларусаў украдзены, з крыві наскай!

Журналіст адсунуўся ад Травянца, слухаў паэта. А Травянец, адшукаўшы крошкі хлеба, нэрвова скочваў у дробныя кулькі і перакачваў іх па стале паміж расстаўленымі даланямі, а тады паманіў пальцам падносчыцу, папрасіў:

— Прынясі, сястрыца, вады папіць.

Напіўшыся, ён спытаўся ў журналіста.

— Можа, пойдзем адгэтуль — пакажу дарогу! Уцям: не паленаваўся нагнуцца да вашэці — адсеў недалёка, здаецца, дарога таксамая.

— Патраплю безь цябе.

— Фу ты! Ну, дык бывай! Дзякую, што прывёў сюды!

— Калі ласка — хадзі сабе!

Травянец на цыпачках выйшаў з залі. Каля ўсходкаў да Арэмчыкавых гасподаў ён прыпыніўся, хутка выцягнуў з падпахі паліто лістоўкі і палажыў іх на ўсходкі.

— Фу ты, спаведная — марозіць як! — адклікнуўся ён.

Здалося, нехта таксама выходзіць з залі. Аднак нікога не было.

Выйшаў на вуліцу. Куды ісьці? У «бульдогавай будцы» сьцюдзёна. Яго агарнуў смутак адзінотнага чалавека... У разбураных будынках і гмахах пакорчаная бляха з даховак званіста ляпала. Груды цаглінаў выбіваліся з-пад сьнегу буграмі, веялі ад подзьмуху вострыстым сьнежным пылам. Водар тарфянага паліва не адлятаў разам з подзьмухам, зацягваўся рэзкім пахам каля адолу. З падвалаў з выбітымі вокнамі, ашчэранымі цемрасьцяй, як уваходы ў пячоры, выбіваўся смуродны пар ад скіненага туды бруду і шумецьця. Зрэдку ў воддалі хрыплівым рокатам гудзелі аўтамашыны.

Ад сьцюжы Травянец бадай увесь утуліўся ў сваё дрэньнень кае паліто. Пайшоў па больш захінёнай вуліцы ў зусім іншы бок, як ісьці да ягонай «будкі». Ніколі раней, як тады, ён адчуваў сваё адзіноцтва, адзіноцтва чалавека, якому астаецца толькі чагосьці спадзявацца або жыць ілюзіямі жыцьцёвых сноў ці мо' ўпрыгожваць самога сябе мрояй выпуклай і магчымай. Условах мрояў няма формы, але ёсьць будучыня, што возьме ад іх своеформнае, — праўдзівая сапраўднасьць у душэўным хароме чалавека, безь якой блудзіў бы або поўзаў, як чарвяк у падзямельлі.

Усё, што напаткалася Травянцу на сходзінах, не было навіной. Ён ужо справіўся бачыць, не ўпершыню перажыць людзей абмежаваных, што жывуць жыцьцём існаваньня ў ім і бяруць існаваньне так, як яно даецца валадарам над імі. І яны, пашчонкі валадароў, гэтак падточуць ды разьядуць штодзённае жыцьцё, што потым можа астацца толькі распачлівасьць. Яны добра разумеюць розьніцу паміж уладарцамі і імі, але іх найбольш палохае блізкасьць таго, каго яны прыгнечваюць у імя ўладаць. Іх кожную часіну могуць задушыць, зьнішчыць; але яны часта робяць нялюдзкія намаганьні ўсьцерагчы саміх ды валадароў ад згіноты. Вось тады яны заклікаюцца да брацтва, да ўзаемнай дапамогі, да ратунку адзін другога, каб уціхамірыць сябе звыкламу: чаго ты жадаеш — ты ж жывеш! У розуме ёсьць адно-адзінотнае: быцьцё, значыць — ты, а ўсё астатняе, роднае, — разьлік, права быць з намі, гандляваць сваім, родным.

Травянец дайшоў аж да пляцу Волі, пасігаў празь яго да вуліцы паўз стары манастыр. З вузкай вуліцы пляц Волі з аголеным брукам выглядаў пад завейным подзьмухам плывістым узвышшам парожняга кірмашовага месца. На схоністай вуліцы вузкай, як човен, выцягнуты зь Сьвіслачы, што тут побач працякала, хадзілі з нахлабучанымі башлыкамі жандары, яны ахоўвалі свой будынак і нагнаных туды людзей да працы ў Нямеччыне. Каля сотні мужчын і юнакоў, жанчын і дзяўчат, як увечары на лугавых вярхоўях загнаны статак, гурміліся пад павецяй каля будынку. Травянец прометна глянуў на іх, адоленых... Успомніліся свае дні арышту і катаргі, свае мінулыя спадзевы вызваленьня хоць бы праз каго. А цяпер, калі ён ходзіць вольным, хоць з умовінамі жыцьця бяздомнага сабакі, толькі цяпер надышла думка: у тых мінулых плачах, у пакутах людзей было шмат чагосьці самому сабе несказанага; у тым хавалася: толькі свабоды хачу, а назаўтра, здабыўшы яе, ня ведаеш, як захоўвацца з собскім рабом жаданьнем. Яно шмат каго апаноўвала жывым, рухлівым характарам, пра які зусім ня думалася і ня мроілася.

Травянец кожным днём рабіўся палітыкам балагорным, дамарошчаным. Яму думалася, што ўсё можна перамагчы, адолець, нават ня будучы таленавітым у спосабах змаганьня.

— Фу на вас — ламанецеся і ўсё струшчайце!.. Душэце паўварыятаў!

Яму было нясьмешна з свайго настрою, што так ажыўся ў ягоным сэрцы самым надзвычайным посьпехам.

Зьвярнуўшы з Манастырскай вуліцы на Сьвіслацкую, ён блізу забыўся на свае ранейшыя, самалюбівыя і простыя развагі. Сюды ён прыходзіў радзьва. Шукаў для будучае карціны новых уяўленьняў і сьценяў на невялікім ушчалопку паміж разбураных дамоў. Тут калісьці цэмэнтовыя жалабы з краскамі аддзельвалі вуліцу ад будоўляў. Усходкі на паверхі ўздымаліся адразу з ушчалопку, што, здаецца, увасоблівалі яму часіну пачуцьця: адзінна свабодная асталася кожнаму чалавеку на сьвеце працавітасьць дзеля дабрабыту. А цяпер тут камяніцы разбураныя і пляц-ушчалопак напалову завалены друзгамі, быццам крушні вырасьлі зь зямлі.

— Сяргей! — клікнула жанчына, і Травянец схамянуўся, ён ужо даўно-даўно ведаў гэты голас. Ён азірнуўся спаквольна. Жанчына з саначкамі, накладаванымі пашчанкамі, назьбіранымі ў руінах на дровы, нярослая і старэнькая, хуталася ў ваўняны шалік, моршчылася ад маразянага подзьмуху, уторыста захінаючы аблічча рукавіцай.

— Што робіш тут? — спыталася яна.

Травянец незадавольна махнуў рукой, яшчэ раз, без асаблівай патрэбы, зірнуў на руіны-сюжэт для будучага малюнка, пайшоў да жанчыны.

— І дзень сяньня! Цэлы дзень вайсковая рамантыка! — ідучы да жанчыны, прагаманіў ён злосна. Яна ж радасна і шчасьліва, адвярнуўшыся плячыма насупраць подзьмуху, глядзела на Травянца. У старых, але па-жаночаму чыстых вачох, глядзелася лагодная праўдзівасьць любасьці да чалавека, зь якім у мінуласьці шмат што перажылося і адчулася.

— Чаму ж ізноў не прыходзіш?.. У гэту нядзелю наш Віктар жэніцца — прыходзь.

— Фу ты! — усьміхнуўся Травянец. — Сяньня не магу — ужо ў Самапомачы наслухаўся пра каханьне...

Але яна быццам не пачула яго, працягвала гаварыць.

— Віктару ўдалося ў немцаў працу атрымаць — інжынэрам працуе ў іх. Ты ж ведаеш, ён інжынэр... Прыходзь, Сяргей! Будзь бацькам! Не цурайся нас!..

Ейны голас сыдрыгнуўся. У ейнай душы зноў, як і раней, ачуняў боль. Яна не магла ўтайкаваць сьлёзы, скрозь іх глядзела на аброслага, бы жорсткага, неахайнага Травянца.

— Хадзем — пабудзь хоць часіну з намі.

Яна ўзяла яго за руку — гэтак была велікома жаласьлівасьць і любасьць да мужчыны, што ўхіляўся яе і сына. Ён моўкнуў, пазіраў бяздумна на засьнежаную Сьвіслач. Ён быў ня ў здолі супраціўляцца, не знаходзіў рашучасьці зналусна адмовіць усё тое, што яму не падабаецца. Наогул ён не любіў лішніх цярпеньняў і перажываньняў, што апрыкла апыноўвалі яго ў ліку нейкіх, незалежных і дзікаватых, людзей. Аднак ніколі не спрынукваў кагосьці да ахвярнасьці дзеля яго. Жыў завельмі справядлівым да сябе, а таксама да іншых. Гонар жыцьцёвае рыньвы засьцінаўся прапановамі самаволі асобы ў агульным абавязку да грамады. Трохі выглядала, як пераканальны гонар мастака ў мастацтве.

— Сын рос безь мяне — пры чым я? Я ж катаргу гадаваў...

— Хадзем да нас... Сын любіць цябе.

Яна лёгка, па-юнацку паспрабавала павесьці мастака, а другой рукой стурзанула наскладаваныя саначкі. Яму сталася сорамна: трэба хоць памагчы цягнуць саначкі, хоць бы, прынамсі, да ганку іхнага дому.

— Хадзем — я памагу табе, — прапанаваў ён.

Аддала вяровачку. І тэй часінай у баязкасьці зноў ня бачыць дарагога старэчу і бацьку сына, яна сказала:

— Кінь усё тут, толькі хадзем да нас! Кінь!..

Ён ятрыста цягануў саначкі.

— Фу ты — марозіць як!

Подзьмух зімовага ветру рабіў адчуваньне далёкасьці сусьвету, атрэпляваў іхную вопратку. Яны ішлі па вуліцы, цягнучы саначкі, як паміж сьнежных далоняў.

— Небывалая сьцюжа, — сказала яна з трывожным, прыгнечаным позіркам.

Калісьці ў яе жылі пэўныя намеры: жаніцца з таленавітым мужчынам. Яна верыла ў сужэнскую прывязанасьць, што ейная жарсьць прычыніцца шмат чым прыгодным у жыцьці з чалавекам, зь якім будзе за розум нікаць свой век. Яна бралася за жыцьцё будучае, як спадкаемец пераймае па кімсьці спадак. Аднак памылілася. Мастак прызнаўся ёй:

— Я потым скажу, ці варта з табой аж да сьмерці жыць...

Яна пазнала тады першыя няшчасьці — няпэўнасьць у жыцьці. Мастак ніяк ня мог адвыкнуць ад моды вольнага каханьня. Ён час ухіляўся яе, бы хітры майстра ад умовы.

Аднойчы, у нядзельны дзень, яна пазьдзекавалася зь яго. Яна спыталася ў яго:

— Чалавеча, чаго прыйшоў сюды?.. Кажуць, вы мастак? Дык, калі ласка, разьбярэцеся, што прыгожае ў маім непрыгастве ёсьць?..

Кепліва сьмяялася, надзіла неадступна, як цыганка ў танцы, крутануцца перад ім, глядзець у ягоныя вочы, захоўвалася гэтак, быццам мацярынская прывабнасьць у жынчыне сталася аб'яўная і па-свойму жывуча-рухлівая.

— Фу ты — вясёлая ўдава!..

— Так, так, дарагі сужэнец, інакш ня можна — мо' перажэнімся?

— Перажэнімся... абавязкова перажэнімся!

І яна верыла, а Травянцу надалей аставалася зразумела: ён поўнасьцю не ўнікаў у пачуцьцё сужэнкі, у пачуцьцё, якое неспадзеўна жадала ягоных пешчаў і наўветнасьцяў.

Некаторае прыйсьце да хаты яны апынуліся сярод двух натоўпаў: з аднаго боку вуліцы ішлі да гета жыды, з другога — з артылерыяй коннай рухаліся на фронт вайсковыя аддзелы немцаў. Водар жыдоўскае грамады, пырхканьне стомленых коняў, скрыкі жаўнераў на незразумелай мове, рыпеньне і лязгат ворчакаў урываліся ў зімовы подзьмух ашчарэплівасьцяй людзкога буяньня. Здавалася, усе, пераможцы і пераможныя, уцякалі, адыходзілі ад бывалых мясьцінаў спакою ды радасьцяў, цяперака яны нікому не патрэбныя — ім люба небясьпека.

— Як добра, што наш сын не на вайне, — мінуўшы людзкую гурму, сказала жонка Травянцу шчасьлівым выказам.

— Вельмі добра, — адказаў Травянец, з абавязкам толькі адказаць ёй.

Яна працягвала гутарку. У яе была зайздрасьць мацеры: усё дзеля сына.

— Як хутка мінаюць гады. Учора дзіцянё быў, а сяньня глядзі— ужо жэніцца... Які добры і мілы ён!.. Сяргей, ён любіць цябе, ён заўсёды спамінаў цябе... калі ты ў першы дзень зьявіўся дадому, а ўвечары дзесьці зьнік, зьбіраўся шукаць цябе... Як шчасьліва — ты зноў знайшоўся!

— Але ж марозіць! — няўступна адказаў Травянец.

У хаце апрача двух акварэлевых эцюдаў, намаляваных Травянцом, усё было незнаёма. Кніжная паліца стаяла ў кухні... Усё ня так цяперака. Вушакі ваконьньняў патрэскаліся і пачарнелі. Травянец аглядзеў пакоі, абышоў іх, як добры гаспадар.

— А тут будзе сын з жонкай жыць. Чым магла і прышлося абставіла іхную гасподу.

— Слава Богу — хай жыве! — сказаў Травянец, але ў сынаў пакой не ўвайшоў.

— Сяргей, даруй яму. Ён гэтак сказаў тады таму, што ня ведаў цябе, ён жа, калі выслалі цябе на катаргу, горкім дзіцём быў...

— Няўжо ты падчас маёй адсутнасьці нічога не гаварыла пра мяне, не прывучала любіць свайго бацьку?

— Гаварыла, Сяргей, шмат гаварыла! Успамінала... праўда, як падрос, я рэдка спамінала цябе, бо ж ня ведала, ці жывеш на сьвеце... Ды і час не такі быў, каб журыць юнака благім... Ці варта пра гэта ўспамінаць? Ягонаму посьпеху ў службе і ў вучобе магло перашкаджаць...

— Можа... можа, — адказаў Травянец, быццам пагаджаючыся з жончынымі меркаваньнямі.

Тое, што здарылася з Травянцом, мінула, а цяперака, аж да сьмерці, ёй хацелася разам зь ім думаць, захапляцца сынам. Якія клопаты ды рупнасьці, пастараўшыся, яна магла адшукваць у жыцьці? Ужо адышлі дні, што некалісьці непрадбачна яе, маладую, апыноўвалі ў розных похапках шчасьця і смутку. Яна сама выгадавала сына. Часам зьдзіўлялася, як кожная адзінотная жанчына, пакінутая з маленцам: ейны сын стаўся выраслым ды мужайным мужчынам. Яе крыўдавала, што ён жэніцца, што ён не маленькі ўжо. Божа мой, ён зусім іншы! Кахае жанчыны, будзе называць чужую жанчыну дарагой!

Травянец сеў.

— Распранайся, Сяргей, — дамоў прыйшоў.

Яна шчыра ўсьміхнулася.

— Хутка і сын з працы прыйдзе. Ён больш ніколі ня скажа: гляджу на вас, як доктар на хворых у бальніцы. Я думаю, ты за гэта не пагневаўся?.. Я зраблю ўсё добра...

— А чаму ж і не пагневацца за гэта? Сустрэць гэткімі словамі роднага бацьку?

— Даруй, Сяргей! Ты ж бацька ягоны. Ты мусіш хоць з мной астацца... Ён жа жэніцца...

Яна ўсхліпнула... Накіравалася да кухні.

— Я зараз вячэру прырыхтую вам, — адклікнулася яна стуль і, нашчапаўшы лучыны, запаліла ў пліце дровы перамешаныя з кускамі торфу.

Неўзбаве зноў вярнулася да Травянца.

— Распранайся!.. Падумай: толькі мы адны і ёсьць твае. Ты састарэўся, старая і я, куды нам бяз помачы сына?

Травянец глянуў на яе. Якая недарэчная яна! Ногі, бы не ступаюць, а сунуцца, падстаўляюцца пад ейную прыгнутую постаць. Яго зачэпліваў эгаізм эстэта, вечнага юнака, адвечна ўражлівага. Але ў жончынай гутарцы, у зваротах захоўнасьці яшчэ жыло шмат мінулага: пачатнае, узьніклае разам з азначаным характарам быць адзінакавым аж да сьмерці.

— Распранайся, — зноў папрасіла яна і падышла памагчы распрануцца. — Я прынясу твой касьцюм — ты ж у ім вянчаўся...

— Дай мне агледзецца... справіцца з самім сабой... не турбуйся ўспамінамі.

— Добра, Сяргей — я пачакаю... Ах, як хутка мінула маладосьць! Глядзі: наш сын жэніцца... Памятаеш, як ты насьміхаў ся зь мяне, калі цяжарная была? Напэўна, не забыўся? Я ўсім паказвалася, бесьперастанна чытала кніжку «Наказы цяжарнай жанчыне», бо ж ты ведаеш, а можа дагадваесься, чаму я гардзілася гэтым — ты ж іншых кахаў... А сын вырас, жэніцца...

Яна перарвала размову, пабарзьдзіла да кухні. Там закіпела страва, выбегала на плітку, шыпела.

Травянцу падумалася без дакоры сумленнасьці ягонаму мінуламу жыцьцю сужэнца:

— Фу ты, бястронная — а ніяк свайго падданага не забудзе!

У ім абуджаўся ўсё больш і больш эгаізм мастака. Рабілася ў сэрцы ня натва. Як магла яна сказаць: і ты ўжо стары, а сын будзе нам помач?

— Не! — прагаманіў ён і пайшоў таксама да кухні.

Яму ўверылася: жонка і сын у здоле даваць толькі спагаднасьць, але прывязнасьці паміж імі ніколі ня будзе. Некаторага дня жонка можа зноў сказаць яму: «Начорта мне твае стылі, шуканьні! Малюй, каб людзі купляць маглі, а ў нас грошы вадзіліся».

Ім завалодала адольлівая цьва: дагнаць тое, што не па ягонай віннасьці прапусьцілася ў жыцьці. Ён ясьвіў сваё існаваньне існасьці, тае існасьці, што неспадзеўна духатворыць табе, цеміць пачуцьцё неабходнасьцяў сьвядомасьці азначыць жыцьцё людзтваў у абразох малюнку гэтак, як жадалася, гэтак, як летуцелася. Ён ахінуўся спалукай адзінства душы і цела — моцай і воляй тварэньня.

— Сын любіць мае стравы, будзеш і ты любіць. Мы цяпер яшчэ больш бяскемныя.

Яна прынятна мяшала ў чугунку страву, падсыпала соль і прыправы.

Травянец загаварыў пра іншае:

— Каб міла ўспаміналася пра мяне, успамінай адно — наша мінулае сумеснае жыцьцё. Усё астатняе лішняе, зусім непатрэбнае... Жывеце, а я хачу адзіноцтва... Бывай! Прывітаньне сыну. Пацыент прыйшоў і адышоў, скажэце яму!

Апошнія словы Травянец казаў на хаду, прастуючы да дзьвярэй. Жонка зьбянтэнжылася, толькі пазірала ўсьлед яму... Апамятаўшыся, яна ўбачыла на часіну на рагу вуліцы Травянцову постаць, усю ўтуленую ў старое, злахмочанае паліто. Яна не адышлася ад вакна. Парожняй глыбінёй вачэй глядзела ў адно і тое месца, скуль завярнуўся на другую вуліцу Травянец, ейны муж. На знадворку подзьмух аціхаў. Заходні небакрай пачынаў ясьніцца перадвячорнай шугнасьцяй. Неўзабаве яна ўбачыла сына. У галаве ад прыліву крыві зазьвінела. Ейныя думкі сабраліся.

— А можа, лепш, што ён пакінуў нас, — падумала яна пра Травянца.

Убачыўшы сына, дарагога і любага, спадзеўнага для ейных старых год дажыць спакойна побач яго, ёй зразумелася, што Травянец усяго толькі як памятнасьць пра знаёмага чалавека. Яна ведала, што калісьці першыя падступы зачараваць яго былі матэрыяльныя, а каханьне, што зьявілася пазьней, ці не перажываньне шчасьця і радасьці жыцьця — сумленнасьць астацца ўдзячнай.

Праз паўгода пасьля ссылкі Травянца на катаргу яна жыла з другім, які за месяц перад вайной памёр і пра якога Травянец нават ня ведаў. Жыцьцём з другім ёй жадалася помсьціцца Травянцу за мінулую няўважнасьць да яе, за сужэнскую здраду; цеміць яго бясьсільным, мізэрным чалавекам, што ня здолеў абараніць сваю работу, свае мастацкія стылі, а дайшоўся быць катаржнікам...

Зноцік у адмен пісьменьніцы Стаполі чытаў доўга. У сваіх творах ён сумаваў па вясьне ў горадзе, як зьняволены ў турме сумуе па свабодзе. А калі ж хацелася даць тон вастраты думкі ці мудрасьці абавязку, у яго выходзіла:

Што я зрабіць магу,

Што вам сказаць пра іх?

Я ведаю, шкада мне іх.

Гаворачы пра сваё «я», Зноцік не губляў спадзеў пажыць паўнатой жыцьця. Ён бы не рабіў промахаў. Яму падабалася сваё. Яму аплядыравалі. Журналіст пачынаў першым, задавольна пазіраючы на Зноцікаву жонку. Гэтакая лёсьць на іхных абліччах можа быць толькі ў людзей, што памагаюць адзін другому!

— Журналіст ажно цьвіце, — шапнула Алена Адамчыку, яна была знаёмая з журналістам. Ён пісаў да розных выданьняў у беларускай мове падчас акупацыі немцамі, а раней у савецкіх перад вайной.

— Кажнаму сваё, — адказаў Адамчык. — Я ня ведаю яго.

Алена зноў да Адамчыка:

— А дзе ж Травянец?

— Не відаць — мабыць, пайшоў.

— Хадзем і мы адгэтуль. Чаго сядзець тут?.. І скуль у Беларусі набраліся нацмены? Куросаньн е знайшлі ў нас і свае і чужыя...

— Не разумею цябе.

— Хадзем — я потым растлумачу. Хадзем адгэтуль.

— Можаш і цяпер сказаць.

— У нашай літаратуры нацмены аселі.

— Дзякую! — так сабе адказаў Адамчык.

Заапладыравалі зноў. Зноцік скончыў дэклямаваць і чытаць. Але яму бы мала было собскіх уражаньняў, падумалася, што праслуханае могуць не зусім дацаніць. Каб ляпей успрынялося яно, ён зьявіўся да гасьцей:

— Дарагія, ужо колькі год мінула ад часу майго прыезду ў Беларусь, але з кажным днём усё больш і болей ня хочацца пісаць па-беларуску. Над маімі вялікімі натхненьнямі зьдзекаваюцца беларусы. Дам вам адзін горкі прыклад: тут у Менску жыве і жыў раней мастак Травянец, пра яго, хоць і вайна, ідзе слава, яго ці ня кожны мянчанін ведае толькі за тое, што ён вельмі кранае сваімі малюнкамі нацыянальнае пачуцьцё беларусаў. Дык вось, ён аднойчы сказаў мне: каб быць чужынцу ў славе сярод нас, трэба з поўнай шчырасьцяй ажыцца з нашым народам, трэба аж да сьмерці думаць па-нашаму... Шкада, што ўжо пашол адсюда...

— Ганьба, смаргачу! — усхапіўся Саболік і, уцьвелены пачутым, зноў сеў на крэсла, шырока растуляючы ногі.

— Дзякую за памогу, — адудзячыў Зноцік Саболіку і працягваў: — Час зьмяніўся. Калі няма маёй славы ў Беларусі, мая слава будет у будучай Расеі. Час мяняецца, гаспада! Я шкадую, што Травянец не пабыў тут да канца сходзінаў. Я ў прысутнасьці вас сказаў бы яму: час мяняецца, гаспадзін мастак — вось какой мой залог!

Зноцікава нараканьне згубіла эфэкт, бо якраз, калі ён жадаў скончыць зварот да гасьцей вершам Пушкіна «Да Чаадаева», Арэмчык, таксама порстка ўзьняўшыся, абвясьціў:

— Спадары, Травянца я не запрашаў сюды, аднак ягонае імя чуў, дзякую фраў Сконтаў, купіў у ейным магазыне два Травянцовых палатны алеем...

— Убіць гадаўку! — умяшаўся салідарыст Траяконяў нямоцна. Яму адпавядалі ягоныя правілы захаваньня. Ён ведаў, чаму ён тут знаходзіцца. А Зноцік, наадварот, у яго быў свой інтарэс.

— Удзячан, спадары! Бывайце, беларусы! Задавальняйцеся сваімі нацыянальнымі пачуцьцямі!.. Я пісаў дзеля вас... Я з маёй дарагой таварышкай жыцьця галадую, а вы нават не падумалі памагчы нам... дзякую!

Зноцік, прытрымоўваючыся за стол, сеў. Па ягоным усхваляваным абліччы сьлізгануў пот — аб'яўнасьць незадавальнень ня, што было ў яго даўно. Цяжкая часіна! У ім яшчэ жыло юнацкае парываньне да славы. Колькі перажылося гэтых дзівосных, адчувальных вёснаў! А ўсё тое самае: нерасьцьвіцелая, непрызнаная творчасьць! Калі толькі ёсьць Прывіднасьць, то пачаць яго можа здарэньне або выпадак. А тады вынік залежыць ад тваёй здольнасьці здабываць іншыя выпадкі і нагоды папоўніць прызначнасьць ці то асабістымі дзеямі, ці то спрытным розумам падтурхоўваць іншых дзеля тваёй славы. І некаторае калісьці рабілася і робіцца цяпер, аднак усё па-ранейшаму: старое, непрыхільнае ягонаму наканаваньню.

— Якія беспасрэдныя людзі беларусы, — пераканаўся Зноцік. Але, бяседуючы з жонкай і аднадумцамі, ён сьмяяўся з тых, што падобныя, як Травянец, хацелі ад яго такту паважлівасьці да людзей іншае Айчыны. Калі імкнуцца да славы на чужацкай краіне, дык трэба навучыцца адчуваньню зьместу жыцьця няроднага народу, прыйсьці бязьвінным і сарамлівым у захапленьні любовяй гісторыяй гэтага народу, карцець іхнымі імкненьнямі ды спадзевамі. А собская, родная тады павінна стацца як страх брутальнасьці.

— Гэткім Міцкевіч, гэткім Касьцюшка пайшоў да палякоў,— сказаў калісьці яму Травянец.

Зноцікава кроў успалымнілася — уцешыўся нагодзе, хоць Травянца не было ў залі.

— Калі хочаце ведаць, спадар мастак, я большы, чымсьці ваш Міцкевіч! — натхнёна адказаў ён.

— Фу ты, генэрал бяз зоркі!

— Вы мізэрнік! — пакрыўдзіўся Зноцік. — І папрашу больш не здаровацца, а калі надыдзе патрэба сюжэту дзеля новае карціны, запазычвацца з маіх вершаў.

На літаратурных сходзінах Арэмчыку сталася шкада Зноціка.

— Прашу пісаць і пісаць!.. Мы ўсе, разам падпісаныя, прышлем вам пэтыцыю: тварыць! Для нас тварыць!

Журналіст прыценька ўстаў, пабарзьдзіў да Зноціка.

— Перамогі вам! Зь перамогай, спадар Зноцік! — вітаў ён, шчыра ціснучы паэтаву руку, а тады павярнуўся да ягонай жонкі і таксама паздаровіў яе.

Гасьцей захапіла захаваньне журналіста. Яны падыходзілі вітаць паэта і жонку. Яму скалыналі далонь і казалі словы ўдзячнасьці ды пажаданьні, а жонцы цалавалі руку і вокметна, зірнуўшы ў ейныя шэрыя вочы, усьміхаліся. Яна гардаўліва памахвала галавой, сама падымала руку да цалунку, а пакуль падыходзіў наступны зь вітаньнем, можа, ад будрожнасьці, можа, ад даўнятлівасьці: толькі гэтак люблю — стукала пальцам па брыжу стала.

Арэмчык сказаў Саболіку:

— Вось дык прыняліся — трэба перарваць.

— Няхай! Я таксама за яго...

— Але ж час зацягваецца.

— Кінь дурніць! Дай наглядзецца мне. Ты ж ведаеш, ад гэтакіх неспадзевак я плакаць магу, я чутлівы чалавек... Хадзем і мы прывітаем... Абвясьці перапынак.

Арэмчык абвясьціў перапынак. Сярод шумлівасьці яго ня вельмі слухалі. А між іншым ён паведаміў гасьцям:

— Яго прэасьвяшчэнства япіскап Філіцы пажадаў прывітаць нас хлапчукоўскім хорам. Дзеці ўжо чакаюць на калідоры. Прашу не разыходзіцца.

Усьлед за Саболікам ён пайшоў вітаць паэта і неўзабаве шапнуў Зноцікавай жонцы:

— Хутчэй ідзіце да яе, бо часу няшмат.

Яна пайшла да Алены. На хаду з кішані касьцюму выцягнула старанна складзены ліст паперы. У кароткай часіне, ідучы да Алены, яна адчула зноў жаданьне вялікомым і нязьменна -праўдзівым. На абліччы прыемная мяккасьць настрою.

— Вельмі буду ўдзячная вам за ахвоту пагутарыць з мной,— знаёмячыся, хлусіла Алена. Яна скрытна хвалявалася. Была прычына. Міхась адмовіўся пакінуць раней сходзіны. І толькі пакорлівасьць каханьню да яго патолілі ейную цярплівасьць аставацца тут надалей зь ім. Зрабіць штосьці благое, нават звычайнае апрыканьне, яна зразумела, што было б найбольш болесна ёй самой, чымсьці яму. Яна спадзявалася дамагчыся ад Міхася каханьня, прыгожага і гарманічнага.

Зноцікава жонка паказала ліст паперы, увесь счырканы лініямі, надпісамі па іх імёнаў ды прозьвішчаў. Яна патлумачыла:

— Гэта наша родавае дрэва. Мы ж, паглядзеце на гэтае апошняе прозьвішча, паходзім ад нямецкага пакону. Мы хочым быць немцамі... Навошта нам галадаваць! Вось цяперака, упершыню за час вайны, пад'еўшы добра, гляджу на мужа, на паэта і не разумею, чаму я блізкая яму, навошта жыву ягонай жонкай?.. Мы ўспрынялі рытм, ажывіліся рыфмамі, і наце вам: трэба яшчэ думаць пра хлеб. Навошта? Мы ж — немцы, мы мусім есьці, як яны... Памажэце, калі ласка: парадзьце, як хутчэй дайсьціся нашай нямецкасьці...

— Мне так вясёла тут, так вясёла, што нават ня цемлю, што адказаць вам... я дужа спагадная вам!.. Спадарыня Зноцік, прыйдзеце заўтра ў Дом працы да пакою нумар 20, там якраз турбуюцца пра немцаў, шукаюць іх на Беларусі — добра?

— О, дзякую! Заўтра раненька прыбягу туды. Бо ж дзіўна жыць, як жывем, усё, чым займаецца муж і я — толькі сьмех сапраўдны... сапраўдны сьмех!.. Мы ж не беларусы. Мы ад рускіх — немцы.

— Я разумею вас, спадарыня Зноцік, згаджаюся з вамі: вам ужо надакучала Беларусіка, праўда?

— О-о так! Зусім — так! Як спортам займаемся ўсім беларускім.

Алена ўсьміхнулася, адвярнулася ад яе, села зноў каля Міхася. Ён чуў гутарку.

— Цяпер я разумею твае словы «нацмены беларускія пазыходзіліся».

— У тым ліку і я разам зь імі...

Зноцікава жонка не адышлася. Яна заваражылася сваімі прыхапкамі: быць немкай. Нахілілася над Аленай. Ейныя грудзі ўздымаліся ад добрага настрою, чорныя бровы бы ёрзаліся па лбе, скрозь скрэзьлівы сьмешак уторыла адценіста зьдзеклівыя словы:

— Як спортам... Хі-хі! Як спортам, паверце, займаемся ўсім беларускім!

Ужо толькі адзінотная гутарка з Аленай пра нямецкую спаконнасьць перанесла яе ў сьвет новага жыцьця, у сьвет новага таленту існаваньня. Яна ажно зьбянтэжылася. Госьці гамоняць, ходзяць па зямлі паўзь яе, але ні адзін ня ведае, не падумае пра тую, якая вышэйшая за іх у жыцьці і чысьцейшая крывёй... Яна аддалася сваёй цягаце, забылася, што стаіць упобач Алена, якая нават больш не гаворыць зь ёй. А зводдальку міргаў Арэмчык— прасіў канчаць.

— Прабачце! Я радая за вашую параду. Дзякую!

Яна цісканула Аленіны ўсплеччы, пабарзьдзіла адысьціся да свайго месца. Арэмчык махнуў у бок дзьвераў.

— Упускайце іх!

У залю ўваходзілі дзеці. Ужо даўно перапалоханыя і прызвычаеныя да ўсялякае паслухі, найперша загурміліся каля ўваходу пярэстым статкам. Іхныя маленькія далоні пачалі неспакметна лавіцца паміж сабой, адна за другую. На іхных худых, жоўтых тварыках, скрэпшых ад марознае сьцюжы, зіхнелі толькі вочы — няўлоўна зіркалі на вясёлую гурму гасьцей. Яны былі апранутыя ў розныя вопраткі: добрыя і паношаныя, але найбольш не па іхнай постаці — велікаватыя.

Іх прывялі сюды ажно дваццаць. Сярод іх хлапчукі і дзяўчаты. Імі апекаваўся сам япіскап Філіцы. Вучыў сьпяваць царкоўныя песьні і дзьве расейскія песьні «Зьляці да нас, вячорная зара» і «Куплю сабе сарафан». Некаторага дня ён даручаў вучобу свайму харысту. Тады ім было вальней і па-дзяціннаму весялей. Ён вучыў іх гуляць у беларускія дзяціныя гульні, а разьвітва ючыся, папярэджваў:

— Калі бацюшка спытаецца, што вы рабілі, адкажэце «Ойча наш» сьпявалі.

Бывала, япіскапу Філіцыю рабілася сумна, тады ён пасылаў сьвятара Кіпіка ў прытулак прывесьці дзяцей да сьвятыні. Яны мусілі некалькі разоў прасьпяваць яму «Зьляці, вячорная зара» і кончыць кароткай царкоўнай песьняй. Сам жа ў гэты час садзіўся наўпроць царскіх варотаў алтара, слухаючы, перабіраў на каленях сутану або стрыкаў пазногцямі, чамусьці часта нюхаў іх.

Дзяцей на літаратурныя сходзіны прывёў кіраўнік хору. Ён расстаўляў іх, каб сьпяваць усю тую «Зару». З маленскай паслухмянасьцяй яны станавіліся, дзе патрэбна, рупна па наказу папярэджвалі адзін другога, асабліва дзяўчынкі, пра парадак.

Кіраўнік зьвярнуўся да гасьцей:

— Яго прасьвяшчэнства япіскап Філіцы жадае найлепшых посьпехаў у творчай працы нашых пісьменьнікаў і паэтаў і жадае прывітаць усіх гасьцей, шаноўнага спадара Арэмчыка сьпевам дзяцінага хору.

— Шчыра дзякую! — адказаў Арэмчык.

Шырокім вахам рукі кіраўнік ціха адлічыў адзін, два, тры. Імпэтна выпрасьціў постаць, яму ў адказ з адтутураных дзяціных вуснаў, як рот у рыбіны, адгукнулася песьня. Дбайліва падабраныя галасы сьпявалі суладна-прыгожа... Праз вакно ўрываліся апошнія дзённыя косьвы сонца, кідалі сьцень дзяцей аж да сталоў, да гасьцей, быццам песьня зрабілася чарнявасьцяй, папаўзла да іхных вачэй і рук. Некаторыя слухалі з дурнаватай самазадавольнасьцяй, некаторыя зрабіліся адзінотнымі, не спакмечвалі сваіх суседзяў — у сэрцах сабраныя галасы ў адзін напеў, гучэлі цемлівай блізкасьцяй любові, бацькоўскай спагадай.

— Не-е! Не! — у самую сярэдзіну песьні вырваўся з Аленіных грудзей усклік, уцьвелены і моцны. Яна падбегла да дзяцей, адштурхнула кіраўніка і, колькі магчыма было абняць рукамі, абняла дзяцей. Некаторыя зь іх замоўклі, некаторыя працягвалі сьпяваць раздробненымі галасамі.

— Дзеткі мае! Любыя мае! Есьці вам!.. Есьці дайце ім! — наапошак зьвярнулася яна да ўсіх у залі.

Яна выкарыстала сваю «нямецкасьць».

— Я — немка! Я забараняю сьпяваць!.. Дайце есьці ім тое, што асталося... не пажорлі!

Сьлёзы, зіхрастыя на шчоках, здаецца, торалі тыя самыя словы, словы ейнага сэрца.

Салідарыст Траяконяў, прызвычаены да гэтакіх неспадзяванак, падышоў да Алены. Ён павучыў яе:

— Навошта шкадаваць усялякі спадак ад беларускага зброду? На мароз іх выгнаць!..

— Прэч! — скрыкнула яна.

У гэтага чалавека была адвага супроць падняволеных, але ніколі супраціўнай волі ягонаму пану. Ён падбег да Арэмчыка.

— Пацьвердзіце, я ж за немцаў змагаюся! Пацьвердзіце! — прасіў Траяконяў і цягнуў яго за крысо да Алены. Самаўладная неабходнасьць! — уладарныя выступілі супроць яго! Ён жа ў іх кругу існаваньня!

— Ня трэба лезьці, куды ня трэба... лепш уцякай адгэтуль,— асіпла, па-прасьцяку парадзіў Арэмчык. Але Траяконяў заставаўся ў залі.

Госьці пачалі ціхенька зьбірацца адысьці з залі. Саболік замітусіўся ў натоўпе, пакінуў Арэмчыка, цярпліва назіраў ды павучаў іншых:

— Што ж, яна — немка: супярэчыць ёй ня можна...

Але калі б у той час там прысутнічаў Цярэм, ён усёдна сказаў бы пра яе: «Дзяўчына хрысьціяніць, і ня менш і ня больш!»

Адамчык паспрабаваў угаварыць Алену крыху спакволіц ца. І каб падмацаваць станьву здаронага, гаварыў да яе па-нямецку. Аднак яна ня слухала яго, толькі міжчасна сказала яму:

— Ня ўтруджвай прозай. Гутар па-нашаму — не наўмень на зямлі сваёй.

Схватна ўзяла за руку, павяла да стала.

— Хлеб бяры, мяса, доктар, і кажы ім есьці. Беражы дзяцей! Прэвэнтыўную мэдыцыну прадэманструй.

А тады мільгнула да Траяконява, нават аставалася каля яго, пакуль набраў скібкі хлеба і панёс да дзяцей.

Алена не задавольвалася. Мабыць, ад асабістае чутнасьці, мешчаная ў жыцьці, падмаўляла тварыць спагаду. Яе слухаліся. Сіла паводлевасьці асабістасьці ў неспадзеўным прымушала навакол людзей слухацца справядлівасьцяй; ці ў наадвароце: прынукваньне можа апанавацца ўдзячнасьцяй уладарнаму арганізатару. Яно ў некаторым усьцяжы часу не адасоблівае супраціў так не рабіць. Нават свавольныя апыноўваюцца слухаць аб'яўлены распарадак.

Каля выхаду абвясьцілася трывога. Тыя, што хацелі ў мітусьні неспакметна пакінуць сходзіны, вярталіся зноў у залу. Насьцярожліва гурміліся і не зварачалі ўвагі на Алену.

На знадворку страшнела. Саболік самаахвотна пабарзьдзіў памагаць Алене завіхацца каля дзяцей.

Выстралы, бы трэсканьне сьцен, аддаваліся за вокнамі. Палкоўнік Сконтаўт разумеў, што на знадворку нешта творыцца благое. Ён без заміну выйшаў. Госьці адышліся на сярэдзіну залы. Ім пазбаўлялася скончыць дзень спакойна. Быў нячутны гнеў. Не спрыялася пашане, дзеля якой зышліся сюды лікоўна сустрэцца.

Палкоўнік Сконтаўт на вуліцы быў нядоўга.

— Жмудзіны зь немцамі разам ці не заложнікаў вешаюць… на маіх вачох двух хаджанаў на стаўбе падвесілі, — паведаміў ён Гані і Алене ды накіраваўся сказаць Арэмчыку замкнуць дзьверы ў Самапомач.

У залі суздрылася ціхань. Дзеці забыліся на голад. Перасталі есьці. Насьцярожанымі вачыма пазіралі на дарослых, што стаялі каля сьценаў, далей ад вакон. Дзеці неаднойчы бачылі, як да іх прыходзілі жмудзіны ды забіралі з сабой хлапчука ці дзяўчыну або некалькі, заціскалі далоняй рот, несьлі да аўтамабіля— расстраляць каля Перакопскай вуліцы. А калі прыходзілі немцы, яны выбіралі дзяцей, не грубілі зь імі, адвозілі ў Нямеччыну на мэдыцынскія досьледы ці, можа, на што-небудзь іншае.

У ціхату залі Самапомачы даносіліся з вуліцы багатлівая шугата жаўнераў, разборлівыя каманды афіцэраў і перадсьмяротныя скрыкі людзей. Час ад часу ехала зь цяжкім мэталічным скрыгатам панцырная машына; цокалі ядрана капыты коннага разьезду. Жмудзінскія дабравольцы ўскрыквалі на сваёй мове. Хахотна сьмяяліся. Нехта зь іх стукнуў багнэтам у шыбу вакна Самапомачы. Госьці стрыўна шарахнуліся ў куток залы. Старэнькая інстытутка піскнула, звалілася каля шкляных друзаў.

Алена ўпобач з Сконтаўтам, Адамчыкам і Ганяй стаяла на сярэдзіне залі. У нядаўную вясёласьць і радасьць і ў Аленіну незадавольнасьць усьцярожвалася неспадзеўная ціхата пахавальні. Дзеці трымаліся разам. Азіраліся, пазіралі на дарослых. Ведалі і разумелі, што каля іх гуляе вельмі перадышнае ў сваім часе быцьцё.

— Што скажаце, палкоўнічкі, дактары? — загаманіла Алена, быццам яна не жадала слухаць ні палкоўніка, ні Адамчыка, ні Ганю.

— Хадзем на вуліцу, — зьвярнулася да Сконтаўта. — Ты ва ўніформе, ты ж і немец... нацмен беларускі.

Сконтаўт не сьцярпеў. Ён быў чутлівы. У ім абвесьціўся здаровы абавязак уцемнасьці — рассудак.

— Алюся, ня дурні! — злосна адказаў ён. — Дзеля чаго ісьці на вуліцу?

— А вось хадзем, — настоіла Алена. — З мною сьведчань не: немка ёсьць.

У дзялянцы, недалёка ад будынку Самапомачы, жмудзінскія аддзелы сьмерці пакінулі страхотную памяць. На электрычных і трамвайных слупох з наскорліва прыбітымі пярэнчынамі, і нават да дзьвярэй разбураных камяніц, віселі людзі з падвескамі: «Павешаны за мардаваньне немцаў».

Прыбалтыцкія суседзі стараліся. Ім абяцалі беларускую зямлю. Людзі з узьбярэжжаў шумлівае, хвалістае Балтыкі сноўдаліся навакольным разгонам нечалавечае хвалі. Павешаныя жанчыны — падрэзаныя газоны, віселі акрываўленымі лахманамі зь людзкога цела. Перад сьмерцяй маладых жанчын гвалцілі. Задавальнялася родавая жарсьць жаўнераў. Калі хто-небудзь астанецца жывым, як потым будзе глядзець на сваіх народжаных дзяцей?

Каля вогнішча, дзе, мабыць, грэліся жаўнеры, ляжаў расстрэлены юнак папярок дзяўчыны, таксама забітае. Ейны ўзадраны куляй чэрап шчэрыўся ў водбліску вогнішча бялявасьцяй. На аголены ейны жывот былі насыпаны палючыя вуглі. Смуродзіла печаным людзкім мясам. Як падкошаныя ўсялякія краскі на сенажаці, недалёка ад дзяўчыны і юнака ляжалі двое растаптаных танкам дзяцей... Жмудзіны — нацыя маленькая, весьціла сваю хроніку ў разбоі.

Калі выходзілі палкоўнік і Алена, за імі вымкнуў з будынку Самапомачы і салідарыст Траяконяў.

— Меня ждёт долг! Я за вас, немцы! — падцягнуў рэвальвэр наўперад жывата. Ён трымаўся свайго. Ён выглядаў лікоўным. Была пэўнасьць. Яго паважаюць і будуць паважаць гэтыя двое знаёмыя немцы: Алена і палкоўнік Сконтаўт.

Ганя прысела каля дзяцей. Адамчык астаўся сядзець у воддалі. Яму думалася: дзеля чаго ён укараскаўся сувязяй з Аленай. Усё, што яна творыць, ніхто ня ведае. І ці будзе вядомае пахвалай, апрача яго ды іншых сабраных каля Самапомачы?

Ацішэла. На сьценах руінаў салдат у чорнай уніформе, напэўна зь мясцовых, беларускіх, прыклейваў адозву да насельніцтва сталіцы слухаць немцаў. Паведамлялася, што будзе расстрэлена або павешана больш беларусаў за супраціў нямецкім уладам.

— Вернемся. Ужо позна. Хадзем да дзяцей, — парадзіў Сконтаўт. Алена ахамянулася. Узяла яго за руку з асаблівай нарсьцівасьцяй штосьці больш пачуць ад яго.

Ён сказаў:

— Мы паможам ім. Хто захоча, няхай начуе ў Самапомачы, а хто да дому надумаецца ісьці — адвядзем, — мы ж немцы.

— Які ты добры — дзякую!..

— Паганая вайна, — адказаў палкоўнік.

— Пакажыся ты, чалавек, — прамовіла ціха Алена і дзіка хлыснула абаруч паўсплеч палкоўніка.

У залі Самапомачы Арэмчык памог ужо ачуняцца старой інстытутцы. Ён зьбегаў на паверх сваёй кватэры. Прынёс валяр'янкі. Яна жаласьліва ўздыхнула. З падлогі, устаючы, пракарэзіла сваё вядомае:

— Гаспадзін Арэмчык, прадсказваю вам: будете князям Севера-Западнага краю.

Ах, гэта інстытутка! З заўсёды ўтаропістымі вачыма, з абліччам, абшарпаным маршчакамі, не бянтэжылася. Працягвала гутарыць:

— Добры грэх — добры адпачынак цела.

І тады Арэмчык, нават і ня думаў гэтак зрабіць, падхапіў яе пад рукі, моцна здрыгануў ейную старавую постаць. Пасадзіў на крэсла каля таго самага разьбітага вакна.

— Замоўкні! — злосна шапнуў ёй.

Япіскап Філіцы, у поўнай апране, пастукаў да замкнёных дзьвераў; прасунуўся з паўпрычыненых Арэмчыкам і, спакмеціўшы сваю любую артыстку, паманіў яе пальцам. Яна пабарзьдзіла да яго.

— Что, мае чувства пробаваеце, васьпітаваете?.. Наканец-то вспомніў!.. Это ужас! — паскардзілася на япіскапа артыстка.

Ён паклаў абое далоні на ейныя ўсплечы, крыху пахінуўшы аблічча, прыліпна паглядзеў у вочы.

— Навошта хвалявацца? Нам жа нічога... будзь мілая.

Яны абое зь людзкой дрожнасьцяй абмінулі стоўп з двума павешанымі. Увайшлі ў сваю гасподу — у дом мітрапаліта ўсяе Беларусі.

Вісельцы зьвісалі якраз насупраць япіскапавай адпачывальні. Ад подзьмуху зімніка пакратваліся на дратах. Падгнутыя галовы з пачарнелымі абліччамі быццам шукалі, дзе лепш спрыгнуць на адол і зноў пайсьці жывымі.

— Божа мой! — адклікнулася артыстка, уздыхаючы парожнім, прыстойным спакоем.

— Усё прыходзіць і адыходзіць. Амін! — прагаманіў япіскап Філіцы. Зірнуў прытка на артыстку. На ёй была новая сукенка з шырокай выемкай на грудзях; зіхатлівыя пацеркі-бусы на шыі. Ня думаў пахваліць яе, як заўсёды рабіў, а ўспомніў Цярэма: «Чаму ён скратлява адышоўся ад яго — ні слова — калі пачуў ускрык у капліцы на магіліцах?»

У залі Самапомачы ўсе госьці асталіся начаваць. Асталіся і дзеці. Яны ня мелі шчырага значаньня для дарослых. Адно Алена клапацілася з Ганяй каля дзяцей. Падмаўлялі есьці, не палохацца. Палкоўніку дасталося адвесьці журналіста дадому, які адсюль недалёка жыў.

— Гэтым сурова, крытычна я не прынімаюся. Бо што можам зрабіць? Адны і другія твораць, што ім неабходна падчас вайны. Але нам трэба намагацца астацца жыць. Я толькі магу напісаць у сваёй газэце: людзі свае, будзьце прадсьцярожлівыя...

— Спадару, не палохайцеся мяне ў вайсковай уніформе... Увас ёсьць штосьці іншае сказаць?.. Прыймеце, гэта ня быў непрадбачаны выпадак, а наўмыснае забойства, — наўвеціў палкоўнік Сконтаўт і шпарка пайшоў ад яго ў Самапомач. — Вось вашая гаспода! Не разьвіталіся па-джэнтльмэнску.

* * *

Арэмчык запрасіў Саболіка начаваць у ягоных гасподах. Тым днём разам зь ім ён напаткаў іншую непрыемнасьць. На ўсходках да кватэры прыйшлося падняць лістоўку «За сьценамі Менску», бы прызвычайся глядзець на гадзіньнік.

— Зноў да мяне... зьядаюць жыўцом, — паскардзіўся Арэмчык. Гэты раз пачытай і ты... Вось жа здобель ім я!

Саболік — леляк целам і розумам, не адразу зьвярнуў увагу на Арэмчыкаву гутарку.

— Пачытай! — зноў зьвярнуўся Арэмчык. — Аджа, харубы водзяць: ня тое мы!.. А я чалавек зямельны... паступова стрымліваю сябе...

— Пра што гаворыш?.. А-а, «За сьценамі Менску»? Выданьне вызвольнага камітэту на Беларусі?.. Кінь, кінь у печ! Што казаць: кармі гнасьць... Хто напісаў: камуністы ці тутэйшыя незалежнікі?

— Пачытай! Госьці за нас. Нехта іншыя падклалі.

— А я па-свойску вяду: сярод гасьцей нехта нам чужым ёсьць... Каб я сам пераглядзеў ліст тваіх знаёмых і гасьцей, я, можа, хутчэй знайшоў мульлё. Прынамсі, хто такі Адамчык— доктар снуецца каля беларускай немкі?

— Хоць і дрэнна зроблена і пачата мной, але ўсё-такі штосьці пачата, працягваецца... Ня ведаю, а доктар патрэбен нам... Згаджайся з існаваньнем. Годзе думаць блага! Будзь чалавекам. Калісьці Арыстотэль казаў, калі не памыляюся: «Усе погляды неабходны, але яны мінаюць і зноў зьяўляюцца. І самі сабе адмаўляюць...» Я пачынаю зьмяняцца, лінаць, каб узьвялічыць сваю вартасьць адзінотніка. У ходаньні вялікіх дзяржаваў я і ты— адзінотнікі. Вось як трэба думаць... Ты чуў, на поўначы Беларусі пачынаюць арганізоўваць нацыянальную партызанку?

Саболік усьміхнуўся, падгнуў падбародач. Яго ахінула вядомае. Унарсьціся з мной, бо я заўсёды дадумны. На сходзінах пабачылі ды зацемілі ўсё ці не?

— А нічога не пабачылі і нічога не зацемілі. Паслухалі людзей з сваёй кагорты. Кагло!

Саболік паглядзеў на Арэмчыка, бы на які замёт, што агараджваў выйсьце, атульваў нейкае собства патаемнасьці. Ён праймаўся верай.

— Усе камуністы і нацыянальныя партызаны для мяне толькі рэлігійныя ярэтыкі... Яны не мяркуюць, што зь імі здарыцца,— усплечна адхінуўся ў крэсьле: — Я арганізую, зьбяру беларускую самаабарону...

— Палкай-стрэльбачкай праз плячук абароніш нацыю?

— Але пакажам сваё. Ня ўмешвайся ў маю дзейнасьць-спра ву... Вось скажы: як здароўе жонкі... не патурбую цябе пытаньнем?

Арэмчык неспадзеўна, зусім нядаўна перажыў моцнае ўражаньне ад сустрэчы з калекам каля Сьвіслачы-ракі, зусім нядаўнія сходзіны ў Самапомачы, і тут няўгода гутарыць пра глусьлівасьць напатканую жыцьця ў Менску — пра жонку... Час не купляецца. Ты мусіш быць у ім дастойным чалавекам у посьпехах і няўдачах. Арэмчык яшчэ больш захваляваўся. Паклікаў дамаведку-жонку, папрасіў даць валяр'янавых кропляў. Пяшчотна абняў ды пацалаваў яе. — Дзякую! Ты надзвычайная!

У ім аб'явілася зайздрасьць да жыцьця. Пакінуць пасьля сябе сьляды, якія спазьніліся працівіцца ў ранейшым жыцьці любовяй да дамаведкі-жонкі. Цяпер яно не дэкарацыя захаваньня, а знаёмае ад прыроды. Яна чакае ад яго дзіця. Самая сапраўдная ісьціна! Адмаўляць? Будзе хлусьня, няўцьверджаная вартасьць асабістасьці. «Я адкінуў словы неахайнасьці да яе», — прыхібала яснасьць паводзінаў да жонкі-дамаведкі.

Саболік пазіраў на іх, а тады спратна заявіў: — Людзі, што доўга сьпяць, ня ўмеюць думаць... я іду ўніз, да дзяцей. З табой не ўгаваруся.

* * *

Палкоўнік Сконтаўт вярнуўся да Самапомачы. Вяртаньня ягонага туды не спадзяваліся. Усе спалохліва глядзелі на яго. Нічога не пыталіся. Саболік спакойна, спадлоб'я, згрунела зірнуў на палкоўніка. Ён на ўскраі стала, каля ўваходу, ужо забаўляўся з кастлявым хлапчуком. Пасоўваў па стале паміж талерак і крошкамі еміны расстаўленую далонь у кірунку да хлапчука і нямоцна ўторваў:

— Букі... букі... расьці вялікім.

Хлапчук моўкна глядзеў на ягоную далонь і больш даверліва пазіраў на іншых упобач дзяцей. Саболіка ахінула праўдзівая цярплівасьць быць разам зь дзецьмі на вачох дарослых людзей, што ўжо ад самага пачатку вайны пачалі адчуваць і спатыкаць суровы лёс існаваньня між іхнага імкненьня знайсьці, бадай, купіць час наканаваньня, які патрабаваў узьдзеяньняў ад іх залежных.

* * *

Палкоўнік пасігаў да Алены, Гані і Адамчыка і адразу зьвярнуўся да ўсіх у залі:

— Прабачце нам — мы таксама пойдзем ад вас... не палохайцеся. Я, можа, зноў завітаю да вас... а цяпер адвяду сваю сям'ю дадому.

— Дзеткі, не палохайцеся, — раптоўна ўмяшалася Алена.— З вамі вялікі начальнік астаецца...

Саболік нават не паглядзеў, калі сям'я Сконтаўта, а зь імі разам Адамчык пакідалі залю.

Пачалі спадаць рэдкія сьцюдзёныя сьняжынкі. Дакучлівая шуглівасьць скразьняку між разбураных будынкаў час ад часу зьдзьмухвала мёрзлую пухкасьць сьняжын у аблічча. Абцасы патрулёў вайсковых чутнеліся то ў адным, то ў другім прасьцягу вуліцаў, што прасталі да пляцу Волі. Зусім блізка, гэтак было панура і насьцярожліва ў сталіцы, пачуўся дзяціны скрык: «Мама!». Распачліваму скрыку ніхто не адказаў. Уводдальках— рэха асобнай або чароднай стральбы.

Палкоўнік ішоў побач з Ганяй наўперадзе. Хоць ведаў, што зімна-маразьліва на знадворку, быў апрануты ў вайсковы мундзір. На дзязе шчыльна вісеў падвязаны наган. Не любіў дзеля параднасьці перад невайсковымі людзьмі хадзіць у шынялі… Усьледна палкоўніка і Гані ішлі Алена і Адамчык. Ганя часам падхоплівала палкоўніка пад руку, прыціскала да абмарошчанай сьняжынкамі шубы. Уладзілася пры хадзьбе некалькі разоў пацалаваць яго. Відовішча, нават хадзьба Гані і палкоўніка, цьвяліла Адамчыка. Ён балюча, апрача гэтага, неакавіта праймаўся сутнасьцяй у Самапомачы і дзікім здарэньнем у сталіцы. Спакойнага, раздумлівага не на імгненьне яшчэ больш лавіла, спыняла раздарожжа. Раздарожанае з дадзеным жыцьцём чалавеку, ня можаш знайсьці прыстанку-выйсьця да добрай чалавечай дзейнасьці. Было панятліва, да зарэзу панятліва: паміж вялікіх дзяржаў з пэўнай моцнай палітычнай філязофяй, а цяпер занятых міжсобку вайной, не знаходзіцца месца азначыць самастойнае месца для Беларусі…

— Як добра было б і люба, каб пайшоў дадому зь Цярэмам... што магу сказаць яму потым?.. ці пакінуцца якія-небудзь спадзевы памагчы няшчасным у Менску?

Калі б Алена размаўляла зь ім, Адамчык, можа, не прыводзіў сябе да доказаў так разважаць. Яна ішла побач яго з прыглядным абліччам на адол, бы штосьці шукала запамятаць пройдзенае на адоле. Мажліва, у ейным маўчаньні спакусьлівыя недагляды да ўласнага жыцьця ў мінулым або сучасным? Прапушчанае дагнаць здольнай умеласьцяй і хітрасьцяй, а можа ў яе ўсёнае адбываецца без цяжкасьцяў?

— Мы ідзем за імі, бы не ведаем мясцовасьці, — нарэшце Алена ціха сказала Адамчыку і ня глянула на яго.

Палкоўнік — вайсковы чалавек. Вушы прызвычаіліся да слыху. Пачуў іх.

Дарога ад Самапомачы да кватэраў для цывільных немцаў некароткая. Палкоўнік прапаноўваў пайсьці бліжэйшай вуліцай. У міжсуполку некалькіх уцалелых будынкаў месьціўся будынак Усебеларускага мітрапаліта. Дайшлі. Сьняжынкі барзьдзявілі яшчэ большай гусьцінёй. Чуліся выстралы. Нямоцны вецер скразьніў між развалінаў.

— Гэта ж Травянец вісіць!.. — скрыкнула Алена і пабегла да слупа ў блізасьці гасподы мітрапаліта.

— Куды ты? Вярніся! — паклікала Ганя, астаючыся стаяць каля палкоўніка.

Да Алены першым падышоў Адамчык. Яму адчувалася, быццам ідзе голым, быццам выткнуўся да натоўпу паказацца, як ёсьць складзеная ягоная постаць. У вакне мітрапалітавага дому спакмеціў артыстку. Яна праз адхіны занавесак назірала за імі. Была цікавасьць: немка падышла да вісельца.

Палкоўнік блізу арытмэтычным вайсковым крокам падышоў таксама. Ганя шмагнула ніжэй рукаў футры. Залацісты брасьлет асунуўся на шчыкалатку далоні. Паглядзела на яго. Падсунула глыбей пад рукаў. Толькі гэтым абагулялася, асэнсоўвала ся ёй напатканае. Не падышла да вісельца.

Неспадзеўна з-за рогу вуліцы выйшлі два салдаты-жмудзі ны зь перавешанымі праз плечы цяжкімі савецкімі вінтоўкамі. Палкоўнік спакмеціў іх. Злосна скамандаваў нямецкай мовай: «Раўс!» і нават прыклаўся да рэвальвэра. Жаўнеры цокна аддалі пашану, зноў адышліся за рог цёмнае вуліцы.

З уздоймы слупа зьвісаў Травянец. Яго, мабыць, спаткалі жмудзіны, калі ён выйшаў з дому пасьля спатканьня з сваёй сужэнкай, і павесілі як заложніка. Ён вісеў як самагубец, бы помста ўсяму таму, што не справіўся адолець у агульным жыцьці свайго народу — мастацтвам.

Алена абняла яго абвіслую нагу, заплакала.

— Вялікі ты-ы, — скрозь плач прагаманіла яна.

Доктар Адамчык і палкоўнік адвялі Алену ад нежывога Травянца. Яна паслухалася. Крыху адышоўшы зь імі, скрывіла прыгожае аблічча, з вачыма бы аднольва ўцісьненымі паміж ілбу і шчокаў, пазьдзекавалася дзіка, не па-людзку з Гані, Адамчыка і палкоўніка.

— Дайце мне наган!.. Калі б я была палкоўнік Сконтаўт, я магла б застрэліць любога жмудзіна ці немца… Ах, што з вамі гутарыць! Вы ўсе хаджэньнікі наканаваньня!

Прыпынілася міжзруч Адамчыка і палкоўніка, азірнулася на вісельца. Позірк спаткаўся з паўадчыненымі вуснамі Травянца. Яны чарнеліся чарней, чымсьці зімовы ночны сутaнак.

* Брахалка — так у Менску здаўна называюць бульварчык насупраць цяперашняга Генэральнага Камісарыяту. (Заўв. аўтара.)

1 Мабыць, трэба разумець: credo. Л. К.

2 У гэтым месцы зь нейкае прычыны Ів. Ів. пяць радкоў вычыркнуў. — Л. К. Дадаткі